Урад прапрацоўвае павышэнне працоўных пенсій па ўзросце
Урад Беларусі разглядае магчымасці для павышэння працоўных пенсій. Пра гэта заявіў у Палаце прадстаўнікоў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, адказваючы на пытанні дэпутатаў.
«Па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўрад прапрацоўвае пытанне і адшуквае магчымасці для павышэння працоўных пенсій па ўзросту», — сказаў ён.
Пенсіі апошні раз павышаліся ў Беларусі ў мінулым годзе. Сярэдняя пенсія ў красавіку склала 432,7 рубля. Яна склала толькі 36,2% ад сярэдняй зарплаты, хоць урад імкнецца вытрымліваць гэтыя суадносіны на ўзроўні 40%.
Раман Галоўчанка таксама запэўніў дэпутатаў, што сусветны крызіс не паўплывае на бюджэтныя выплаты насельніцтву. Падушка бяспекі, паводле яго слоў, дазваляе цалкам выканаць гэтыя абавязацельствы.
«Выдаткі, звязаныя з аказаннем якасных бюджэтных паслуг насельніцтву, будуць захаваны. У нас ёсць дакладнае перакананне, што створаная падушка бяспекі дазваляе ў поўным аб'ёме выканаць усе сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы. Ні аб якім прыпыненні або пераглядзе ў бок змяншэння сацыяльных выплат гаворкі быць не можа», — сказаў ён.
Паводле reform.by