БагатаДата 28 чэрвеня — 3 ліпеня
Вы ведаеце, што 3 ліпеня Мінск вызваляўся не толькі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, але і ад маскоўскіх войскаў? Чытайце пра гэта і іншыя цікавыя факты з гісторыі ў нашым традыцыйным аглядзе.

Лідзія Арабей. Фота lit-bel.org
27 чэрвеня
Сусветны дзень рыбалоўства. Дзень мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
1925. У вёсцы Нізок Уздзенскага раёна нарадзілася пісьменніца і літаратурны крытык Лідзія Арабей. У прыватнасці, даследавала жыццё і творчасць Алаізы Пашкевіч (Цёткі), напісала пра яе дакументальную аповесць «Стану песняй».
28 чэрвеня
Дзень моладзі ў Беларусі (адзначаецца ў апошнюю нядзелю чэрвеня).
1905. У Мінску нарадзіўся акцёр, рэжысёр і драматург Віктар Галаўчынер. У 1940-я гады — мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР, галоўны рэжысёр Дзяржаўнага рускага тэатра БССР.
1960. Ва ўкраінскім Львове нарадзіўся заснавальнік самага буйнога ў Беларусі інтэрнэт-партала TUT.BY, мецэнат Юрый Зісер. Памёр сёлета ўвесну. Была створана петыцыя з прапановай назваць яго імем адну з вуліц Мінска.

Юрый Зісер
29 чэрвеня
1950. У Магілёве нарадзіўся музыка і кампазітар, збіральнік фальклору Васіль Купрыяненка. Музычны кіраўнік ансамбля «Харошкі», затым арганізатар і мастацкі кіраўнік ансамбля «Свята».
30 чэрвеня
Міжнародны дзень парламентарызму. А ў Беларусі — Дзень эканаміста.
1910. У пасёлку Свіягіна, што ў Прыморскім краі Расіі, нарадзіўся арганізатар і кіраўнік партызанскага руху ў Палескай вобласці БССР падчас Другой сусветнай вайны Ціхан Бумажкоў. Яго сям’я выехала ў Прымор’е ў пошуках лепшых заробкаў з Магілёўшчыны ў 1907 годзе, вярнулася на радзіму ў 1922-м. Ціхан Бумажкоў як камісар партызанскага атраду «Чырвоны Кастрычнік» і камандзір гэтага атраду Фёдар Паўлоўскі першымі з партызан сталі Героямі Савецкага Саюза. Імем Бумажкова названа вуліца ў Мінску.
1 ліпеня
1910. У Віцебску заснаваны Настаўніцкі інстытут, які ў 1918 годзе стаў педагагічным, а з 1995-га — гэта Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пятра Машэрава.

1925. У Маскве нарадзілася беларускі архітэктар Васіліса Шыльнікоўская. Асноўныя працы — у галіне ландшафтнай архітэктуры: напрыклад, вадасховішчы Крыніца і Дразды пад Мінскам, вяслярны канал і рэканструкцыя берагавой зоны Заслаўскага вадасховішча.
2 ліпеня

Дзень НЛА (або ўфолага).
3 ліпеня
Афіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі. Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Між тым, на гэтую дату прыпадаюць іншае вызваленне сталіцы Беларусі і яе захоп.

Валянцін Волкаў. "Вызваленне Мінска"
1655. Маскоўскія войскі ўзялі Менск падчас вайны 1654–1667 гадоў. У яе час загінуў кожны другі жыхар Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Горад быў разрабаваны і спалены. У Мінскім павеце загінула, памерла ад голаду і эпідэмічных хваробаў 63% насельніцтва. Пакрысе разгортваўся партызанскі супраціў. Вызваленне беларускіх зямель пачалося пасля разгрому маскавітаў супольным войскам ВКЛ і Польшчы ў пераломнай бітве пад мястэчкам Палонка на Навагрудчыне 28 чэрвеня 1660 года. А 3 ліпеня 1660 года быў вызвалены Мінск. Колькасць даваеннага насельніцтва (7 тысяч жыхароў) аднавілася ў ім толькі праз 100 гадоў.