БагатаДата 26 кастрычніка — 1 лістапада
Што агульнага ў кіраўніка Камітэта па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў і веганаў? А ў Хэлоўіна з Днём Рэфармацыі? Пра гэта і пра іншыя цікавосткі чытайце ў нашым аглядзе.

Паэт Анатоль Сыс / vytoki.net
26 кастрычніка
1959. У Мінску нарадзілася актрыса Купалаўскага тэатра Зоя Белахвосцік. Першая роля — Паўлінка, якую яна грала да 41 года! Цяпер народную артыстку Беларусі можна ўбачыць, напрыклад, у спектаклях «Чорная панна Нясвіжа», «Людзі на балоце», «Чайка», «Рэвізор», «Вешальнікі», «Паўлінка» (ужо ў ролі Альжбэты).

Зоя Белахвосцік у ролі Боны Сфорца (Чорная панна Нясвіжа). Фота kupalauski.by
1959. У вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна нарадзіўся паэт Анатоль Сыс. Адзін са стваральнікаў у 1980-х гадах Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Менавіта Сыс вёў у 1987 годзе самы першы мітынг-рэквіем на Дзяды. Шэраг песень беларускіх рок-гуртоў напісаныя на яго вершы.
27 кастрычніка
Дзень аўтамабіліста і дарожніка ў Беларусі (адзначаецца кожную апошнюю нядзелю кастрычніка), і Міжнародныя дні аўдыёвізуальнай спадчыны і цешчы.
1989. У пасёлку Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці была знішчана апошняя пускавая ўстаноўка «Ака» паводле савецка-амерыканскай дамовы пра знішчэнне ракет сярэдняй і малой далёкасці. Усе гэтыя ўстаноўкі ліквідаваліся тут, а ракеты — у Казахстане.
28 кастрычніка
Міжнародны дзень анімацыі і школьных бібліятэк.
1884. У Мінску нарадзіўся тэатральны дзеяч, рэжысёр і акцёр Фларыян Ждановіч. Першы мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра (тады Беларускі дзяржаўны тэатр, або БДТ-1). Двойчы арыштоўваўся ДПУ — спачатку быў проста лагер, а потым расстрэл.

Фларыян Ждановіч
29 кастрычніка
Сусветны дзень псарыязу і барацьбы з інсультам.
1989. У Мінску на Дзяды тысячы людзей прайшлі шэсцем ад Усходніх могілак да Курапатаў, дзе правялі мітынг-рэквіем і ўсталявалі там першыя крыжы.

30 кастрычніка
1919. У газеце «Беларусь» апублікаваны верш Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» («Ваярскі марш»), які з музыкай Уладзіміра Тэраўскага стаў гімнам БНР.

31 кастрычніка
Міжнародныя дні гарадоў, эканоміі і Чорнага мора, а таксама Дзень Рэфармацыі ды Хэлоўін.

1934. У вёсцы Хоўхлава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся акцёр Коласаўскага тэатра, народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс. Апрача спектакляў, меў ролі ў кіно («Знак бяды», «Маленькі баец», «Зорка Венера»).
1939. Пачалася пазачарговая сесія Вярхоўнага Савету СССР, на якой быў прыняты закон аб уключэнні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў склад Савецкага Саюза і аб’яднанні іх, адпаведна, з БССР і УССР.
1 лістапада
Міжнародны дзень вегана.

1949. У вёсцы Межная Слабада Клецкага раёна на Міншчыне нарадзіўся Леанід Гуляка, міністр культуры Беларусі ў 2000–2005 гадах, а затым старшыня Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў.