Валянцін Стэфановіч: За ціск і пагрозы ў бок Марыі Калеснікавай павінна быць узбуджаная крымінальная справа

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа з просьбай узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб, якія датычныя да затрымання і ціску на сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву.  

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Стэфановіч у сваім звароце піша, што ў паведамленнях шэрагу СМІ за 10 лістапада ўтрымліваецца інфармацыя аб тым, што, паводле слоў М. Калеснікавай, 7 верасня яна была затрыманая невядомымі асобамі ў цэнтры г. Мінска і дастаўленая ў кабінет начальніка ГУБАЗіК МУС Карпянкова М.М., у якім прысутнічалі таксама намеснік міністра МУС Казакевіч Г.А., начальнік ААЦ Паўлючэнка А.Ю.
Падчас правядзення “размовы” дадзеныя высокапастаўленыя службовыя асобы абражалі і запалохвалі М. Калеснікаву, у тым ліку пагражалі ёй забойствам у выпадку яе адмовы пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
“Агучаная М. Калеснікавай інфармацыя аб акалічнасцях яе затрымання, запалохвання і ціску на яе з боку дзяржаўных асобаў МУС, спробаў яе недобраахвотнага выдварэння за межы краіны ўказваюць на наяўнасць складу злачынства ў дзеяннях начальніка ГУБАЗіК Карпянкова М.М., намесніка міністра МУС Казакевіча Г.А., начальніка ААЦ Паўлючэнкі А.Ю, у тым ліку — перавышэнне імі сваіх службовых паўнамоцтваў”, — лічыць Валянцін Стэфановіч.
А паколькі адной з падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы згодна з ч.4 арт 166 КПК Рэспублікі Беларусь з’ўляецца паведамленне аб злачынстве ў СМІ, праваабаронца просіць Генеральнага пракурора правесці праверку выкладзеных у заяве фактаў і ўзбудзіць крымінальную справу.
spring96.org