Заклікі да звяржэння ладу і распальванне варожасці ў сацсетках — падстава для адмены рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты
Кандыдат у дэпутаты можа быць пазбаўлены рэгістрацыі, калі ў сацсетках заклікае да звяржэння дзяржаўнага ладу або распальвае варожасць. Пра гэта старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паведаміла падчас відэабрыфінгу на афіцыйным канале Нацыянальнага прэс-цэнтра ў YouTube, паведамляе БелаПАН.
Старшыня Цэнтрвыбаркама нагадала пра абмежаванні пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі, прапісаныя ў арт. 47 Выбарчага кодэкса — у першую чаргу яны датычаць таго, што кандыдат транслюе з дапамогай СМІ.
Аднак Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што «калі кандыдат у дэпутаты будзе і ў сацыяльных сетках, і ў сваіх выступах дапускаць паклёп, абразы, распальваць сацыяльную варожасць і розніцу, заклікаць да гвалтоўнага звяржэння канстытуцыйнага ладу, у гэтым выпадку гэта падстава для адмены яго рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты».
У арт. 47 ВК гаворыцца пра забарону агітацыі, пры правядзенні якой «ажыццяўляецца прапаганда вайны, утрымліваюцца заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, абразы і паклёп у дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты, а таксама заклікі, якія падахвочваюць або якія маюць на мэце заахвочванне да зрыву, або адмене, або пераносе тэрміну выбараў, рэферэндуму, назначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублік і Беларусь».
Забараняюцца «агітацыя ці прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай перавагі, выпуск і распаўсюд паведамленняў і матэрыялаў, якія абуджаюць сацыяльную, расавую, нацыянальную ці рэлігійную варожасць».
naviny.by