Улады папросяць яшчэ дзевяць краін выдаваць беларусаў, якія расшукваюцца на радзіме

 Афіцыйны Мінск хоча падпісаць дамовы з дзевяццю краінамі пра выдачу беларусаў, якія расшукваюцца на радзіме па крымінальных справах. Пра гэта, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, заявіў міністр юстыцыі Яўген Каваленка, піша Люстэрка.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

«Што да дамоваў пра выдачу магу адзначыць, што ў цяперашні момант вядзецца праца з Венесуэлай, Зімбабвэ, Нігерыяй, Бразіліяй, Камбоджай і Нікарагуа. Гэта краіны, якія на слыху ў рамках нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у рамках узаемадзеяння на палітычным, на дыпламатычным узроўні», — расказаў Каваленка.

Чыноўнік таксама адзначыў, што ўжо ёсць тры дамовы, паводле якіх беларускім бокам усе працэдуры для іх падпісання ўжо праведзеныя — гэта ПАР, Карэя і Шры-Ланка. Міністр не ўдакладніў, пра якую Карэю ідзе гаворка, але, хутчэй за ўсё, пра КНДР.

«Мы чакаем ад нашых замежных партнёраў таксама ажыццяўлення неабходных дзеянняў. То-бок мы рухаемся з некаторым апярэджаннем», — заявіў міністр юстыцыі.

Таксама сёння Палата прадстаўнікоў ратыфікавала дамову пра выдачу з Пакістанам. Цяпер гэтая краіна будзе выдаваць беларусаў, якіх на радзіме абвінавачваюць у злачынствах, тэрмін пазбаўлення волі за якія складае не менш за адзін год.