Вадзім Дзевятоўскі: Мы не запрашалі расійскага актора, які страляў на пазіцыях ДНР

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі абверг інфармацыю пра запрашэнне расейскага актора Міхаіла Парэчанкава на адкрыццё міжнароднай матчавай сустрэчы юніёрскіх зборных, піша «Радыё Свабода».

0f53d2a5_33ea_4539_8ca8_dc268d7e7eb2_w1023_r1_s.png


Партал Tut.by паведаміў, што Федэрацыя лёгкай атлетыкі запрасіла на турнір актора, які страляў з кулямёта на баявой пазіцыі ў самаабвешчанай ДНР.

Паведамленне пра гэта было размешчана на старонцы федэрацыі ў фэйсбуку. Фатаздымак Парэчанкава суправаджаў подпіс: «Міхаіл Парэчанкаў вітае ўсіх спартоўцаў, якія возьмуць удзел у Міжнародным лёгкаатлетычным матчы сярод юніёраў. Мы вітаем Міхаіла на беларускай зямлі!».

Пад гэтай публікацыяй з’явіліся абураныя каментары чытачоў.

Пазней гэты поcт быў выдалены.

«Гэта непаразуменне, бо, натуральна, Парэчанкава ніхто не запрашаў, гэта зразумела. Таксама мы ўжо ўсё напісалі наконт гэтага ў сацыяльных сетках. Гэта канкрэтны фэйк, проста глупства», — сказаў карэспандэнту Свабоды Вадзім Дзевятоўскі.

У 2014 годзе Міхаіл Парэчанкаў наведаў самаабвешчаную Данецкую народную рэспубліку. Шырокі рэзананс выклікалі відэакадры, дзе Парэчанкаў у касцы з надпісам «Прэса» страляе з буйнакалібернага кулямёта, знаходзячыся на адной з баявых пазіцый сіл ДНР у данецкім аэрапорце. Пасля гэтага ва Украіне на актора завялі крымінальную справу. Па версіі кіраўніка МУС Украіны, Парэчанкаў «асабіста ўзяў удзел у абстрэле падраздзяленьня ўкраінскіх Узброеных сіл».

«Маладыя спецыялісты ў прэс-службе, у сацыяльных сетках нават паняцця не мелі, што такія могуць быць меркаванні пра актора. Яны яго ўспрымалі проста як актора. Ён праходзіў побач, і яго папрасілі, каб ён прывітаў удзельнікаў спаборніцтваў. Яны яго проста ведалі як вядомага актора, не ведаючы пра яго нейкія дзеянні, якія былі фэйкам ці не, гэта ўжо трэцяе пытанне. Мы зрабілі ўжо заяву наконт гэтага, гэта проста збег абставінаў», — сказаў Вадзім Дзевятоўскі.

Вадзім Дзевятоўскі яшчэ раз паўтарыў, што Парэчанкава ніхто не запрашаў, маўляў «як лёгкая атлетыка можа запрашаць актора?».

Паводле Дзевятоўскага, Парэчанкаў жыве ў тым жа гатэлі, дзе жывуць атлеты і дзе месціцца акрэдытацыйны цэнтар. Ён сказаў, што пост у сацыяльных сетках будзе выдалены і там з’явіцца тлумачэнне наконт сітуацыі.

www.svaboda.org