Васіль Парфянкоў на волі!

Асуджаны за свае палітычныя перакананні і актыўную грамадскую дзейнасць Васіль Парфянкоў быў вызвалены з папраўчай калоніі №9 у Горках у сувязі з адбыццём тэрміна пакарання ў адзін год.



Каб перашкодзіць сустрэчы Васіля з сябрамі і паплечнікамі ля брамы калоніі, былога палітвязня супрацоўнікі адміністрацыі калоніі вывезлі цягніком ў Оршу. Туды і паехалі сябры і журналісты.

Васіль сказаў, што асаблівай радасці ад вызвалення не адчувае, яму прызначылі прэвентыўны нагляд на год: “Я нібыта выйшаў не на свабоду а толькі за агароджу калоніі ў яшчэ большую калонію”. Тым не менш Васіль сказаў, што намераны далей змагацца, каб Беларусь стала вольнай і дэмакратычнай.

Нагадаем, улетку 2012 году Васіль Парфянкоў асуджаны на 6 месяцаў знаходжання ў арыштным доме за парушэнне правілаў адбыцця хатняга прафілактычнага нагляду, які быў накладзены на яго за ўдзел у 2011 годзе ў акцыях салідарнасці з палітвязнямі. Змяшчаўся ў Светлагорскі ЛПП.

Напрыканцы 2013 году за парушэнні правілаў нагляду асуджаны на год зняволення, якое адбываў ў калоніі ў Горках.

Васіль Парфянкоў не прызнаваў сябе вінаватым і адмаўляўся выконваць патрабаванні адміністрацыі. За шматразовыя “парушэнні ўнутранага рэжыму” Васіля рэгулярна змяшчалі ў памяшканне камернага тыпу альбо штрафны ізалятар.