Расійскі шпіянаж на памежжы з Рэччу Паспалітай

У 1654 г. пачалася трагічная для беларусаў вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, падчас якой беларускія землі панеслі вялікія дэмаграфічныя і гаспадарчыя страты. Напярэдадні канфлікта ў 1652-1654 гг. расійскі бок праводзіў паспяховую дыверсійную дзейнасць на прымежных з Расійскай дзяржавай тэрыторыях. Ніжэй пра тое, як працавалі расійскія шпіёны і дыверсанты 350 гадоў таму.  



na_koni.jpg

Асаблівасці памежнага становішча з 1618 г.                                                                 

Пасля заключэння Дэўлінскага перамір’я 1618 г. на межах Рускай дзяржавы з Рэччу Паспалітай складваецца своеасаблівае становішча. Да каталіцкай Польска-Літоўскай дзяржавы адышлі Чарнігаўшчына, Севершчына і Смаленшчына — землі з пераважна праваслаўным насельніцтвам. Паміж асобнымі мясцовасцямі, ня гледзячы на прасоўванне паміж імі дзяржаўных межаў, працягвалі захоўвацца трывалыя гаспадарчыя, гандлёвыя, роднасныя, і інш. сувязі, што рабіла мясцовых жыхароў патэнцыяльнымі фігурантамі выведкі аднаго з бакоў.

 

Асабліва карыснымі інфарматарамі звычайна выступалі тыя людзі, якія, маючы сувязі па той бок мяжы, з’яўляліся “асобамі даверу” — звычайна гэта былі духоўныя асобы. Напрыклад, старац Нікольскага манастыра Герман “ездил в порубежную деревню Есмань для взятку оставленной монастырской своей рухляди (нерухомасці – П.П.)”. За мяжой старац сустрэўся з селянінам Данілкам, які распавёў яму аб рухах палкоўніка нежынскага Івана Залатарэнкі. Пазней інфармацыя была перададзена сеўскаму ваяводзе Афанасію Бутурліну, а адтуль — у Маскву. Каштоўным інфарматарам рускай выведкі быў ігумен “с литовской стороны” Феадосій, які падарожнічаў у Варшаву. У снежні 1652 г. Аляксей Міхайлавіч загадаў “в литовскую сторону” з мэтамі “проведывать подлинно вестей” заслаць “торговых людей”. 

Ва ўмовах недасканалай аховы мяжы рабіўся магчымым паспяховы збор інфармацыі. Поспех быў за тым бокам, які б найбольш удала скарыстаўся з дадзеных абставін. Мясцовае праваслаўнае насельніцтва патэнцыяльна ўжо было лаяльным да Рускай дзяржавы. Значыцца, ініцыятыва павінна была належыць менавіта Маскве.

 

Наша задача — на падставе апублікаваных крыніц Разраднага прыказа, т.зв. “веставых стаўбцоў” паспрабаваць раскрыць ролю выведкі ў храналагічны перыяд 1652–1654 гг. —час актыўнай падрыхтоўкі Рускай дзяржавы да ваенных дзеянняў на заходнім напрамку.

Дакументы Разраднага прыказа як крыніца па гісторыі выведкі.

Разрадны прыказ — ваеннае і адміністрацыйнае ведамства Рускай дзяржавы — пакінуў пасля сябе каштоўную дакументальную спадчыну, дзякуючы якой, сучасны даследчык мае магчымасць карыстацца пэўным комплексам крыніц па асобных навуковых праблемах, прысвечаных ваеннай, дыпламатычнай і сацыяльнай гісторыі. Для даследавання дзейнасці рускай выведкі XVII ст. дакументы Разраднага прыказа з’яўляюцца фактычна асноўнай групай крыніц. У Рускай дзяржавы XVII ст., калі яшчэ не было асобных устаноў для збору звестак аб праціўніку, існавала трывалае становішча ваеннай пагрозы на межах з Польска-Літоўскай дзяржавай, пошуку аб’ектыўнай інфармацыі шляхам выведкі надавалася усё большая роля.

Перыяд 1652–1654 гг. у дакументах Разраднага прыказа.

Дадзены перыяд трэба разглядаць у якасці асобнага ў дзейнасці выведкі па наступных прычынах. У гэты час у дакументах прыказа (адрозна ад перыяду больш ранняга, дзе пераважнае месца займае “татарская”, “чаркаская” і інш. тэматыкі, звязаныя з тэмай паўстання на Украіне) вялікая ўвага надаецца збору звестак аб руху літоўскіх ваенных кантынгентаў і дзеяннях палявых камандуючых, канцэнтрацыі сіл і узбраення. І гэта невыпадкова — менавіта ў 1652 г. каронная армія церпіць буйнейшыя паразы ад паўстанцаў пад Батогам і Жванцом. Рэч Паспалітая знаходзіцца на мяжы ваеннай катастрофы і ў Маскве мэтанакіравана пачынаюць рыхтавацца да будучай вайны. А значыць, актывізуецца і памежная выведка. У пэўныя адрэзкі перыяду 1652–1654 гг. выведку цікавіла тое ці іншае пытанне. Таму паспрабуем разгледзець яе дзейнасць тэматычна і храналагічна.

2 жніўня 1652 г. белгарадскі ваявода  Емельян Бутурлін по царскаму даручэнню даслаў “в козачии города черкас Сеньку Маленького до Павлика Калинникова …для  проведыванья вестей за рубежом в польской стороне в козачьих городех .., в Веприке да в Гадиче“. Пасланцы прыехалі ў вышэйназваныя гарады, але далей іх не  пусцілі,сказаўшы: “ехать де вам далее того нельзя, туда де вас пропустят, а назад де не пропустят … во многих местех мор большой … поставлены заставы крепкие … пропускать никого не велено”. Такім чынам, адной з галоўных тэм, якая цікавіла цара на працягу поздняга лета-восені 1652 г., была верагоднасць дадзенай інфармацыі, як убачым – нездарма.З адпіскі вольнаўскага ваяводы Плешчэева ад 2 верасня мы даведваемся, што да апошняга 26 жніўня 1652 г. ”… приехали курчане Любимка Малютин да пушкарь Куземка Халезев”. Па паказанням Малюціна і Халезева выявілася, што, насамрэч, ніякага “морового поветрия нет”, а задумана яно было якраз дзеля таго, каб “… государевы люди в их сторону не ездили … боясь на себя приходу твоего государева боярина и воеводы, князя Григорья Семеновича Куракина с ратными людьми”. Атаманы пыталіся ў Малюціна і Халезева, па якой прычыне баярын Куракін “с ратными людьми идет к литовскому рубежу?”. “Лазутчыкі” тлумачылі гэта тым, што баярын “ходил по черте крепостей осматривать от приходу крымских людей”. Такім чынам, легенда аб “моровом поветрии” была сфабрыкавана мясцовымі казацкімі даводцамі для прадухілення прыходу войск баярына Куракіна, якія маглі спустошыць акругу. Іншая ж версія ў тым, што такім чынам атаманы хацелі перашкодзіць дзейнасці іншаземнай выведкі на сваёй тэрыторыі (Украіна на 1652 г. яшчэ не была звязана дамоўленасцямі з Рускай дзяржавай). Нельга перабольшваць  значэння выкарыстання метада “морового поветрия” — “учреждение застав” было звычайнай з’явай з-за пашыраных выпадкаў эпідэмічных захворванняў у той час.

 

Трывалай мэтай выведкі з 1648 г. заставаўся збор інфармацыі аб ходзе паўстання Багдана Хмяльніцкага на Украіне. Спецыяльна кранацца яе не будзем, зазначым толькі, што тыя ці іншыя вынікі барацьбы для паўстанцаў уплывалі на далейшую палітыку Рускай дзяржавы ў адносінах да заходняга суседа ў цэлым. Так, менавіта пасля паразаў 1652 г. кароннай арміі назіраецца значная актывізацыя дзейнасці выведкі на ўсім працягу мяжы, таксама як і мэтанакіраваных парушэнняў апошняй. Асабліва цікавіла маскоўскае кіраўніцтва адносіны казацкіх вярхоў з радавым казацтвам (на якое і была зроблена стаўка ў будучым).

 

У перыяд 1653–1654 гг. першачарговым пытаннем для выведкі была падрыхтоўка літоўскага камандавання да ваенных дзеянняў на маскоўскім напрамку. 8 снежня 1652 г. казакі нежынскага палкоўніка Івана Залатарэнкі схапілі “в языцех поляка, и тот де поляк говорил, что поляком и литве нынешней осени по первому зимнему пути под Новгородок-Северской … приходить войною” [10, с. 308]. Хоць “палякі і літва” збіраліся дзейнічаць супраць нежынскага палкоўніка на Севершчыне, але ж пасля гэтага выпадку ўжо з восені 1653 г. тэма “літоўскай пагрозы” пачынае ўсё часцей з’яўляцца ў дакументах прыказа.

 

22 верасня “брянский посадской человек” Міцька Сапронаў данасіў ваяводзе Рыгору Далгарукаму аб тым, што “как де твои государевы послы прошли Смоленск, и после де их, неделю спустя, пришли в Смоленск Сапежанок, а с ним литовские люди”. Дадзеную інфармацыю падцвердзілі мяцовыя прымежныя сяляне. Дзякуючы параўнанню шматлікіх крыніц, у Маскву прышлі даволі аб’ектыўныя звесткі. У кастрычніку 1653 г. таропецкі ваявода Сцяпан Вельямінаў атрымаў звесткі аб тым, што “от литовских людей будет с московскими людьми война … и листы де по городам и по местечкам везде поприбиты, … и от нас де литовская война будет … чтоб де нам наперед войском своим наступать в Московскую землю … а люди де готовы наши в Орше ”. У снежні 1653 г. бранскі ваявода Рыгор Далгарукі падцвердзіў звесткі аб падрыхтоўцы літоўцаў да вайны. Ужо ў студзені 1654 г. Далгарукі атрымаў звесткі аб месцы планаваных удараў літоўскай арміі: “хотят де приходить литовские люди на Брянской и на Серпейской уезд”. Гэтую ж інфармацыю ўдакладнілі і яблонаўскія ваяводы. Тэма “пагрозы” усё часцей прасочваецца ў далейшых адпісках за 1654 г. Становішча ўскладнялі і выпадкі затрымання “падазроных” на памежжы.

 

Такім чынам, у пэўных адрэзках часу за 1652–1654 гг. мы назіраем засяроджанасць царскага кіраўніцтва на асобных мэтах збору інфармацыі (“моровое поветрие”, “літоўская пагроза”, інфармацыя аб рухах паўстанцкіх войск і г.д.).

 

Рэкрутаванне і метады дзейнасці “лазутчыкаў”.

 

Тут мы маем справу з “лазутчыкамі” — людзьмі, якія спецыяльна пасылаліся з мэтай збору інфармацыі. Найбольш поўна апісаны метады адбору шпегаў у адпісцы яблонаўскага ваяводы Рыгора Куракіна за верасень 1652 г. Цар патрабуе ўзяць “с Корочи, и с Белгорода, и с Царева, с Усерда по доброму человеку черкас, а велеть допрошать…чтоб их послать в Литовскую сторону”, “добрых и знающих людей”. Такім чынам, дзеля нагляду за ходам паўстання на Украіне бяруцца людзі з чатырох розных гарадоў, якія, відаць, маюць нейкія асабістыя якасці (“добрые и знающие”). Гэта “черкасы” — што значыць людзі, якія будуць сваімі на гэтай тэрыторыі (па такім жа прынцыпе “сваіх” у “лазутчыкі” бралі праваслаўных манахаў і сялян). Шпегаў яшчэ трэба “допрошать” — г.зн. праверыць іх добранадзейнасць і даць пэўную задачу. Далей: “… а отпустили есте тех черкас в Литовскую сторону не в одно время, по одному, чтоб те черкасы меж себя, и сторонние черкасы, того отпуска не ведали”. Лазутчыкі пасылаюцца адасоблена, у выпадку ж правалу аднаго з іх шкода агульнай справе з’яўляецца мінімальнай (нават пад катаваннем шпег не можа выдаць іншых, бо ён іх наўпрост не ведае). “А велели бы есте им в Литовской стороне побыть не малое время, чтоб в Литовской стороне доведаться подлинных вестей …”. Пэўны (не вельмі кароткі) адрэзак часу знаходжання за мяжой дазволіць лазутчыкам здабываць больш верагодныя і поўныя звесткі, карыстаючыся часовай перспектывай і магчымасцю ўдакладняць інфармацыю з розных крыніц. “Будет их в литовской стороне узнают, что они приехали из нашей стороны проведывать вестей, и они бы сказывали, что они не хотя быть в нашей стороне, отъехали в Литовскую сторону, хотячи служити в Литовской стороне”. Яскрава бачны своеасаблівы зародак “легенды” выведніка, якой ён будзе карыстацца ў выпадку правалу.

 

Забеспячэнне.

“И вы б тем черкасом для тех посылок дали нашего денежнаго жалованья рублей по 6 и по 7 рублей, а самым добрым, от которых знаете всякаго добра и службы, и вы б тем дали нашего жалованья и по 8 рублей; а будет у каких лошади худы … дати по драгунской лошади”. Бачым прынцып грашовага заахвочвання. Невядома дакладна, на які тэрмін лазутчыкам выдаткоўваліся такія грошы. Тым не менш, гэта была даволі вялікая сума. Параўнаем: Радавы іншаземны дваранін палка новага ўзору атрымліваў 1,05 руб. у месяц, прапаршчык — 1,50 руб., капітан 7 руб., звычайны стралец (не маскоўскі) атрымліваў каля 3,5 руб. штогод, ніжэйшы афіцэрскі чын — дзесятнік — 3 руб. 75 кап., сярэдні (пяцідзесятнік) — 4 рублі суадносна. Рубль тады складаў ля 100 кап., 100 кап. каштаваў добры конь. Лазутчык, як мяркуем, пасылаўся на нявызначаны тэрмін і мог вяртацца за новым акладам. Як бачым, гэтых грошаў было дастаткова на доўгатэрміновую дзейнасць за мяжой. Ёсць спроба далейшага карыстання паслугамі “добрых лазутчыкаў” —  крокі да прафесіяналізацыі дадзенай справы. Існавала трывалая сістэма забеспячэння шпегаў усім неабходным рыштункам, што адзначалася дакументальна.

У абставінах трывалай ваеннай небяспекі на межах, у Рускай дзяржаве XVII ст. працягвае фарміравацца сістэма забеспячэння ваеннага кіраўніцтва інфармацыяй аб праціўніку. Своеасаблівае становішча на прымежных тэрыторыях з Польска-Літоўскай дзяржавай, дзе абсалютная большасць насельніцтва была праваслаўнай і лаяльнай да ўсходняга суседа, дазваляла ў яшчэ большых масштабах разгарнуць актыўнасць выведкі, удакладняць метады яе дзейнасці. Спецыяльнага інстытута для збору звестак яшчэ не існавала, таму галоўнымі крыніцамі па праблематыцы дзейнасці рускай выведкі таго часу з’яўляюцца дакументы Разраднага прыказа, “вестовые столбцы”, якія можна групіраваць у пэўныя тэматычныя часткі.

 

 

Цікава было б звярнуць увагу на тое, як актывізацыя рускай выведкі ў перадваенны час (1652–1654 гг.) магла быць адным з чыннікаў паспяховасці ваенных кампаній рускіх войск 1654–1655 гг.