За хабар затрымана чыноўніца, якая пазбаўляла адвакатаў ліцэнзій за палітыку
Як паведаміла праваабаронца з «Вясны» Тацяна Равяка, адна з затрыманых КДБ мін’юстаўскіх хабарніц — начальніца ўпраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасьці Галіна Грышкавец, іншая — яе намесніца Наталля Беразоўская.
Галіна Грышкавец. © minjust.by
Тацяна Равяка паведаміла: «Гэтая якраз тыя асобы, якія пазбаўлялі ліцэнзіяў адвакатаў па справах пасьля Плошчы-2010, а ў чэрвені тая ж Грышкавец гэта так камэнтавала:
«Наколькі я ведаю, ім знайшлі працу больш высокааплатную, ім адвакацкая ліцэнзія ўжо не цікавая. Яны пэрыядычна даюць нейкія камэнтары, выступаюць. Думаю, іх дзейнасьць добра
аплачваецца, мяркуючы па інфармацыі з інтэрнэту», — упэўненая была Грышкавец. (цытата БелаПАН).
Наталля Беразоўская
У Мін’юсьце карэспандэнту Свабоды паведамілі, што Грышкавец і Беразоўская ў іх ужо не працуюць. Прычын звальненьня не патлумачылі.
Сёньня КДБ паведаміў пра арышт пры атрыманьні хабару ў памеры 1000 даляраў ЗША з доказамі злачынства начальніцы ўпраўленьня Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і яе намесьніка.
У ходзе папярэдняга расьсьледаваньня ўстаноўлена, што службовымі асобамі Мін’юста неаднаразова атрымліваліся незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў спрыяльным вырашэньні
пытаньняў, якія ўваходзяць у іх кампэтэнцыю і зьвязаныя зь іх прафэсійнай дзейнасьцю.
У дачыненьні да карумпаваных чыноўнікаў КДБ завёў крымінальную справу за атрыманьне хабару групай асобаў. Затрыманых зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.
Прэсавая сакратарка Мінюста Людміла Мазан пацьвердзіла Свабодзе, што затрыманыя КДБ менавіта начальніца ўпраўленьня адвакатуры і ліцэнзаваньня юрыдычнай дзейнасьці Галіна Грышкавец і яе
намесьніца — Натальля Беразоўская.
«Больш нічога сказаць не магу. Ідзе сьледзтва»,— сказала Мазан.
svaboda.org