З'езд БНФ пройдзе 24 кастрычніка
Як паведамляе Управа Партыі БНФ, рашэнне пра падрыхтоўку чарговага з'езду было прынятае Соймам БНФ яшчэ да выбараў. Сойм таксама зацвердзіў нормы прадстаўніцтва і парадак вылучэння дэлегатаў з'езду, усклаўшы агульную працу па арганізацыі і правядзенні Зьезду партыі і грамадcкага аб’яднання на Ўправу.
![img_9719_logo_1.jpg img_9719_logo_1.jpg](/img/v1/images/img_9719_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
ХХ з'езд Партыі БНФ (XVI з;езд Грамадcкага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”) будзе справаздачна-выбарчым: на ім будуць абраныя сябры кіруючага органу партыі і руху (Сойм), а таксама рэвізійная камісія. З'езд заслухае справаздачу старшыні партыі Рыгора Кастусёва і справаздачу рэвізійнай камісіі, а таксама абярэ таемным галасаваннем на трохгадовы тэрмін старшыню партыі і намеснікаў старшыні (колькасць намеснікаў вызначае з'езд).
У некаторых тэрытарыяльных адзінках сходы па вылучэнні дэлегатаў ужо адбыліся. Так, у цэнтральнай сядзібе БНФ прайшоў сход па вылучэнні дэлегатаў на з'езд ад Мінскага раёну. Сябры БНФ са Слоніма правялі свой сход з абмеркаваннем бягучай грамадзка-палітычнай сітуацыі і прынялі зварот з патрабаваннем аб вызваленні палітычных вязняў.
Па словах старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, з’езд Партыі БНФ адбываецца ў лёсавызначальны пэрыяд беларускай гісторыі:
“Чарговы з'езд Партыі БНФ адбываецца ў вельмі напружаны час. У краіне адбываецца небывалы грамадскі ўздым, але таксама і нечуваная хваля рэпрэсіяў, якія закранулі тысячы і тысячы беларусаў. Арышты, ператрусы і затрыманні, адміністрацыйны і крымінальны пераслед, ціск на дэмакратычныя грамадзкія аб’яднанні і партыі – гэта тое, з чым цяпер сутыкнулася беларускае грамадзтва. Пад гэты пераслед падпалі дзясяткі сябраў Партыі БНФ, у тым ліку сябраў кіруючага органа – Сойму. Міністэрствам юстыцыі вядзецца праверка дзейнасці партыі, а абласныя ўпраўленні юстыцыі правяраюць нашыя рэгіянальныя структуры. Абвастрылася пагроза незалежнасці Беларусі – пасля “каранавыбараў” і разгортвання хвалі рэпрэсіяў рэжым цалкам разрывае кантакты з Еўропай і зноўку пераарыентуецца на расейскі вектар развіцця, разліваючы атрымаць падтрымку з Масквы дзеля рэалізацыі сваёй палітыкі, якая варожая інтарэсам беларускага народа і не адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам.
Задачы БНФ у гэтых новых умовах, партыйная тактыка і стратэгія дзеянняў па абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў і рэалізацыі палажэнняў партыйнай праграмы – гэта тое, што будзе, безумоўна, прадметам шырокага абмеркавання на будучым з'ездзе партыі” – сказаў Рыгор Кастусёў.
Як паведаміў адказны сакратар Управы БНФ Зміцер Салошкін, цяпер вядзецца праца па удакладненні графіку рэгіянальных сходаў па вылучэнні дэлегатаў на з'езд. Інфармацыя пра падрыхтоўку да з'езду будзе даведзеная сябрам Сойму на бліжэйшым пасяджэнні партыйнага кіруючага органа, якое адбудзецца 3 кастрычніка.
Мінулы справаздачна-выбарчы з'езд БНФ адбыўся ў 2017 годзе. На ім старшынём Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” быў абраны Рыгор Кастусёў, а таксама былі прынятыя некалькі рэзалюцыяў ды заяваў.
Паводле прэс-рэліза