Новапакутнікі, што пацярпелі ад бальшавікоў: 5 фактаў пра іконы Свята-Пакроўскага сабора Гродна

Абразы з выявамі новапакутнікаў з’явіліся ў храме пасля рэстаўрацыі ў 2006 годзе. 10 іконаў з сюжэтамі пра пакутніцкую гібель святароў у савецкі час размясцілі на 10 калонах сабора. Ідэю іканаграфічнага шэрагу прапанаваў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій (Кішчанка). Стварыў абразы іканапісец Антоній Дайнэка. Пра гэтыя ды іншыя факты з гісторыі новых іконаў Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора ў Гродне піша Hrodna.life.

Іконы з выявамі новапакутнікаў з'явіліся ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна у 2006 годзе. Малюнак - Ігар Варкулевіч

Іконы з выявамі новапакутнікаў з'явіліся ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна у 2006 годзе. Малюнак - Ігар Варкулевіч

1. «Царква стаіць на крыві пакутнікаў»

Усе 10 іконаў з сюжэтамі гібелі святароў размясцілі на калонах храма. Гэта сімвалізуе, што царква трымаецца на крыві пакутнікаў. У тым ліку тых, хто пацярпеў у гады ганенняў ад богаборчай савецкай улады. Іконы адлюстроўваюць сцэны з апошніх хвілін жыцця закатаваных святароў.

2. Гісторыя на іконах Свята-Пакроўскага сабора

Героі абразоў — святары рускай праваслаўнай царквы. Сярод іх кіраўнікі РПЦ, патрыярхі Ціхан (Бялавін) і Пётр (Палянскі). На патрыярха Ціхана тройчы ладзілі замах, прыцягвалі да суда. На іконе выява яго арышту у Данскім манастыры. Патрыярх Пётр (Палянскі) быў наглядчыкам Жыровіцкага манастыра, прайшоў праз 12 гадоў катаванняў, турмы і ссылкі. Яго растралялі у 1937 у Чалябінскай вобласці. Мітрапаліта Кіеўскага Уладзіміра (Богаяўленскага) растралялі чырвонаармейцы на чале з камісарам пры сценах Кіева-Пячэрскай лаўры. На іконе з выявай архіепіскапа Астраханскага Мітрафана (Краснапольскага) паказаны расстрэл Хроснага ходу. Святапакутніка Гермагена (Даўганёва), архіепіскапа Табольскага і Сібірскага, бальшавікі кінулі з парахода «Ака» з каменем на шыі ў раку Туру.

3. Новыя сюжэты на гродзенскіх іконах

Тры сюжэты абразоў, што цяпер можна пабачыць у храме, былі створаны ўпершыню. Гэта іконы святапакутніка Іаана (Помера), архіепіскапа Рыжскага, святапакутніка Паўліна (Крошачкіна), архіепіскапа Магілёўскага і прападобнапакутніка Серафіма (Шахмуця), архімандрыта Жыровіцкага.
Святапакутніка Іаана зажыва спалілі на дачы. На іконе ён у агні. Архіепіскап Магілёўскі Паўлін прайшоў турмы, ссылкі і лагеры. Яго расстралялі на загад тройкі НКУС у Марыінскіх лагерах Кемераўскай вобласці. На іконе адлюстраваны апошнія моманты яго жыцця. Архімандрыта Жыровіцкага Серафіма абвінавачвалі ў супрацы з акупантамі падчас Другой сусветнай вайны. Святар памёр у турме НКУС.
Іконы з сюжэтамі пра іх пакуты распрацаваны ў іканапісных майстэрнях Свята-Елізавецінскага манастыра. Першым храмам, дзе іх размясцілі, стаў Свята-Пакроўскі сабор Гродна.

4. Традыцыі мінулага і адпаведнасць рэчаіснасці

Абразы новапакутнікаў спалучаюць у сабе традыцыі іканапісу і сучасныя падыходы. Тут выкарыстана зваротная перспектыва — прастора на заднім плане пашыраецца, а прадметы і дэталі перадаюцца без скажэння прапорцый. Вобразы пакутнікаў маюць прыкметы іканапіснага канону — залатыя німбы пры галовах, асаблівасці малявання адзення. З іншага боку, сюжэты пакутаў ці прыняцця смерці паказаны вельмі дакладна — не фонам для выявы ліка, а галоўным сюжэтам іконы.

5. Адны катуюць, другія пакутуюць

Паказаць сюжэты максімальна рэалістычна прапанаваў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій (Кішчанка). Побач з пакутнікамі на абразах — выявы іх забойцаў. І святары, і каты паказаны вельмі рэалістычна. Выявы пакутнікаў маюць фатаграфічнае падабенства да рэальных асобаў. На тых, хто іх катуе, пазнавальнай выглядае форма Чырвонай арміі ды НКУС. Сюжэты на іконах адкрыта паказваюць, хто тут катуе, а хто пакутуе.