Вашынгтон патрабуе ад Дэлі тлумачэнняў наконт прыезду Аксёнава
Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента Джэніфэр Сакі выказала занепакоенасць тым, што ў складзе дэлегацыі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна пад час візыту ў Індыю знаходзіўся кіраўнік анэксаванага Расіяй Крыму Сяргей Аксёнаў.

Паводле яе слоў, Міністэрства замежных спраў Індыі патлумачыла, што яму нічога не вядома аб прысутнасці Аксёнава ў складзе дэлегацыі.
«Мы чакаем дадатковых тлумачэнняў з гэтай нагоды», — сказала яна.
Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства Украіны, Аксёнаў ўваходзіў у склад афіцыйнай дэлегацыі прэзідэнта Расіі ў ходзе яго візіту ў Індыю. Ягоны прэс-сакратар таксама паведаміла, што
Аксёнаў знаходзіцца ў Дэлі з першым міжнародным візітам у якасці кіраўніка рэгіёну. Паводле прэс-сакратара, якога цытуе «Інтэрфакс», Аксёнаў падпісаў мемарандум аб узаемадзеянні
паміж кіраўніцтвам Рэспублікі Крым і арганізацыяй «Індыйска-Крымскае партнёрства», у якую ўваходзяць прадстаўнікі дзелавых колаў Індыі.
svaboda.org