На могілках у Свіслачы знойдзена магіла паплечніка Кастуся Каліноўскага

Летась падчас раскопак на могілках у Свіслачы Гродзенскай вобласці краязнаўца Зміцер Юркевіч звярнуў увагу на некалькі магіл. Ідэнтыфікацыя пахаваных заняла пэўны час, і вось днямі даследчык змог паведаміць, што знойдзеныя пахаванні належаць паўстанцу 1863 года Ігнату Ляскоўскаму і яго жонцы Вользе з Багушэвічаў.

Падчас талакі на могілках у Свіслачы, 2019 год. Злева — Зміцер Юркевіч. Фота: reyten.blogspot.com

Падчас талакі на могілках у Свіслачы, 2019 год. Злева — Зміцер Юркевіч. Фота: reyten.blogspot.com

Вясной 2019 года на могілках у Свіслачы супрацоўнікі НАН правялі раскопкі на месцы меркаванай магілы Віктара Каліноўскага, брата кіраўніка вызваленчага паўстання 1863 — 1864 гадоў Канстанціна Каліноўскага.
Пабываўшы на месцы раскопак адразу пасля завяршэння прац, Змітру Юркевічу ўдалося зрабіць некалькі цікавых знаходак. Адна з іх — пахаванне Ігната Ляскоўскага і яго жонкі Вольгі з Багушэвічаў Ляскоўскай. Размешчана яно на горцы, з правага боку ад царквы. Меркаваная магіла Віктара Каліноўскага літаральна ў некалькіх кроках ад гэтага пахавання. Паміж імі, магіла Ігната Брадоўскага, дырэктара гімназіі ў Свіслачы, які памёр на працоўным месцы. 

dsc_0231.jpg

Надмагілле Ігната і Вольгі Ляскоўскіх, фота: reyten.blogspot.com

Такое суседства Ляскоўскіх і Каліноўскіх аказалася невыпадковым. Справа ў тым, што маёнтак Якушоўку, у 1848 (?) бацька Канстанціна Каліноўскага набыў у Вінцэнта Ляскоўскага, малодшага брата Ігната. 
Ляскоўскія былі ледзь не самым распаўсюджаным родам у Берасцейскім ваяводстве. Прозвішча сваё яны атрымалі ад маёнтка Ляскава, што на Кобрыншчыне. На 1701 год некалькі прадстаўнікоў гэтага роду пакінулі свой след у судовых актах . Іх нашчадкі стала займалі розныя пасады, часам даволі высокія, былі пасламі на соймы і дэпутатамі ГТ ВКЛ.
Ігнат Ляскоўскі быў жанаты двойчы. Другой жонкай Ігната стала Вольга, дачка Паўла і Казіміры Багушэвічаў, якія, паводле сямейнага падання Ляскоўскіх, жылі ў Якушоўцы да Каліноўскіх,а потым перасяліліся ў Ятвезк.
У 1867 годзе Ляскоўскія страцілі маёнтак за ўдзел у паўстанні Ігната і ягонага старэйшага сына Юзафа.  Ігната Ляскоўскага часта блытаюць з ягоны цёзкам з Міншчыны, які разам з братам Станіславам кіраваў паўстанскімі атрадамі і пазней эміграваў.
Ігнат Ляскоўскі быў звязаны з арганізацыяй падполля на Гродзеншчыне і выконваў функцыю ваўкавыскага павятовага парафіяльнага начальніка, яго ж сын быў у адным з атрадаў.
Верагодна, да ўдзелу ў паўстанні іх у 1861 годзе схіліў Канстанцін Каліноўскі, чый маёнтак быў па суседстве. Маёнтак Ляскоўскіх забяспечваў паўстанцаў харчаваннем і палатном. І, як пішуць беларускія даследчыкі, у траўні 1863 года ў Ятвезк з кароткачасовым візітам завіталі камісар Нацыянальнага ўраду Канстанцін Каліноўскі і цывільны начальнік Гарадзенскага ваяводства Эразм Заблоцкі.
Ляскоўскіх арыштавалі ў жніўні 1863, і хоць іх удзел у паўстанні не быў даведзены, яны былі сасланыя (без пазбаўлення правоў) у Табольскую губерню. На маёнтак накладзена кантрыбуцыя ў 1875 рублёў срэбрам, а пазней яго секвестравалі, каб у 1867 прымусіць яго прадаць. Дзеля таго, каб Ігнат Ляскоўскі паставіў уласны подпіс пад дакументам аб продажы, яго прывезлі на радзіму, а потым адправілі ў Пскоўскую губерню. Праз нейкі час яму дазволілі асесці ў Варшаве, жонка ж сынам перабралася ў Гродна.
Відаць, незадоўга перад смерцю Ігнат злучыўся з сям'ёй і стаў жыць у Ашыўках (па суседстве з Ятвезкам), якія належалі ягонаму брату Вінцэнту, і ў якіх на правах адміністратараў жылі Багушэвічы, бацькі Вольгі.
Магчыма, надмагіллі Ляскоўскіх і Багушэвічаў, якія знаходзяцца па-суседстве, былі пастаўлены Вацлавам Ляскоўскім, наймалодшым сынам Ігната, пасля вяртання на радзіму з ссылкі.
Паводле reyten.blogspot.com