Граф Бжастоўскі: Арганізуйце ў маім маёнтку калгас

У студзені 1940 года былы буйны землеўласнік з Вілейшчыны граф Уладзіслаў Бжастоўскі адправіў з Парыжа ліст, у якім клапаціўся пра свой маёнтак. Ліст дайшоў нават да кіраўніцтва Савецкай Беларусі.



typovy_shliachieck_majontak_u_zachodniaj_bielarus__logo.jpg

Тыповы шляхецкі маёнтак у Заходняй Беларусі. Фота з архіва аўтара

Графская спадчына

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя маёнтак Мнюта графа Эдварда Рамуальда Бжастоўскага складаўся з вёсак Велец Дужы (65 душ), Савёнкі (53 душы), Сукліно (28 душ), Ляўкова (2 душы). Акрамя гэтага, Бжастоўскаму належаў маёнтак Катлоўшчына ў Трокскім павеце, Віленскай губерні, фальварак Горнава ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні, а таксама фальваркі Слабадзінец і Пераброд у Віцебскай губерні.

У 1865 годзе Эдвард Бжастоўскі быў унесены ў спіс дваран Віцебскай губерні. Паводле Спісу зямельных уласнікаў, да маёнтку Мнюта належала 1355 дзесяцін зямлі, з якіх было 422 дзесяціны ворыўнай зямлі, 269 дзесяцін лесу, а астатнюю частку складалі лугі і пашы. 

Граф быў жанаты з Рахіль з дому Дзешпот-Зяновічаў. У гэтай сям’і было трое дзяцей. У 1861 годзе нарадзіўся сын Марыян Вінсэнт, у 1863-м — дачка Габрыела Марыя і ў 1867 годзе — яшчэ адна дачка Марыя Ядвіга. Марыян Вінсэнт быў жанаты з Марыяй Тэрэзай з роду Жыжнеўскіх. У 1901 годзе ў іх нарадзіўся сын Уладзіслаў, будучы гаспадар маёнтку Мнюта.

mlin_bzhasto_skaga_fota_radzima_org_logo.jpg

Млын Бжастоўскага. Фота radzima.org

У 1930-х гадах Уладзіславу Бжастоўскаму ўдалося збудаваць моцную, разнапланавую гаспадарку, аснову якой складаў водны Млын “Панама”. Акрамя гэтага, у графа Бжастоўскага быў свой малочны завод і вельмі багаты збожжава-семянны фонд. У верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. У другой палове верасня 38-гадовы граф у складзе Войска Польскага праз Румынію эвакуяваўся ў Францыю. Недалёка ад польска-румынскай мяжы ён даведаўся, што Чырвоная Армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь і яе прыядналі да БССР.

Знаходзячыся ў сталіцы Францыі, граф Уладзіслаў Бжастоўскі вырашае напісаць ліст прадстаўнікам мясцовай савецкай улады ў Пліссе. Ён нават і не здагадваўся, што карэспандэнцыя з Парыжа ляжыць на стол кіраўніцтва БССР. 

Ліст у савецкую Беларусь

Ліст Бжастоўскага, адпраўлены ў БССР, апісваў міжнародную сітуацыю. Граф адзначаў, што, па яго меркаванні, вайна ў Еўропе будзе працягвацца 1,5–2 гады. Пры гэтым заходнія саюзнікі рыхтуюцца адпомсціць нацысцкай Германіі за Польшчу. “Прыгатаванні да перамогі над Германіяй гіганцкія. Хаўруснікі рыхтуюць да 1941 года дзесяткі тысяч самалётаў і танкаў. Усё рыхтуецца спакойна і метадычна”, — пісаў граф Бжастоўскі.

l_st_bzhaslo_skaga_pachatak__logo.jpg

Пачатак ліста Бжастоўскага

 

Але галоўная частка паслання была прысвечана маёнтку Мнюта, а менавіта становішчу ў ім. З’язджаючы з родных мясцін, Бжастоўскі пакідаў гаспадарку ва ўзорным стане. Аднак інфармацыя пра бальшавіцкія пераўтварэнні ў Заходняй Беларусі праз французскія і брытанскія газеты і радыё даходзіла да графа. Аднак ён нават не дапускаў думкі, што яго маёнтак можа быць разрабаваны.

“Пішу да вас, як да прадстаўніка мясцовай улады і чалавека інтэлігентнага, які здольны глядзець у будучыню. Справа ў тым, каб не прапала мая праца, якую я праводзіў на працягу 20 гадоў, насаджаючы эканамічную культуру ў маёнтку Мнюта і яго ваколіцах, каб не згінуў сад у Мнюце”, — пісаў граф у сваім лісце. Ён папярэджваў, каб сад бераглі ад жывёл і не пасвілі быдла і каней ў ім.

Бжастоўскі прапануе арганізаваць у Мнюце узорны калгас з сельскагаспадарчай школай. “Гэта будзе ў адпаведнасці з лініяй вашай улады ў цяперашні час”, — пазначаў былы віцебскі пан.

Асабліва Бжастоўскі турбаваўся наконт багатай сельскагаспадарчай бібліятэкі, якая захоўвалася ў панскім доме. “Там ёсць вельмі рэдкія і каштоўныя сельскагаспадарчыя кнігі, некаторыя з іх сёння не купіць нават за вельмі вялікія грошы. Асабліва літаратура па торфе і лугах”, — адзначаў Бжастоўскі.

Турбавала польскага эмігранта ў Парыжы і тое, што шмат яго уласных рэчаў, і перш за ўсё бухгалтарская дакументацыя, звязаная з гаспадаркай у Мнюце, засталася без нагляду. А ўсе гэтыя паперкі для сапраўднага гаспадара былі на вагу золата. “Прашу ўсе важныя дакументы, лісты і квітанцыі як з майго пісьмовага стала, так і з шафы скласці ў асобную скрыню і захаваць”, — пісаў граф.

Граф турбаваўся і пра млын: “Калі ласка, глядзіце, каб млын не працаваў без мазі. Ведаю, што з ёй у вас цяжка. Калі ласка, пагутарыце з Восіпам Мацюковым наконт таго, ці магчыма мазь замяніць шкіпідарам, які можна знайсці ў Люшыцэ, ці Баброўшчыне. Прашу вас працаваць так, каб не знішчыць таго ўзроўня сельскагаспадарчай і прамысловай культуры, якога мне ўдалося дасягнуць”.

Акрамя гэтага Бжастоўскі прасіў захаваць некалькі снапоў селекцыйнага льнянога семя, прывезенага спецыяльна з Галандыі. Гэтыя збожжавыя каштоўнасці  перад сваім ад’ездам граф паклаў у гаражы.

Незадоўга да вайны Бжастоўскаму ўдалося набыць дынама-машыну, з дапамогай якой ён спадзяваўся правесці электрычнасць у вёскі Сукліно, Азеркі, Велец, Ханякова, Жаўнерчыкі, Забалоцце, Вусава, Лазіна, Дубашынкі, Якабінкі, Пратасы, Аляксандрава і Тушына. Дадзеная машына магла даць ток на 3 тысячы 25-вальтовых лямпачак. “Не аддавайце яе, бо гэта ваша дабро. Такую машыну зараз зрабіць вельмі цяжка”, — пісаў пан.

Хвалявала Бжастоўскага і сітуацыя з жывёлагадоўляй. Ён прасіў “упаўнаважаных таварышаў”, каб тыя не аддавалі племянную жывёлу, бо яна з’яўляецца матэрыялам, які мог бы дапамагчы павысіць узровень прадукцыі малака ў мясцовасці.

Не забыўся графа і на ахову новага моста, які быў збудаваны незадоўга да пачатку вайны: “Трэба сабраць ля плаціны 50–60 кубаметраў вялікіх камянёў, бо ў іншым выпадку мост падмые. Я хацеў гэта зрабіць у 1940-м годзе, але вайна не дазволіла”.

“Не дазваляйце знішчыць малочны завод. Калі трэба, каб вы мелі права голасу, магу даслаць Вам даверанасць з Парыжу, завераную ў савецкім консульстве. Малочны завод з’яўляецца эканамічным рычагом мясцовасці. Калі чаго не будзеце ведаць, напішыце мне ў Парыж, дам параду”, — турбуецца граф.

Напрыканцы ліста Бжастоўскі падкрэсліваў, што ён мае намер вярнуцца ў Заходнюю Беларусь, у свой маёнтак, у … снежні 1941 года: “У сувязі з зацягнуўшайся вайной змагу вярнуцца ў нашу краіну праз год, паўтара”. Напісаўшы ў лісце свой парыжскі адрас, граф папрасіў беларускіх сялян, каб тыя дасылалі яму лісты авіяпоштай, бо так напэўна дойдзе…

kanec_l_sta_bzhasto_skaga_logo.jpg

Заканчэнне ліста Бжастоўскага

 

***

У той час, калі Уладзіслаў Бжастоўскі пісаў свой ліст, яго маёмасць ужо была разрабаваная, а тое, што засталося, аддадзена ў калгас. Аднак кіраўніцтва БССР увагу на ліст з Парыжу ўсё ж звярнула, а інакш як можна патлумачыць тое, што яго пераклад захоўваецца ў тагачасных партыйных дакументах ЦК КПБ. Праўда, асаблівых высноў зроблена не было. Зямля засталася без пана.

Падчас вайны славуты млын Бжастоўскага быў спалены партызанамі. У канцы 1940-х гадоў калгас яго адбудаваў, аднак даваеннага дабрабыту гаспадарка ў Мнюце так і не дасягнула. Граф Уладзіслаў Бжастоўскі памёр у 1983 годзе. На радзіму ён так і не вярнуўся.