Панямунь. 5 фактаў пра каралеўскую сядзібу над Нёманам
Адна з трох загарадных рэзідэнцый апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага — Панямунь. У будынку, што схаваны глыбока ў парку, не раз гасцілі знатныя асобы і паплечнікі караля, з якімі манарх вырашаў будучыню краіны. У новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі» ад hrodna.life — пяць фактаў пра сядзібу Панямунь.
Ці быў калісьці замак на месцы сядзібы
Як сцвярджае мясцовае паданне, на месцы сядзібы калісьці стаяў замак. Але ніякіх прыкмет яго існавання і пацвярджэнняў гэтаму няма. Загарадную рэзідэнцыю для караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага пабудавалі на гэтым месцы ў 1771 годзе.
Аднапавярховы будынак размясцілі ў глыбіні парка над правым берагам Нёмана. Сядзібу ўмацавалі падпорнымі сценкамі тэрас. З усходу і поўначы тэрыторыя была абмежавана глыбокім ровам.
Упрыгожаны толькі чатырохкалонным порцікам
Будынак пабудавалі з цэглы. Палац быў атынкаваны і не меў ніякіх дэкаратыўных элементаў на знешніх фасадах. Адзіным упрыгожаннем можна лічыць чатырохкалонны порцік на высокім цокалі. Пачатковы выгляд сядзібы можна ўбачыць на малюнку Напалеона Орды. У ХХ стагоддзі частку разбураных сценаў замянілі драўлянымі.
Палац належаў не толькі Панятоўскаму
Пасля адрачэння ад трона Станіслаў Аўгуст Панятоўскі аддаў палац сваім крэдыторам. У другой палове ХІХ стагоддзя ўласніцай сядзібы стала Ядзвіга Друцкая-Любецкая. Пасля яе смерці сядзіба адышла яе брату Уладзіславу, які быў гаспадаром іншага палаца былога караля — Станіславова. Апошняй уладальніцай сядзібы стала дачка Уладзіслава Яніна.
Ажэшка адзначала тут юбілей літаратурнай дзейнасці
Гродзенская пісьменніца Эліза Ажэшка 9 лютага 1892 года адзначала ў палацы 25-годдзе літаратурнай дзейнасці. Сярод гасцей былі паэт Францішак Багушэвіч і кампазітар Мечыслаў Карловіч.
Не ўсе пабудовы захаваліся да нашых дзён
Будынак палаца — не адзіны, які ўваходзіў у комплекс рэзідэнцыі. У ХІХ стагоддзі на ўездзе ў сядзібу пабудавалі капліцу. Неагатычны будынак з васьміграннай шатровай званіцай захаваўся да сённяшняга дня.
Ніжэй палаца, на тэрасе, знаходзіўся прамакутны флігель, які з аднаго боку быў аднапавярховы, а з другога двухпавярховы. Да яго прымыкалі аранжарэі. У адрозненні ад капліцы, яны не захаваліся да нашых дзён.