Партыя БНФ прапануе «дарожную мапу» дзеянняў для вяртання да дыялогу паміж уладамі і грамадствам
На пасяджэньні Сойму Партыі БНФ 3 кастрычніка 2020 года была абмеркаваная грамадзка-палітычная сытуацыя, якая склалася ў краіне пасьля заканчэньня выбарчай кампаніі ды разгортваньня агульнанацыянальнага пратэсту грамадзян супраць фальсіфікацыі выбараў з наступным гвалтоўным падаўленьнем гэтых пратэстаў уладамі. Кіруючы орган партыі зацьвердзіў дарожную мапу першачарговых крокаў дзеля выхаду з крызысу і пачатку агульнанацыянальнага дыялёгу.
Дарожная мапа дзеля выхаду з крызысу: 10 крокаў да нацыянальнага дыялёгу
Цягам апошніх двух месяцаў у Беларусі адбыліся драматычныя падзеі, выкліканыя сутыкненьнем грамадзтва і аўтарытарнай ўлады. Справядлівае абурэньне грамадзян чарговым правядзеньнем выбараў у несумленны і недэмакратычны спосаб улады спрабуюць задушыць шляхам буйнамаштабных рэпрэсіяў. Іх памер і інтэнсіўнасьць, а таксама поўнае ігнараваньне любых норм права дзеля далейшага ўтрыманьня ўлады, фактычна маюць прыкметы неабвешчанага надзвычайнага стану: рэпрэсіўным і карным органам дазволеныя любыя дзеяньні, для іх зьнятыя ўсе прававыя абмежаваньні ў справе ажыцьцяўленьня рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасьці.
У выніку краіна апынулася ў глыбокім палітычным крызысе, які паставіў дзяржаву на мяжу існаваньня. Адбываецца эскаляцыя рэпрэсіяў, зварочваньне сувязяў са зьнешнім сьветам, перадача ў Маскву асноватворных дзяржаўных функцыяў у галіне абароны ды правапарадку, інфармацыйнай ды зьнешняй палітыкі, а ў пэрспэктыве – і ўнутранай палітыкі (у тым ліку праз аднаўленьне на пардку дня гэтай званых “дарожных мапаў паглыбленай інтэграцыі”, якія прадугледжваюць паступовую здачу сувэрэнітэту Беларусі на карысьць Масквы). Дзеяньні дзяржслужбоўцаў прывялі да ўвядзеньня санкцыяў, якія ставяць нашую краіну ў стан “дзяржавы-ізгоя” на міжнароднай арэне. У сукупнасьці гэткі падрыў сувэрэнітэта пагражае поўным падпарадкаваньнем краіны і пераходу яе ў статус фактычнага пратэктарата Расеі.
Праз гвалтоўныя дзеяньні і шэраг небясьпечных крокаў у галіне ўнутранай і зьнешняй палітыкі цяперашніх уладаў складаецца сытуацыя, якая ёсьць сьмяротна небясьпечнай для самога існаваньня Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы беларускага народа, для саміх падмуркаў беларускай дзяржаўнасьці.
Дэмантаж тых інстытутаў, на якіх грунтуецца беларуская дзяржаўнасьць, недапушчальны. Адказнасьць за захаваньне нацыянальнай дзяржавы палягае на ўсіх беларусах, і асабліва на дзеючых палітыках. Нашчадкі не прабачаць нам, калі мы паставімся безадказна да гэтага сьвятога абавязку і страцім дзяржаву.
Таму цяперашні крызыс патрабуе неадкладных захадаў дзеля дээскаляцыі канфлікту і пераходу да мірнага агульнацыянальнага дыялёгу.
У якасьці першачарговых крокаў, якія б зрабілі такі дыялёг магчымым, Партыя БНФ прапануе наступную пасьлядоўнасьць крокаў, выкладзеных у выглядзе “дарожнай мапы”:
Крок 1. Вызваленьне ўсіх асобаў, якія прызнаныя беларускімі праваабаронцамі як палітычныя вязьні, у тым ліку ўдзельнікаў мінулай выбарчай кампаніі з ліку сябраў ініцыятыўных групаў і штабоў кандыдатаў.
Крок 2. Спыненьне палітычна матываваных крымінальных справаў, у тым ліку датычна сябраў Каардынацыйнай Рады, якая была створаная на прапанову Сьвятланы Ціханоўскай і чыя дзейнасьць знаходзіцца пад абаронай канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду аб’яднаньняў.
Крок 3. Спыненьне масавых і нематываваных затрыманьняў ды практыкі прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці удзельнікаў мірных масавых акцыяў шляхам наданьня прамога дзеяньня нормам Канстытуцыі пра грамадзянскія правы, у тым ліку права свабоду мірных сходаў.
Крок 4. Фармуляваньне праваахоўнымі органамі і палітычным кіраўніцтвам краіны ясных і недвухсэсоўных гарантыяў бясьпекі на выпадак вяртаньня на тэрыторыю краіны тых беларусаў, якія былі выштурхнутыя з краіны альбо былі вымушаныя хавацца ў замежжы з прычыны апасеньняў за сваё жыцьцё і здароўе.
Крок 5. Спыненне ўсіх форм перасьледу і незаконных абмежаваньняў прафэсійнай дзейнасьці журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі (уключна з неадкладным аднаўленьнем акрэдытацыі журналістаў замежых СМІ і адмовай ад блакіроўкі вэб-сайтаў), спыненьне антынацыянальнай прапаганды ды дыскрэдытацыі пратэстоўцаў і беларускай сімволікі ў дзяржаўных медыях, выдаленьне з іх раней запрошаных расейскіх прапагандыстаў.
Крок 6. Аднаўленьне на працы ў дзяржаўных органах, прадпрыемствах і арганізацыях ўсіх людзей, якія былі звольненыя ў сувязі з іх палітычнымі перакананьнямі альбо на падставе іх удзелу ў мірных акцыях пратэсту.
Крок 7. Стварэньне супольнай парлямэнцка-грамадзкай камісіі з удзелам праваабарончых арганізацыяў дзеля вывучэньня абставінаў прымяненьня гвалту падчас падзеяў жніўня-верасьня 2020 года і з наступнай перадачай назапашаных матэрыялаў у пракуратуру і сьледчыя органы дзеля прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у катаваньнях і забойствах.
Крок 8. Забесьпячэньне доступу экспэртаў ААН да маніторынгу ўмоваў утрыманьня ў месцах няволі і супраца дзяржаўных органаў з ужо прызначанымі структурамі Савета па правах чалавека ААН і АБСЭ дзеля аб’ектыўнага вывучэньня і дакумэнтаваньня падзеяў жніўня-верасьня 2020 года
Крок 9. Правядзеньне з удзелам Палаты прадстаўнікоў ды іншых дзяржаўных органаў ды палітычных партыяў нарады дзеля выпрацоўкі фармату, графіку правядзеньня, кола ўдзельнікаў і магчымых пасярэднікаў, а таксама парадку дня агульнацыянальнага дыялёгу.
Крок 10. Рэформа выбарчага заканадаўства з улікам прапановаў місіяў назіраньня АБСЭ на выбарах 2015-2019 гадоў і прапановаў нацыянальных назіральнікаў кампаніі “Права выбару” з наступным правядзеньнем выбараў усіх узроўняў па новых правілах і з новым складам выбарчых камісій.
Гэтыя крокі дазволяць пераадоліць найбольш значныя негатыўныя наступствы крызысу, спыянць раскол грамадзтва і прыпыняць спаўзаньне краіны ў бездань, дадуць магчымасьць распачаць сапраўдны агульнацыянальны дыялёг, а не яго імітацыю.
Толькі сапраўдны агульнанцыянальны дыялёг ў атмасфэры, вольнай ад гвалту і прымусу, можа стаць пляцоўкай для абмеркаваньня зьместу і фармату правядзеньня будучай канстытуцыйнай рэформы, пра неабходнасьць якой кажуць усе бакі палітычнага канфлікту і правядзеньне якой можа быць распачатае толькі пасьля рэформы выбарчага заканадаўства.
Толькі беларускі народ мае права вырашальнага голаса ў гэтым пытаньні.
Партыя БНФ заклікае ўсе палітычныя сілы і дзяржаўныя органы адчуць супольную адказнасьць за лёс нацыі і дзяржавы, праявіць грамадзянскую сьпеласьць і неадкладна распачаць рэалізацыю пазначанай пасьлядоўнасьці крокаў дзеля найхутчэйшай стабілізацыі абстаноўкі ў краіне. У адваротным выпадку краіну ў хуткім часе чакае новы віток эканамічнага крызыса, які можа супасьць з “другой хваляй” пандэміі COVID19, што можа пагражаць каляпсам дзяржаўнай сыстэмы Рэспублікі Беларусь.