Архіў Іркуцкай вобласці захоўвае матэрыялы пра паўстанцаў 1830 і 1863 гадоў

Фонды Дзяржаўнага архіва Іркуцкай вобласці Расеі захоўваюць тысячы матэрыялаў, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю паўстанцаў 1830 і 1863 гадоў.

paschstancy.jpg

А. Гротгер, Пад эскортам


У фондзе №24 стагоддзямі зберагаюцца справы аб прыбыцці ў ссылку і на катаргу ўдзельнікаў паўстанняў.
У фондзе № 25 ляжыць шмат дакументаў са спіскамі палітычных дзеячаў паўстанняў, загады і цыркуляры Іркуцкага генерал-губернатара пра месцазнаходжанне ссыльных, накіраваных ва Усходнюю Сібір, а таксама пратаколы іх допытаў.
У фондзе № 32 — справы пра нагляд за ссыльнымі ў межах губерніі, рапарты начальнікаў аб размяшчэнні былых паўстанцаў, а таксама статыстычныя матэрыялы пра ссыльных. Ёсць там і справы аб адпраўленні ссыльных на будаўніцтва дарог.
Фонд № 34 утрымлівае справы па размеркаванню катаржанінаў і ссыльных па Іркуцкай губерні.
У фондзе № 183 шмат дакументаў па нагляду за ссыльнымі паўстанцамі.
У фондзе № 297 (Іркуцкі рымска-каталіцкі касцёл (1812–1937) захоўваюцца спіскі прыхаджан — удзельнікаў паўстанняў 1830 і 1863 гадоў, якія знаходзіліся ва Усходняй Сібіры і тысячы іншых дакументаў.
Напрыклад, у фондзе “Асабістага паходжання” ёсць фонд Вольгі Паўлер — унучкі паўстанца Яна Паўлера. У 1863 годзе ён быў высланы ў Сібір на Нікалаеўскі жалезаробны завод. Будучы ў няволі, Ян Паўлер прымаў удзел у будаўніцтве Кругабайкальскага пешаходнага тракту. Пасля 15 гадоў арышту, пайшоў на пасяленне ў горад Ніжняудзінск — на Бацькаўшчыну так і не вярнуўся.
У фондзе захоўваецца шмат цікавых дакументаў пра сям’ю Паўлера, генеалагічная схема сям’і Паўлер, шмат фотаздымкаў, у тым ліку і Яна Паўлера, ёсць нават пераклад з польскай мовы кнігі Джорджа Кенана “Сібір і ссылка” на рускую мову, якую пераклаў сын Яна Паўлера І.І. Паўлер і г.д.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя