Затрыманых па справе Ціханоўскага пакінулі пад вартай. Ім прад'яўлена абвінавачванне
Сёння, 8 чэрвеня, блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яго паплечнікам мусілі прад'яўвіць абвінавачванні альбо вызваліць, бо скончыўся 10-сутатачны тэрмін затрымання.
Вядома, што затрыманых пакідаюць за кратамі, пры гэтым нават сваякам не паведамляецца, па якім менавіта артыкуле ім прад'яўлена абвінавачванне. У адвакатаў узятыя падпіскі аб неразгалошванні.
Святлана Ціханоўская паведаміла праваабаронцам "Вясны", што Сяргею Ціханоўскаму прад'явілі абвінавачванне, але менавіта па якім артыкулу — жонцы затрыманага не сказалі. Яго пакінулі пад вартай.
Такая інфармацыя паступае і ад іншых сваякоў затрыманых па крымінальнай справе Сяргея Ціханоўскага. Сваякі Васіля Баброўскага таксама распавялі пра такую ж сітуацыю ў дачыненні да Васіля.
Нявеста ж затрыманага Вяргілія Ушака паведаміла "Вясне", што яму прад'яўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу — “Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і якія спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства — караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін”.