«Магла б упрыгожыць Парыж». Пад Гродна руйнуецца 300-гадовая капліца Ябланоўскіх

Сядзіба роду Ябланоўскіх у вёсцы Шчэчыцы захавалася цалкам толькі на малюнках Напалеона Орды. Насамрэч ад маёнтка засталіся адно рэшткі гаспадарчых пабудоваў ды капліца на ўскрайку вёскі. Капліца XVIII стагоддзя – нічыйная і цікавіць толькі рэдкіх турыстаў. Вяскоўцы пра яе амаль нічога не ведаюць. Між тым, знаўцы адносяць пабудову да найчысцейшых узораў архітэктуры стылю Людовіка ХVI, піша hrodna.life.

kaplica_yablanova_9.jpg

Ад Гродна да Шчэчыцаў каля 50 км. Разваліны капліцы добра бачныя з дарогі. Штодня нехта з праязджаючых міма выходзіць з машыны, каб зрабіць некалькі здымкаў велічных руінаў ды паспрабаваць даведацца ў мясцовых гісторыю разбуранай пабудовы. Але з гэтым мала каму шанцуе.

У вёсцы вялікая ціш

Людзей на вуліцах амаль не відаць. Але адна з бліжэйшых хатаў выглядае абжытай: на падворку грабуцца куры і певень. Хутка паказалася і гаспадыня.

kaplica_yablanova_30.jpg


«Нічога не ведаю і ніхто з сяла тут нічога не памятае. Увесь час стаіць гэты будынак. Што тут было? Хто кажа касцёл, хто кажа тэатр нейкі, – расказвае мясцовая жанчына, што прадставілася Марыяй. – На гэты будынак усе прыязджаюць паглядзець, людзі фатаграфуюць».

kaplica_yablanova_27.jpg

У Лунненскім сельвыканкаме кажуць, што капліца “нічыйная”, бо не мае балансавай прыналежнасці. Дакументы на яе адсутнічаюць, ніхто будынкам не цікавіцца і запланаваных экскурсій туды не прыводзіць.

Сядзібу маляваў Напалеон Орда

Між тым, сядзіба Ябланова адзначана на многіх мапах архітэктурных славутасцяў Беларусі. Некалі яна належала да ўладанняў Сапегаў, потым праз шлюбы і пасаг пераходзіла да іншых шляхецкіх родаў, а ў 1740 перайшла да Ябланоўскіх. 

syadziba_yablanova.jpg

У 1860 годзе, калі сядзібу маляваў Напалеон Орда, яна, найбольш верагодна, належала Эйсмантам. Сядзіба стаяла пры дарозе на высокім беразе Нёмана. Гэта быў аднапавярховы будынак, магчыма, з калонным порцікам ад фронту і двума кароткімі крыламі па баках. Каля іх стаялі павільёны. Звычайна ў такіх прыбудовах месціліся аранжарэі ці зімовы сад.

Усё гэта было знішчана падчас Першай сусветнай вайны.


«Во, бачыце, канавы за нашым агародам. Казалі, калі тут жыў пан Ябланоўскі, гэта канава была такая чыстая, такая вадзічка тут была, яна ж упадала ў возера. Замусарылі мы гэтую канаву…

І такое месца тут прыгожае было, казалі. А там стаяў яго дом, канюшні і коні былі…», – узгадвае Марыя мясцовыя показкі.

«Ёсць яна праўдзіваю цацкаю архітэктуры»

Што да капліцы, то яе фундатарам быў адзін з апошніх уладальнікаў сядзібы, Юзаф Ябланоўскі. Пабудову напаткаў няпросты лёс. Паміж 1875-1880 гадамі капліцу перадалі праваслаўнай царкве. Пазней, са зменамі ўлады, яна не раз пераходзіла з рук у рукі, служыла складам сена, а за некалькі гадоў да Першай сусветнай вайны загарэлася ад маланкі і страціла дах і столь. Ні ў міжваенны перыяд, ні за савецкім часам капліцу не аднаўлялі.

kaplica_yablanova_11.jpg

«Гэта ж без даху стаіць якую пару, і не размывае ні дождж, ні снег, трымаецца і трымаецца. Некалі казалі, што хтосьці печ будаваў і хацеў залезці цагліны ўзяць. Дык кажуць, не вырваць! На чым яно там зроблена, што не руйнуецца? А хто той дах разбамбіў, ці гэта якія немцы, ці хто… Гэта ж усё было цэлым калісьці. 60 гадоў я тут жыву. І яно ўжо ўвесь час на маёй памяці, і яшчэ да мяне так было – без даху», – расказвае Марыя.

Адметна, што капліца Ябланова амаль дакладна паўтарае архітэктуру Воўчынскай усыпальні, дзе быў пахаваны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

Гісторык і краязнаўца Лявон Карповіч знайшоў ліст 1928 года графа Томаша Лубеньскага, стрыечнага брата былых уладальнікаў Ябланова:

«Я зрабіў апошні год паломніцтва ў Ябланова. Знайшоў там велізарны былы палац, у якім так шмат гучных забаў адбывалася, у руінах рассыпаны. Засталася, аднак, на палацавым дзядзінцы капліца. Ёсць яна праўдзіваю цацкаю архітэктуры. Капліца гэтая памерам касцёла мае найчысцейшы стыль Людовіка XVI і магла бы быць упрыгожаннем галоўных вуліц Парыжа. Дах, па праўдзе, ёсць нікчэмным і пасля пажару няма прыгожага ліхтара, які быў каронай над ранейшым дахам. Але сцены, тынкоўка і стыльныя карнізы знаходзяцца ў выдатным стане. Звонку капліца мае форму васьмікутніка, знутры ж форму грэчаскага крыжа, таму што ў чатырох кутах ёсць ложы з балконамі на двух паверхах. Капліца вельмі высокая і стройная».

kaplica_yablanova_8.jpg

І веліч капліцы, і яе занядбаны стан, застаюцца нязменнымі апошнія амаль сотню гадоў.

«Праязджаюць, дзе хто не ідзе і фатаграфуюцца каля гэтага касцёлка. Ну дык вядома, цікава! Такі будынак, гэта ж падумаць», – дзеліцца роздумамі мясцовая жыхарка.

Таксама яна ўзгадвае, што некалькі разоў «прыязджалі, мерылі тут нешта», і што хадзілі чуткі – «касцёлак» хоча купіць «нехта з вялікімі грашамі», пад пякарню.

Каб так патрэбна яно было каму, дык адбудавалі б

Праўда, далей чутак справы не пайшлі. Ды і сама бабуля Марыя разумее: у пустой вёсцы ні новая пякарня, ні даўняя капліца нікому не патрэбны.

«Тут ужо людзей мала, але каб так патрэбна яно было каму, дык адбудавалі б. Але хто тут што будзе будаваць. Моладзь уся ў горадзе, вёскі пустыя засталіся».

hrodna.life