20 нечаканых фактаў пра Францішка Аляхновіча
Менавіта Францішак Аляхновіч увёў у нашу драматургію вобраз жанчыны-вамп. Менавіта ён першы ў сваіх п’есах пачаў пазбягаць адраджэнскай дыдактыкі, а проста ствараў па-эстэцку яркія, займальныя і зразумелыя самаму рознаму люду творы. У адрозненне ад многіх з нас, ён ніколі не рабіў з сябе ахвяру, не насіў маскі «барацьбіта». Ува ўсіх сваіх творах ён заўсёды заставаўся надзвычай шчыры, унутрана-свабодны, і, што найважнейшае, самаіранічны! Піша svaboda.org.

1. Спалучаў неспалучальнае
Быў стваральнікам беларускай гарадской драматургіі, пачынальнікам айчыннага тэатразнаўства і кабарэ, адным з самых яркіх артыстаў і рэжысёраў свайго часу, рэдактарам, мастаком, рэстаранным куплетыстам, кантралёрам электрычных лічыльнікаў, пажарнікам, карыкатурыстам.
2. Быў выкінуты з гімназіі за кепскія адзнакі
«Сыпаліся „двойкі“ і „едзініцы“, запісвалі мяне ў „штрафны журнал“ за „ўпартае невыкананне лекцыяў“ — і, урэшце, праседзеўшы па 2 гады ў чацьвёртым і пятым класах, я быў выкінуты з гімназіі за дрэнныя „ўспехі“».
3. Замест вучобы прападаў на кірмашовых прадстаўленнях:
«Быўшы гімназістам, я любіў заглядваць у кірмашовыя буды, дзівіцца на „жанчыну без тулава“, хадзіць у паноптыкум васковых фігураў».
4. Часта сварыўся з бацькам Каралем
Бацька, тэатральны скрыпач, хацеў, каб сын плюнуў на тэатр і заняўся нармальнай прыбытковай работай.
5. Яго рэжысёрскі дэбют — спектакаль „Па рэвізіі“
Спектакаль быў сыграны ў 1910-м годзе на 1-й беларускай вечарынцы.
6. Быў вялікім прыхільнікам Напалеона:
Бо ён "...нёс волю падняволеным і з мячом у руцэ нёс з Захаду на Усход вялікія здабычы Рэвалюцыі“.
7. Крытычна ставіўся да п’есы Янкі Купалы „Паўлінка“
„Паўлінка“... не ёсць скончаны з мастацкага боку драматычны твор. Псыхалогія дзейных асобаў закранута толькі зверху, драматычная інтрыга вельмі прасьценькая, палажэнні не зусім кансеквентна адно з аднаго выплываюць, а развязка нейкая няўдалая».

Момант са спектаклю "Паўлінка"
8. Марыў, каб беларускі тэатр як найхутчэй пазбавіўся абручоў правінцыйнасці ды ўвайшоў у агульнаеўрапейскі кантэкст
«...рэпертуар наш яшчэ небагаты ў параўнанні з тым, што маюць народы са старэйшай культурай. Беларускі актор яшчэ чакае сваіх Ібсэнаў, Гаўптманаў, Андрэевых, Пшыбышэўскіх... Беларуская сцэна яшчэ чакае сваіх Какленаў, Дузэ, Варламавых... Ці дачакаюцца? Ці хутка?»
9. Шмат пісаў у турме
Пад час першай адседкі (год у царскай турме) — пачаў пісаць унікальныя для беларускай драматургіі гарадскія п’есы. Пасля сямі год зняволення на Салаўках — выдаў першыя ў свеце ўспаміны пра сталінскія лагеры.
10. У 1917-м годзе ад голаду і хваробаў памірае яго дачка.
11. Меў безьліч раманаў
Быў тройчы жанаты. Любіў багемна-рэстараннае жыццё, што вельмі абурала Зоську Верас:
«Я Ф. Аляхновіча... асабіста ведала... Я да гэтага знаёмства... не імкнулася, бо Ф. Аляхновіч — піў... і з п’яніцамі сябраваў...»

Зоська Верас
12. Быў па натуры эгацэнтрыкам
Не змог супольна працаваць з кіраўніком Беларускага Дзяржаўнага Тэатра Фларыянам Ждановічам:
«Лічу патрэбным не адкладаючы распусціць труппу „Бел. Дзерж. Т.“, паручыць мне сарганізаваць труппу „Бел. Нар. Тэатру“ і апавесціць аб гэтым у мейсцовых газетах».
13. Ратаваў Максіма Гарэцкага
Гэта адбылося пад час нечаканага налёту на Вільню польскіх легіянераў:
«...без особо настойчивой просьбы /.../, с безусловно большим риском для себя, без преувеличений — под пулями, тащил корзинку и вел /.../ нас из гостиницы „Бристоль“ на Георгиевском пр., к себе на квартиру на Мостовой улице /.../ ».
14. Яго раздражняла эстэтыка спектакляў БДТ-1 (будучага Купалаўскага тэатру):
«...Злавала /.../, што сяляне з 1863 года гаварылі моваю сучасных камсамольцаў, гадка /.../ рабілася, калі аднаго з герояў пьесы „Каваль-ваявода“, пабітага, пераможанага, вешалі на сцэне, закідаючы яму вяроўку на шыю...»
15. Максім Гарэцкі змагаўся за вызваленне Аляхновіча з «кіпцюроў ГПУ»
«...во имя чести человека, писателя, артиста... во имя белорусской литературы и театра, из внимания советской Власти к престарелой матери, к маленьким детям, — это дело нужно еще раз тщательно пересмотреть...»
16. У лагеры валіў лес, працаваў вартаўніком у музеі, суфлёрам у тэатры
Напрыканцы зняволення становіцца загадчыкам Выяўленчага аддзелу. Мае асобную кватэрку, свайго днявальнага (башкірскага паэта), што прыбіраў памяшканне. Пад Яго загадам быў мастак (які маляваў партрэты правадыроў).

17. Многія беларусы не верылі яго ўспамінам пра ГПУ
Максім Танк пісаў:
«Сваткаўская паліцыя распаўсюджвала ўспаміны Ф. Аляхновіча аб Салаўках. Хлопцы смяюцца, што аўтар змясьціў у гэтай кнізе дзве фатаграфіі — адна салавецкая, другая віленская — і што на першай ён куды лепш выглядае. Кнігу хутка, нават не дачытаўшы, скурылі нашы заядлыя курцы».
18. Падчас Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у Беларускай незалежніцкай партыі
Пад час Другой сусветнай вайны вядзе палітычную дзейнасць як кіраўнік Віленскага камітэта Беларускай незалежніцкай партыі, сябры якой выступалі супраць бальшавікоў і нямецкіх акупантаў.

Францішак Аляхновіч
19. Яго апошняя творчая задумка перад смерцю была:
«...напісаць п’есу аб ролі моладзі у надбудове краю».
20. Меў грандыёзнае пахаванне
«...стройнымі чацьвёркамі ішла моладзь з усіх віленскіх беларускіх школаў; за школамі аркестры, за імі духавенства, за якім чатыры кані цягнулі абвіты беларускімі нацыянальнымі сьцягамі караван. За караванам пасоўвалася мора народу, які прыйшоў ушанаваць Францішка Аляхновіча. Гэта былі у поўным значэньні гэтага слова грандыёзныя паховіны беларускага патрыёты...».

Васіль Дранько-Майсюк для Радыё Свабода