З'явіліся фатаграфіі студыі Ціханоўскага пасля ператрусу
Сілавікі з самай раніцы серады да 16-й гадзіны праводзілі ператрус у гомельскай студыі блогера Сяргея Ціханоўскага ў гатэлі «Кастрычніцкі». Пра гэта піша Еўрарадыё.
Як перадае Радыё «Свабода», пасля сябе яны пакінулі ўзламаныя дзверы студыі расчыненымі наросхрыст і не апячатанымі. Шмат якія рэчы параскіданыя.
«Прыйшлі два міліцыянты ў форме, з імі быў адзін у цывільным і яшчэ два невядомыя — можа, гэта былі панятыя. Таксама было некалькі супрацоўнікаў МНС — яны і ўзламалі дзверы, старыя, драўляныя. Што так доўга можна было тут рабіць, незразумела. Пасля ператрусу выносілі скрыні з нечым, тэчкі з дакументамі. Што забралі — невядома. Здаецца, са студыі знік кававы апарат», — распавялі журналістам супрацоўнікі гатэля.
Акрамя таго, ператрус сёння прайшоў на гомельскім лецішчы Ціханоўскіх і, верагодна, у кватэры.
Сам Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА МУС на вуліцы Валадарскага. Яго жонка Святлана вылучаецца кандыдаткай у прэзідэнты, а муж узначальвае ініцыятыўную групу.