«Усё было не дарма». Канал «Страна для жизни» апублікаваў навагодні зварот Сяргея Ціханоўскага (відэа)
Аўтары каналу сцвярджаюць, што атрымалі навагодняе пасланне ад Сяргея Ціханоўскага. У ім ён нагадаў пра падзеі 2020 году, у выніку якіх яго зняволілі.

«Няхай я сяджу за кратамі, я ведаю, што ўсё было не дарма. Прашу вас у наступным годзе працягваць барацьбу, каб хлус і злачынца апынуўся ў турме, а ўсе пацярпелыя ад рэпрэсій рэжыму — на свабодзе», — цытуе зварот Ціханоўскага Радыё Свабода.
Ціханоўскі заклікаў не даць падмануць сябе папраўкамі ў Канстытуцыю.
У сваім віншаванні ён сказаў, што ранейшай, «несапраўднай» Беларусі ўжо не будзе. І што «разам мы пабудуем сапраўдную краіну для жыцця».
Ён заклікаў сваіх прыхільнікаў не страчваць веры.
«Я ганаруся тым, што я беларус, ганаруся ўсімі вамі і ганаруся сваёй любімай жонкай».
Зварот заканчваецца словамі «Вы неверагодныя! Жыве Беларусь!».