Якія самаабвешчаныя рэспублікі былі ў Беларусі
Койданаўская Самастойная Рэспубліка пратрымалася чатыры дні, пакуль сюды не прыбылі вайскоўцы Чырвонай Арміі.
Пакуль Каталонія спрабуе здабыць незалежнасць ад Іспаніі, "Радыё Свабода" прыгадала, што і ў гісторыі Беларусі былі моманты, калі пэўныя тэрыторыі прагнулі стаць дзяржавамі.
Паўлаўская рэспубліка
З 1769 па 1794 год у ваколіцах Вільні
існавала Паўлаўская рэспубліка. Яе
плошча складала 3 тысячы гектараў, што сувымерна, напрыклад, плошчы Слуцку.
Рэспубліка мела ўласную Канстытуцыю, герб, сойм, скарб і войска. Тут было
створана самакіраванне, якое прыпынілася толькі пасля акупацыі расейскімі
войскамі ў 1794 годзе.
Стваральнікам Паўлаўскай Рэспублікі быў Павал Ксаверы Бжастоўскі, канонік віленскі і пісар вялікі літоўскі. У 1767 годзе ён набыў у Віленскім павеце маёнтак Мерач і пераназваў яго, паводле свайго імя, у Паўлава. Бжастоўскі правёў на сваіх землях рэформы. Ён вызваліў усіх сялянаў з-пад прыгону, стварыў выбарны сойм, распрацаваў Статут. 4 красавіка 1791 году, за месяц да абвяшчэння Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, Бжастоўскі выдаў Канстытуцыю Паўлаўскай Рэспублікі.
У рэспубліцы быў свой суд. За ўласныя грошы Бжастоўскі адкрыў аптэку, пабудаваў школу, аплачваў працу настаўнікаў, выдаў падручнік па сельскай гаспадарцы. У 1794 годзе войска Паўлаўскай Рэспублікі брала ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. Пасля паразы паўстання Бжастоўскі збег у Саксонію і прадаў рэспубліканскі маёнтак. Але пазней вярнуўся і дажыў на Віленшчыне да 1827 году.
Рудобельская партызанская рэспубліка
У 1918 годзе, калі Нямеччына
акупавала большую частку Беларусі, некалькі валасцей Менскай і Гомельскай губерняў
захоўвалі савецкую ўладу. Сталіцай
савецкай рэспублікі ва ўмовах акупацыі была вёска Рудобелка Бабруйскага павету.
Сёння гэта горад Акцябрскі ў Гомельскай вобласці.
У канцы 1917 году тут усталявалася савецкая ўлада, у Рудобельскай воласці стварылі валасны рэвалюцыйны камітэт. Калі ў лютым 1918 году Нямеччына пачала наступ на ўсходнім фронце, Бабруйскі ўезд апынуўся пад немцамі. Але на тэрыторыі Рудобельскай і суседніх валасцей стварылі некалькі партызанскіх атрадаў, якія захоўвалі тут савецкую ўладу. Рудобельская партызанская рэспубліка праіснавала 9 месяцаў, пакуль у лістападзе 1918 году сюды не прыйшла Чырвоная Армія.
На наступны год Рудобелка зноў апынулася пад акупацыяй — гэтым разам польскай. Ад жніўня 1919 да ліпеня 1920 году на тэрыторыі былой Рудобельскай партызанскай рэспублікі дзейнічалі партызанскія атрады. Яны нападалі на чыгуначныя станцыі і нішчылі масты. Рудобельская рэспубліка знікла ў ліпені 1920-га, калі Чырвоная Армія канчаткова ўсталявала тут савецкую ўладу.
Койданаўская самастойная рэспубліка
Чатыры дні ў лістападзе 1920 году
праіснавала «Койданаўская cамастойная Рэспубліка». Яна размяшчалася ў мястэчку
Койданава (сучасны горад Дзяржынск Менскай вобласці) і яго ваколіцах.
У лістападзе 1920 году Койданава апынулася ў так званай «нейтральнай зоне» — тэрыторыі, якую не занялі ані палякі, ані саветы.
У мястэчку дзейнічаў рэвалюцыйны камітэт, які спрабаваў накіраваць мясцовых мужчын у вайсковыя часткі Чырвонай Арміі. Але людзі ігнаравалі тыя загады. Тады рэўкам арыштаваў некалькіх дэзерціраў. У адказ рэшта дэзерціраў напала на рэўкам ды вызваліла арыштаваных.
З дапамогай менскіх саветаў рэўкам у Койданаве аднавілі. Дэзерціры перамясціліся ў суседнюю вёску Дзягільна. Праз некалькі дзён яны другім разам разагналі рэвалюцыйны камітэт і абвясцілі ў мястэчку Койданаўскую Самастойную Рэспубліку. «Рэспубліка» пратрымалася чатыры дні, пакуль сюды не прыбылі вайскоўцы Чырвонай Арміі. Тады «рэспубліканцы» зноў адышлі ў Дзягільна. Адтуль яны ладзілі напады на бальшавікоў, пакуль Дзягільна не перайшло да БССР згодна з Рыжскай дамовай ад 18 сакавіка 1921 году.