БагатаДата 16–22 студзеня
У гэтыя дні спаўняецца 50 гадоў Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму музычнаму тэатру і 100 гадоў — выдавецтву «Беларусь», найстарэйшаму кніжнаму выдавецтву у нашай краіне. Якія яшчэ даты можна адзначыць? Чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.
16 студзеня1826. У вёсцы Шастакова Камянецкага раёна на Брэстчыне нарадзіўся Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў. Павешаны ў Варшаве. У мястэчку Свіслач на Гродзеншчыне яму пастаўлены помнік.
1846. У Наваміргарадзе (Кіраваградская вобласць Украіны) нарадзіўся пачынальнік навуковага агародніцтва і пладаводства ў Беларусі Міхаіл Рытаў. У прыватнасці, арганізаваў першы пладовы гадавальнік.
1901. У пасёлку Парычы Светлагорскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся рэжысёр і акцёр Мікалай Міцкевіч. У 1930-х працаваў мастацкім кіраўніком Другога беларускага дзяржаўнага тэатра ў Віцебску (БДТ-2). Цяпер гэта тэатр імя Якуба Коласа.
1941. У Мінску нарадзіўся архітэктар Алег Трафімчук. Аўтар помніка Максіму Горкаму ў аднайменным сталічным парку.
17 студзеня1971. Адкрыўся Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Да 2000 года называўся Дзяржаўным тэатрам музычнай камедыі Беларусі. Будынак, дзе ён цяпер размешчаны, быў пабудаваны пазней — у 1981 годзе.
18 студзеня1401. Падпісана Віленска-Радамская ўнія, паводле якой пажыццёвым кіраўніком самастойнай дзяржавы ВКЛ у саюзе з Польшчай станавіўся князь Вітаўт пры захаванні вярхоўнай улады Ягайлы.
1921. Заснавана найстарэйшае ў нашай краіне кніжнае выдавецтва «Беларусь».
1936. На хутары Ясінец Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці нарадзіўся перакладчык Васіль Сёмуха. У асноўным перакладаў нямецкіх пісьменнікаў. Таксама пераклаў на беларускую мову Біблію.
19 студзеняВадохрышча.1831. У расійскім Невелі нарадзіўся інжынер-архітэктар Мікалай Высоцкі. Сярод яго прац: надбудова званіцы Маркава манастыра ў Віцебску, дом Латкіна ў Санкт-Пецярбургу, мноства чыгуначных будынкаў на тэрыторыі Расіі, Латвіі, Літвы і Беларусі.
20 студзеняСусветны дзень рэлігій.1886. У засценку Акінчыцы (цяпер у межах Стоўбцаў на Міншчыне) нарадзіўся публіцыст і грамадска-палітычны дзеяч Фабіян Акінчыц. Арыштоўваўся польскімі ўладамі. Браў удзел у розных беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацыях. Арганізатар Вустраўскай школы прапагандыстаў (пад Берлінам), куды траплялі асобы з ліку савецкіх ваеннапалонных. Застрэлены ў Мінску ў 1943 годзе.
1961. У Мінску нарадзіўся археолаг і гісторык Сяргей Тарасаў. Сярод іншага ажыццяўляў археалагічны нагляд на будаўніцтве гасцініцы «Еўропа», з’яўляецца суаўтарам навуковай канцэпцыі музею гісторыі Мінска і аўтарам падручніка «Мая Радзіма — Беларусь» для 4 класа, у 1980-х і 1990-х гадах вёў шэраг перадач на тэлебачанні (напрыклад, «Скарбы беларускай гісторыі», «Вецер вандраванняў»).
1991. У Старых Дарогах на Міншчыне нарадзілася спартоўка Кацярына Вандар’ева (кікбоксінг і тайскі бокс). Неаднаразовая чэмпіёнка свету і Еўропы.
21 студзеняДзень інжынерных войскаў у Беларусі.1886. У Санкт-Пецярбургу нарадзіўся беларускі кампазітар Аляксей Туранкоў. Аўтар операў «Кветка шчасця» і «Яснае світанне», балета «Лясная казка».
22 студзеня
1926. У вёсцы Белавуша Столінскага раёна на Брэстчыне нарадзіўся святар, мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Ізяслаў (Іван Біруцкі).