Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамуальда Траўгута. Частка X

У гэтым артыкуле, што завяршае першую частку цыклу, падсумаваны вынікі вандровак па пошуку невядомых пахаванняў чальцоў Кобрынскага паўстанцкага атраду Рамуальда Траўгута ў Заходнім Палессі. Вандроўкі праводзіліся ў Кобрынскім, Драгічынскім і Бярозаўскім раёнах Берасцейшчыны цягам 2018–2021 гадоў. У далейшым мяркуецца працягнуць пошук магілаў паўстанцаў у Любяшоўскім раёне Валынскай вобласці Украіны, што мяжуе з Іванаўскім раёнам Берасцейскай вобласці Беларусі.  

Дняпроўска-Бугскі (былы Каралеўскі) канал каля Кобрына

Дняпроўска-Бугскі (былы Каралеўскі) канал каля Кобрына

Дзесьці ў Гарэцкіх лясах…

У сваіх творах, у тым ліку ў навелах паўстанцкага цыклу «Gloria victis» («Слава пераможаным») непасрэдная ўдзельніца падзеяў, сувязная ў атрадзе Рамуальда Траўгута, знакамітая беларуская пісьменніца Эліза Ажэшка апела веліч і трагедыю змагання. Яна добра арыентавалася ў заходнепалескіх мясцінах, бо сама жыла ў маёнтку мужа Пятра Ажэшкі Людвінова каля Дарагічына, арганізавала сваіх сябровак у «жаночы легіёнчык» для дапамогі паўстанцам, дастаўляла ў атрад харчы, лекі і пошту, перадавала звесткі пра дзеянні і дыслакацыю царскіх войскаў, шыла інсургентам канфедэраткі і кашулі, ратавала Траўгута ад пераследу жандараў у Людвінове і радавой капліцы Ажэшкаў у Закозелі, урэшце, вывезла камандзіра атрада ў сваім вазку ў Царства Польскае пад выглядам хворага на тыфус кузэна.

Пісьменніца шматкроць узгадвае невядомую магілу паўстанцаў-траўгутаўцаў на пагорку паляны ў нетрах Гарэцкіх лясоў за Каралеўскім (Дняпроўска-Бугскім) каналам дзесьці ў наваколлі вёскі Дзеткавічы Дарагічынскага раёна. У час паўстання там знаходзілася сядзіба Дзяткавічы ад’ютанта Траўгута Густава Радавіцкага, а побач — у лесе Цемра Кобрынскай пушчы — зборны пункт інсургентаў.

На месцы былога маёнтку шляхцічаў Радавіцкіх у вёсцы Дзеткавічы Дарагічынскага раёна

На месцы былога маёнтку шляхцічаў Радавіцкіх у вёсцы Дзеткавічы Дарагічынскага раёна


Мажліва тапонім «Гарэцкія лясы» сваім паходжаннем неяк звязаны з назвамі вёсак гэтага рэгіёна — Гарадзец, Горск, Горкі, Горач (Горча).

У лесе Цемра былой Кобрынскай пушчы  

У лесе Цемра былой Кобрынскай пушчы  

З іншых крыніц вынікае, што атрад Траўгута амаль два тыдні напрыканцы красавіка — на пачатку траўня 1863-га стаяў у лясах каля Антопалю (зараз у Дарагічынскім раёне) графа Казіміра Ажароўскага дзеля баявой падрыхтоўкі, папаўнення запасаў харчоў, фуражу і боепрыпасаў. Затым інсургенты перайшлі ў маёнтак абшарніка Яна Жука Новая Папіна на поўдзень ад Дарагічына, а адтуль сышлі ў лясныя абшары на паўночным усходзе Валыні (зараз ва Украіне)…  

Схема рэгіёна пошуку магілаў паўстанцаў

Схема рэгіёна пошуку магілаў паўстанцаў



Да магілаў у Божым Дары

На месцы былога маёнтку Божы Дар

Яшчэ адно месца пахавання змагароў за волю і незалежнасць свайго краю — наваколлі маёнтка Божы Дар паўстанцкага начальніка Кобрына, шляхціча Яна Мітрашэўскага называе даследчыца жыцця і дзейнасці Ажэшкі Габрыела Паўзэр-Кланоўская ў кніжцы «Пані Эліза» (Gabriela Pauszer-Klonowska «Pani Eliza», Warszawa,1981). На гэтую крыніцу спасылаецца Анатоль Федарук у вядомым даследаванні «Старинные усадьбы Берестейщины» (Мінск: БелЭн, 2006). Вось што піша шаноўны навуковец: «У шпіталь, арганізаваны ў маёнтку (Божы Дар — М.Г.), паступалі параненыя паўстанцы. Перажываючы горыч паразы, сюды, да магілаў на Гарэцкім канале, прыязджала Эліза Ажэшка з Стэфаніяй Жук. Яна ня проста ўсклала на магілу герояў вялікі букет палявых красак, але дала сабе слова «…ніколі не здраджваць ідэалам дабра, справядлівасці і свабодзе…». Месца пахавання ў сувязі з меліярацыйнымі працамі страчана».

На месцы былога маёнтка Божы Дар шляхцічаў Мітрашэўскіх. Кобрынскі раён

На месцы былога маёнтка Божы Дар шляхцічаў Мітрашэўскіх. Кобрынскі раён

З іншых крыніц вядома, што наведванне магілаў інсургентаў у Божым Дары, дзе Эліза Ажэшка разам з Стэфаніяй Жук арганізавалі шпіталь для параненых траўгутаўцаў, адбылося ў 1864-м — праз год пасля разгрому Кобрынскага паўстанцкага атраду. На жаль, праз больш чым 150 гадоў пасля паўстання апытаныя старажылы былой вёскі Божы Дар не змаглі пацвердзіць існаванне Гарэцкага канала ў наваколлі свайго паселішча.

У сядзібным доме Мітрашэўскіх у Божым Дары падчас паўстання знаходзіўся шпіталь для параненых чальцоў Кобрынскага паўстанцкага атраду. Здымак міжваенных гадоў.

У сядзібным доме Мітрашэўскіх у Божым Дары падчас паўстання знаходзіўся шпіталь для параненых чальцоў Кобрынскага паўстанцкага атраду. Здымак міжваенных гадоў.


Аднак 87-гадовая кобрынка Алена Заяц пацвердзіла існаванне ў Божым Дары брацкай магілы паўстанцаў, якія сканалі ў шпіталі ад ранаў. Паводле спадарыні Алены, пра гэта ёй распавяла старажыл Божага Дару Марыя Кашутка.

 Сцяпан (1928-2003) і Марыя (1928-2018) Кашуткі. Здымак 1940-х гадоў

«Я сама родам з суседняй вёскі Ляскова і пасля вайны дзяўчынкай часцяком наведвала вячоркі ў Божым Дары, дзе ў былым сядзібным доме Мітрашэўскіх моладзь танчыла пад губны гармонік. Таму ўсіх там ведала. Ужо ў паджылым узросце мы сустракаліся з Марыяй Кашуткай, і яна распавяла мне пра магілу паўстанцаў у Божым Дары, на якой усталявалі памятны камень (у 2003 годзе – М.Г.), пра тое, што на ягонае адкрыццё прыязджалі палякі і як Марыя паказвала гасцям гэтае пахаванне», — зазначыла Алена Заяц.

Дошка на мемарыяльным камяні ў Божым Дары. Здымак Юрася Барысюка.  

Праўнук Рамуальда Траўгута Анджэй Корвін-Юшкевіч (08.03.1923 — 12.11.2009) і нашчадак Яна Мітрашэўскага Станіслаў Мітрашэўскі ля мемарыяльнага каменя ў Божым Дары. 2003. Паводле Алены Заяц, камень усталяваны на брацкай магіле паўстанцаў атраду Рамуальда Траўгута. Здымак з кніжкі Юрася Барысюка і Андрэя Рэйзвіха «Ромуальд Траугут — рыцарь земли Полесской» (Мінск: Энцыклапедыкс, 2020)

Дарэчы, магіла месціцца ў некалькіх дзясятках метраў на ўсход ад сядзібнага дома сярод перасохлых сажалкі і каналу…  

 Сведчыць Алена Заяц

 Сведчыць Алена Заяц


Чаму багна Польская?

Светлай памяці краязнаўца і эколаг — супрацоўнік Пінскага праектнага інстытута меліярацыі Палесся Аляксей Дуброўскі лічыў, што першыя сутычкі Кобрынскага паўстанцкага атраду з расійскімі вайсковымі аддзеламі і першыя страты інсургентаў адбыліся на сыходжанні межаў Кобрынскага, Дарагічынскага і Бярозаўскага раёнаў, бо ў Кобрынскай пушчы знаходзіўся зборны пункт траўгутаўцаў, а ля ракі Цемра — левага прытоку Ясельды — вайсковы лагер паўстанцаў, якія навучаліся азам вядзення бою.

Па гэтым полі на мяжы Кобрынскага і Бярозаўскага раёнаў Польскую багну перасякаў Гарэцкі канал (паводле Аляксея Дуброўскага)

Па гэтым полі на мяжы Кобрынскага і Бярозаўскага раёнаў Польскую багну перасякаў Гарэцкі канал (паводле Аляксея Дуброўскага)

На меркаванне краязнаўцы, непазначаныя магілы паўстанцаў з атраду Траўгута трэба шукаць на месцы асушанай Польскай багны — былога вялікага балота на поўдзень і паўднёвы захад ад вёскі Горск Бярозаўскага раёна. Паводле спадара Аляксея, інсургенты былі пахаваныя на выспе бліз Гарэцкага канала Польскай багны. Прычым праекціроўшчык-меліяратар даводзіць, што на польскай мапе 1923 года ён знайшоў гэты канал (Аляксей Дуброўскі «Ад Брэста над Бугам да Турава над Струменем, «Echa Polesia«, 2008, № 2, с. 32). Названы канал і сёння няцяжка знайсці на польскай мапе міжваеннага часу, бо гэта адзіны пазначаны меліярацыйны аб’ект на абшары Польскай багны.

Свае высновы Аляксей Дуброўскі пацвердзіў сведчаннямі мясцовага старажыла, ураджэнца вёскі Лука, равесніка XX стагоддзя, 96-гадовага Сцяпана Якоўчыка, бацькі якога жылі на ўскрайку Польскай багны. Спадар Сцяпан падзяліўся легендай, якую ўпершыню пачуў у 1912 годзе хлопчыкам-пастушком. У 1863 годзе шасцёра паўстанцаў былі аточаны на выспе сярод балота і загінулі ў няроўным баі. Ад палеглых засталося невядомае пахаванне на беразе Гарэцкага канала, схаваны ваярскі скарб, які мясцовыя падлеткі штораз беспаспяхова спрабавалі знайсці, а таксама назва дрыгвы — Польская… Гэтую легенду Аляксей Дуброўскі выклаў на старонках часопіса «Гістарычная брама», 1999, №1.    

На краю пушчы і дрыгвы

Вёска Горск Бярозаўскага раёна стаіць на поўдні былой Кобрынскай пушчы і на паўночным ускрайку Польскай багны. Праз вёску з 1842 года праходзіць Маскоўска-Варшаўская шаша. Яна яшчэ пракладалася, а ў павятовых гарадах уздоўж шашы, як грыбы пасля дажджу, спешна ўзводзіліся шматлікія камяніцы — паштовыя станцыі, вайсковыя казармы і астрогі для ўтрымання «вальнадумцаў і бунтаўшчыкоў». Шаша і іншыя так званыя «стратэгічныя аб’екты» павінны былі забяспечыць кантроль Расійскай імперыі над забраным краем, а пры неабходнасці і ягонае сілавое «замірэнне»…
Польская мапа міжваенных часоў з пазначэннем Польскай багны і трасы Гарэцкага канала (паводле Аляксея Дуброўскага). Канал перасякае Маскоўска-Варшаўскую шашу паміж вёскамі Лука і Горск бліжэй да Горска

Польская мапа міжваенных часоў з пазначэннем Польскай багны і трасы Гарэцкага канала (паводле Аляксея Дуброўскага). Канал перасякае Маскоўска-Варшаўскую шашу паміж вёскамі Лука і Горск бліжэй да Горска

Вось чаму вёску Горск мы аніяк не маглі абысці бокам. Дапамог нам 83-гадовы старажыл паселішча Сцяпан Казловіч.

 Сцяпан Казловіч распавядае пра гісторыю вёскі Горск і яе наваколля

Згодна з вясковым паданнем, падчас паўстання 1863 года паміж Горскам і Лукой яшчэ ўладарыла пушча, якая толькі праз гады пасля вялікага пажару саступіла месца балоту, што было асушанае пасля Другой сусветнай вайны. Спадар Сцяпан ніколі не чуў, каб ля вёскі Горск Польскую багну некалі перасякаў Гарэцкі канал. А той канал, што працякаў да меліярацыі паміж вёскамі Лука і Горск бліжэй да Горску, у мясцовых не меў уласнай назвы і лічыўся асушальнай канавай. Разам з тым старажыл выказаў здагадку, што Гарэцкім можа называцца канал, які злучае раку Ясельду з каналам Вінец. Сваю версію Сцяпан Казловіч патлумачыў тым, што ручво гэтага меркаванага Гарэцкага канала праходзіць каля вёсак Мошкавічы, Сігневічы, Угляны і Светач, якая да 1964 года мела назву Горач (Горча), а яе жыхароў называлі горацкімі. Аднак праверка гэтай здагадкі дала адмоўны вынік, бо гіпатэтычны Гарэцкі канал насамрэч безыменны і працякае праз бязлесіцу Бярозаўскага раёна.



Мемарыял ва ўрочышчы Маскалі

Ва ўрочышчы Маскалі, што на ўсходнім ускрайку вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна, знаходзіцца дагледжанае невядомае пахаванне 1863 года. Мясцовыя жыхары здаўна лічаць гэтае пахаванне брацкай магілай загінулых чальцоў Кобрынскага паўстанцкага атраду. Гэтае меркаванне падчас сустрэчы з аўтарам пацвердзіў і старажыл вёскі Сабалі Мікола Кугач. Ён распавёў, што згодна з мясцовым паданнем, урочышча Маскалі атрымала сваю назву пасля сутычкі паўстанцаў з царскімі войскамі.

Загінулыя інсургенты былі пахаваныя на месцы бою ў брацкай магіле, якая знікла ў віхуры бурлівых падзеяў пачатку XX стагоддзя. Толькі ў 1928 годзе пахаванне было выпадкова знойдзена падчас узворвання раней закінутага палетка. У 1929 годзе ўлады Польшчы ўшанавалі памяць паўстанцаў узвядзеннем крыжа з укрыжаваннем і шыльдай з тэкстам па-польску «Wieczna pamięć o poległych w walce o wolność RPP» («Вечная памяць палеглым у бітве за волю Рэчы Паспалітай Польскай»). Мемарыялам апекаваліся Пакроўскі касцёл у вёсцы Сігневічы і мясцовая моладзь.

Памятны крыж невядомым паўстанцам 1863 года ва ўрочышчы Маскалі на ўсходнім ускрайку вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна  

Памятны крыж невядомым паўстанцам 1863 года ва ўрочышчы Маскалі на ўсходнім ускрайку вёскі Сабалі Бярозаўскага раёна 

За Саветамі крыж быў разбураны, але падчас Другой сусветнай вайны адноўлены і асвечаны ксяндзом з касцёлу ў Сігневічах. Пасля вайны крыж струхлеў і быў зноўку адноўлены толькі ў 1990 годзе. Разам з бацькам, светлай памяці Лявонціем Кугачом, ягоны сын Мікола ўсталявалі на магіле металічны чатырохканцовы крыж, укрыжаванне і шыльду з тэкстам на беларускай і польскай мовах: «Вечная памяць загінуўшым за незалежнасць Бацькаўшчыны. 1863». Памятны знак з чатырох бакоў аточаны косамі — сімвалам сялянаў-касінераў — удзельнікаў паўстання (аўтар — мастак Анатоль Жалудко).

Пакроўскі касцёл (1785) – помнік архітэктуры барока нацыянальнага значэння ў вёсцы Сігневічы Бярозаўскага раёна  

Пакроўскі касцёл (1785) – помнік архітэктуры барока нацыянальнага значэння ў вёсцы Сігневічы Бярозаўскага раёна 

Ці можа, Гарэцкія лясы ва Украіне?


На меркаванне берасцейскага краязнаўцы, рэдактара часопіса «Гістарычная брама» Аляксандра Ільіна, Гарэцкія лясы, пра якія ўзгадвае ў сваіх творах Эліза Ажэшка, знаходзіліся не на поўнач ад Каралеўскага канала, а на поўдзень ад яго — у самым глухім, лясістым і багністым паўднёва-ўсходнім куце былога Кобрынскага павета — зараз у Любяшоўскім раёне Валынскай вобласці Украіны, што мяжуе з Іванаўскім раёнам Берасцейскай вобласці Беларусі. У першай палове траўня — 6, 9 і 14.05.1863 года там адбыліся жорсткія баі атраду Траўгута з царскімі карнікамі. Паўстанцы мелі вялікія страты забітымі, параненымі і палоннымі. Будзем спадзявацца, што новыя вандроўкі па пошуку невядомых пахаванняў траўгутаўцаў прынясуць свой плён.  
 
Бо «некалі адкрыецца магіла, і з яе выйдзе пераможная праўда вялікіх сноў», — як прароча пісала ў навеле «Яны» Эліза Ажэшка. Гэтыя словы нашай знакамітай суайчынніцы ажыўляюць у памяці адкрыццё на віленскай гары Гедыміна ў 2016–2017 гадах парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў, іхнае незабыўнае пахаванне на могілках Росы ў сталіцы Літвы 22 лістапада 2019 года…

Выказваю падзяку ўсім, хто захоўвае памяць пра паўстанцаў 1863–1864 гадоў і дапамагае ў пошуку невядомых магілаў нашых гераічных продкаў. Асобныя словы падзякі — кобрынцам Віктару і Юліі Рафаловічам, якія ўклалі ў гэтую справу шмат часу, высілкаў і любові да нашых славутых землякоў, а таксама жыхару вёскі Імянін Кобрынскага раёна Аляксею Майсеюку, які дапамог знайсці Алену Заяц. І гэтая жанчына заслугоўвае асобнай падзякі, бо менавіта яна стала тым звяном у ланцугу людской памяці, дзякуючы якому звесткі пра магілу паўстанцаў у Божым Дары захаваліся праз 158 гадоў і дазволілі лакалізаваць месца пахавання нашых герояў.  

Фота аўтара і Віктара Рафаловіча




 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: