Віктар Цярэшчанка: З удзелам у выбарах вызначуся да 10 красавіка

  Экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка распавёў пра свой магчымы ўдзел у парламенцкіх выбарах.



75f3d6c8_f667_435f_afd3_15a2147eeee5_w900_r1_s.jpg

Нагадаем, што кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка быў шпіталізаваны з падазрэннем на атручванне падчас прэзідэнцкіх выбараў–2015. ЦВК не зарэгістраваў яго кандыдатам у прэзідэнты, абвінаваціўшы ў фальсіфікацыі большай часткі подпісаў.

У пачатку вясны загаварылі пра стварэнне яшчэ адной імавернай кааліцыі. У яе маюць увайсці лідарка грамадскай арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач, экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка, а таксама былы дэпутат і палітвязень Сяргей Скрабец піша nn.by.

— Я ўжо амаль тры тыдні не прымаю лекі, — распавёў Віктар Цярэшчанка. — Практычна шэсць месяцаў пасля атручэння я правёў у бальніцах, паліклініках, гэта быў складаны для мяне перыяд, які я пражыў. Але зараз стан здароўя больш-менш нармалізаваўся, я мяркую, што нейкім чынам у парламенцкай кампаніі прымаць удзел трэба. У бліжэйшыя дні мы сустрэнемся з групай людзей і абмяркуем гэтае пытанне. Будуць эканамісты, якія разумеюць у гэтай справе. Таму вызначымся, што рабіць далей – удзельнічаць у выбарах альбо не. Удзельнічаць хацелася б, бо мы ўсё-такі грамадзяне сваёй краіны, якім хацелася б перамен да лепшага. Але, калі на выбарах ізноў будуць фальсіфікацыі, то сэнсу прымаць удзел у такім спектаклі не бачу.

— Адным словам, пакуль на 100 адсоткаў не вырашылі…

— Адназначнае рашэнне не прынята. Я ўжо маю досвед удзелу ў парламенцкіх выбарах, таму на сабе паспытаў, што гэта такое. Думаю, да 10 красавіка дакладна буду ведаць, ці прыму ўдзел у кампаніі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя