У Ватыкане перакананыя, што ў Беларусі сталінскія часы

Заснавальнік прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўцы Шчучынскага раёну Аляксей Шчадроў наведаў Ватыкан. Там, паводле яго слоў, добра арыентуюцца ў тым, што адбываецца ў Беларусі, а таму абяцалі паспрыяць яму ў тым, каб зарэгістраваць прытулак як суполку братоў-місіянэраў.



2c5cd96a_5138_40da_ad98_c4b9a8114ef7_w640_r1_s.jpg

З Аляксеем Шчадровым сёньня я сустрэўся ў ягонай Аляксандраўцы на Шчучыншчыне. Пра сваю паездку ў Італію ён распавядае эмацыйна, паказвае здымкі. У Рыме яго сустракалі браты Ордэна місіянэраў міласэрнасьці маці Тэрэзы з Калькуты. Радаваліся ягонаму прыезду, шмат распытвалі пра жыцьцё ў Беларусі.

Айцец генэрал Сэбасьцян разам зь ім быў на прыёме ў сакратара папы Рымскага. Да самога папы трапіць не ўдалося, бо ў гэтыя дні яго не было ў Ватыкане. Праўда, паводле Шчадрова, сакратар папы Рымскага ўжо да іхняй сустрэчы ведаў пра прытулак для бяздомных у Аляксандраўцы і задаваў шмат пытаньняў.

Ён цікавіўся самымі звычайнымі праблемамі, зь якімі бяздомныя ў прытулку сутыкаюцца кожны дзень: за што жыве прытулак, ці ёсьць у людзей ежа, хто дапамагае, ці бярэ ў гэтым удзел каталіцкі касьцёл? А выслухаўшы аповед Шчадрова пра тое, як на яго за адкрыцьцё прытулку заводзілі крымінальную справу, як цкуюць і спрабуюць зачыніць прытулак мясцовыя ўлады, сумна заўважыў, паведаміў спадар Шчадроў:

«Насамрэч у вас сталінскія часы: робіш добрыя справы, дапамагаеш бедным, а табе... Я казаў, што ў нас не было рэгістрацыі, а ён распавёў, што ў Італіі ёсьць суполка, якая 10 гадоў займаецца дапамогай бедным, і не рэгістравалася. Звычайныя хрысьціяне дапамагаюць бедным, наркаманам, алькаголікам, і ўлады толькі падтрымліваюць іх, а не патрабуюць рэгістрацыі ...»

gdb.rferl.org__26f49b84_d7c7_4_4dd63a6816ab0090b223bb7b4147094a.jpeg

У пакоі зь ляжачымі бяздомнымі Аляксей Шчадроў

Аўдыенцыя ў сакратара папы Рымскага працягвалася паўгадзіны. Шчадроў перадаў дакумэнты і статут прытулку сакратару папы Рымскага. Той абяцаў узяць гэтую справу на кантроль, каб каталіцкі касьцёл на Гарадзеншчыне ўзяў прытулак пад сваю апеку.

Папскага сакратара цікавіла — ці шмат людзей на Гарадзеншчыне наведваюць касьцёл, як адбываюцца малебны? Шчадроў распавёў, што малебны ў касьцёлах на Гарадзеншчыне праводзяцца пераважна па-польску, беларускае мовы гучыць замала. Гэта таксама зацікавіла суразмоўцу.

Карэспандэнт: «А ці ведае пра прытулак для бяздомных у Аляксандраўцы папа Рымскі і ці прыняў бы ён вас, калі б быў у гэты час у Ватыкане?»

Шчадроў: «Ягоны сакратар сказаў мне, што, каб я прыйшоў да Папы зь іншай праблемай, то, магчыма, ён бы некаму даручыў ёй заняцца, а калі прыходзяць з праблемай бедных, ён заўсёды сустракае такога чалавека сам. Папа хоча, каб касьцёл быў для бедных і жыў так, як бедныя жывуць. Ён сам жыве вельмі сьціпла, не карыстаецца мабільнікам, ходзіць у звычайных сандалях, жыве ў невялікім пакойчыку, дзе толькі ложак і стол. Ён нават не жыве ў Ватыкане».

gdb.rferl.org__6b1648b2_2805_4_60fcdf2eff5d651918d69355c07be479.jpeg

На хаце, у якой прытулак для бяздомных, — здымак маці Тэрэзы з Калькуты. Ён вельмі не падабаецца старшыні сельсавету, якая ўжо колькі разоў патрабавала яго зьняць

Аляксей Шчадроў апавёў, што размаўляў з сакратаром Папы па-італьянску, мову ён ведае зь дзяцінства. У Італіі жывуць ягоныя прыёмныя бацькі. Некалі малым хлопцам ён езьдзіў у Італію па праграме аздараўленьня чарнобыльскіх дзетак, бо сам рос у інтэрнаце для сірот.

Кожны год на тры месяцы езьдзіў у адну і тую ж сям’ю, якая захацела яго ўсынавіць. Але якраз здарылася няшчасьце з адным беларускім хлопчыкам, і Лукашэнка ў 1995 годзе забараніў пасылаць дзяцей на адпачынак у Італію. Да людзей, якія фактычна сталі яму прыёмнымі бацькамі, ён наведаўся на некалькі гадзін і гэтым разам.

«Яны сабралі для мяне і маіх бяздомных цэлы вялікі чамадан адзеньня. Яшчэ далі грошай, і браты таксама далі грошай, сказалі, што будуць надалей дасылаць гуманітарную дапамогу. Для мяне гэтыя тры дні ў Італіі падаліся як тры гады. Я калі прыехаў да бацькоў прыёмных, прайшоўся па горадзе, зайшоў у касьцёлы — і ўсё пазнаў і ўзгадаў..

Цікаўлюся — як прайшлі гэтыя тры дні для ягоных бяздомных у Аляксандраўцы? Спадар Шчадроў распавядае, што іх даглядаў ягоны сябар зь Менску, а яшчэ прыяжджаў ксёндз з Мастоў зь некалькімі верніцамі і дзецьмі, якія нават папалолі ім увесь гарод.


«Тут, пакуль мяне не было, прыяжджала міліцыя, пыталіся ізноў, на якой падставе ў гэтых дамах жывуць людзі і што яны тут робяць. Зрабілі заўвагу, што яны працавалі ў гародзе — маўляў, вы нічога тут ня маеце права рабіць. Нават прычапіліся да таго, што чужыя людзі прыехалі мне дапамагаць». 

Цяпер у прытулку толькі пяць чалавек, чатыры зь іх — старэйшага веку, ляжачыя. Я хацеў паразмаўляць зь імі, але некаторым нават гэта цяжка. Шчадроў кажа, што за гэтыя дні, як яго не было, у прытулак ізноў наведваліся міліцыянты.

Мы заходзім у пакой, дзе ляжаць чацьвёра старых. Яны не падымаюцца з ложкаў, хранічна хворыя, адзінокія. Адзін зь бяздомных, Аляксандар, даглядае ляжачых і кажа, што вельмі б хацеў ужо пакінуць прытулак, бо прайшоў рэабілітацыю, але ў яго няма ні грошай, ні кватэры, ні блізкіх і родных, і на працу ў мясцовы калгас яго таксама не ўзялі.

gdb.rferl.org__6d130ee9_0316_4_d27665d4278647c318bbdff24b6583ed.jpeg

Спадар Аляксандар прайшоў рэабілітацыю і вельмі хоча ўладкавацца на працу, каб жыць, як усе людзі. Ён чакае, калі нехта працягне яму руку і дапаможа.

 

Аляксандар: «Мне зараз нават усё роўна, якую мець працу, але вось жыць недзе трэба, а няма дзе. Калі ідзеш на працу, трэба хоць нейкі выгляд мець, пагаліцца, душ прыняць. А то што я выйду, як ніадкуль, і хто мяне будзе браць на працу?.

Шчадроў: «Нашы хадзілі раней уладкоўвацца на фэрму — пяць чалавек. Напісалі брыгадзіру заявы, той іх накіраваў у аддзел кадраў. Там патэлефанавалі да старшыні, а яна адказала: з Аляксандраўкі нікога ня браць...»

Прытулак для бяздомных Аляксей Шчадроў стварыў два гады таму. Летась супраць Аляксея Шчадрова ўзбудзілі крымінальную справу за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. Але пад узьдзеяньнем СМІ закрылі яе і зарэгістравалі прыватную сацыяльна-прафіляктычную ўстанову «Павер у сябе». За два гады ў прытулку пажылі больш за 90 чалавек. Яшчэ летась зімой у чатырох дамах жылі 27 чалавек, а цяпер — толькі пяць.

www.svaboda.org