Заява Прадстаўніцтва ЕС у сувязі са смяротным прысудам, вынесеным у Беларусі
Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі выступае з наступнай заявай са згоды кіраўнікоў дыпламатычных місій краін ЕС у Беларусі.
«Нядаўна мы даведаліся пра чарговы смяротны прысуд, той, што быў вынесены Віцебскім абласным судом 22 верасня 2017 года Віктару Лётаву. Еўрапейскі саюз прынцыпова выступае супраць прымянення смяротнага пакарання ў любы час і ў любых абставінах. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё і з'яўляецца самым жорсткім, бесчалавечным і прыніжальным пакараннем», — адзначаецца ў заяве.
Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі заклікае беларускія ўлады замяніць вынесеныя смяротныя прысуды і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены.
Віктар Лётаў, 1987 года нараджэння, быў асуджаны восенню 2017 года да смяротнага пакарання за забойства сукамерніка ў ВК-13 Глыбокае. "Ніхто гэтага смяротніка не хаваў. Справа разглядалася ў адкрытым рэжыме, інфармацыя пра гэта друкавалася ў адкрытым доступе. На жаль, чалавек здзейсніў ужо трэцяе забойства ў сваім жыцці, адбываючы пакаранне за забойства", — распавёў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда РБ Валерый Калінковіч.