Уступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю непазбежна
"Уступаць ці не ўступаць у СГА для Беларусі ўжо не стаіць пытаннем”, — сказала даследчыца Інстытута эканомікі Акадэміі Навук Беларусі Ірына Калеснікава на канферэнцыі ў Варшаве, прысвечанай перспектывам і праблемам уступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.
Даследчыца адзначыла, што большасць краін у свеце ўжо з’яўляецца членам СГА і для Беларусі гэты працэс з’яўляецца непазбежным.
— Практычна ўсе партнёры па гэтым Еўра-Азіяцкім звязе альбо ўжо чальцы СГА, альбо стануць імі ў самы бліжэйшы час. Такім чынам, уступаць ці не ўступаць у СГА для Беларусі ўжо не стаіць пытаннем. Беларусь проста мусіць гэта зрабіць. Ёй даражэй будзе не ўступіць у СГА, чым уступіць, бо для беларускага экспарту адкрыецца не толькі расейскі рынак, але і рынкі іншых краін-чальцоў СГА. Неабгрунтаваныя санкцыі краіны-чальцы СГА не змогуць прымяняць у дачыненні да Беларусі, калі тая будзе чальцом гэтай арганізацыі.
Ірына Тачынская, даследчыца цэнтра ІПН у Беларусі, прадставіла вынік даследаванняў, праведзеных над стаўленнем беларускіх прадпрыемстваў да СГА.
— Вельмі магчыма, што ўступленне Казахстана ўжо трошкі паскорыць гэты працэс. І для нас гэта таксама важна, бо гэта магчымасць пабачыць, на якіх умоваў уступае Казахстан.
Канферэнцыя праходзіла ў будынку прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Польшчы.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара