Трагедыя сцяга з «Пагоняй»
25 верасня 1936 года ў Пінску міністр абароны Польшчы брыгадны генерал Тадэвуш Каспшыцкі ўручыў камандаванню 84-га палка палескіх стралкоў новы сцяг. Гэты сцяг з "Пагоняй" праз 3 гады стаў трафеем бальшавікоў.
Уручэнне сцяга 84 палка генералам Т.Каспшыцкім
У вайне з бальшавікамі
84-ы полк палескіх стралкоў бярэ свой пачатак у 1920 годзе, калі ў Остраве Мазавецкім быў сфармаваны 101-ы рэзервовы пяхотны полк, які летам таго ж года заняў баявыя пазіцыі на польска-бальшавіцкім фронце на рацэ Случ. Аднак пасля ўдару Першай коннай арміі чырвоных польскія жаўнеры вымушаны былі хутка адступіць. Пазней часткі палка прынялі ўдзел у абароне Ломжы і Пултуска. Пасля «цуда на Вісле» пехацінцы 101-га ўдзельнічалі ў бітве за Гродна, а напрыканцы вайны жаўнеры неслі службу на польска-літоўскай дэмаркацыйнай памежнай лініі. За ўдзел у вайне з бальшавікамі 32 жаўнеры палка былі ўзнагароджаны Крыжам «Віртуці Мілітары» пятай ступені, 122 жаўнеры атрымалі «Крыж Мужных». У мірны час назва гэтай вайсковай адзінкі змянялася некалькі разоў, пакуль у 1934 годзе загадам Міністра вайсковых спраў яна не стала называцца 84-м палком палескіх стралкоў.
Жаўнеры 84-га палку палескіх стралкоў, 1934 год
Палкавая святыня
Як адзначалася ў загадзе камандзіра палка дыпламаванага палкоўніка Станіслава Штарэйкі, «выраб палкавога сцяга фінансавалі прадстаўнікі ўсіх груп насельніцтва, якія пражывалі на Палессі, незалежна ад іх веравызнання». Сам штандар быў зроблены з белага шоўку: палотнішча памерам 100 на 100 см было абабіта залатымі махрамі з трох бакоў. Правы бок (з гербам Польшчы) быў выкананы ў адпаведнасці са Статутам ад 1927 года. На левым баку, па кутах, былі размешчаны выявы герба Пінска, герба Ломжы, герб «Пагоня» і малюнак заступніцы Палесся Божай Маці Кодэнскай. У промнях крыжа былі надпісы: Пултуск, Гродна, Звягель, Ломжа, якія сімвалізавалі баявую гісторыю палка. Пасярэдзіне ў лаўровым вянку змяшчаўся надпіс «Гонар і Радзіма».
Напярэдадні ўручэння сцяга на вуліцах Пінска быў арганізаваны парад. Стралковая рота пад камандаваннем Станіслава Матусяка ў суправаджэнні аркестра прамаршыравала па вуліцах Альбрэхтоўскай, Агінскага, Касцюшкі, Жвіркі і Вігуры, Надбярэжнай да пінскага староства. Камандаваў урачыстасцю маёр Людвік Улазенка.
Пасля выступлення палкоўніка Станіслава Штарэйкі, быў агучаны спіс палеглых у польска-бальшавіцкай вайне жаўнераў палка. Пазней «палешукі» развіталіся са старым сцягам. Старшы сяржант Вацлаў Вацінскі ўспамінаў, што падчас урачыстай цырымоніі капелан палка ксёндз Генрых Антановіч «адзначыў гераізм жаўнераў і афіцэраў палка ў абароне Айчыны».
Асвячэнне палкавога сцяга 84-палку ў Пінску
Новы сцяг з рук міністра вайсковых спраў, дывізійнага генерала Тадэвуша Каспшыцкага атрымаў кавалер Крыжа «Віртуці Мілітары» харунжы Пётр Турэк. Падчас урачыстага мерапрыемства пінскі стараста падарыў камандзіру палка памятны фотаальбом, а таксама зачытаў рашэнне аб перайменаванні вуліцы Альбрэхтоўскай у вуліцу імя 84-га палка палескіх стралкоў. Акрамя гэтага, палку былі перададзены два буйнакаліберных кулямёты.
На новым месцы дыслакацыі
Да пачатку ўтоенай мабілізацыі ў сакавіку 1939 года сцяг знаходзіўся ў спецыяльнай шкляной вітрыне ў кабінеце камандзіра палка. Падчас мабілізацыйных мерапрыемстваў ганаровая варта выносіла сцяг з «Пагоняй» для прысягі навабранцаў, а затым разам з палком штандар адправіўся да месца новай дыслакацыі, на Поўдзень Польшчы. «Наш транспарт з Пінска праз Брэст, Лукаў, Радам прыехаў на станцыю Семкавічы. Адразу пачалася выгрузка нашых частак, якія хутка накіраваліся ў Хабеліцы. Камандаванне палка заняло асобны будынак. Палкавы сцяг знаходзіўся ў чахле і быў размешчаны ў мясцовай школе. Ён выдаваўся жаўнерам толькі на вялікія святы (напрыклад, Божага Цела). Для яго атрымання ў штаб прыбывала сцяжная група», — пісаў у сваіх успамінах узгаданы раней Вацлаў Вацінскі.
Жаўнеры 84-га палку на манеўрах
З моманту пачатку баявых дзеянняў у верасні 1939-га палкавая святыня знаходзілася пад апекай ад’ютантаў: капітана Яраслава Добрскага і падпаручніка рэзерву Яна Казлоўскага. Падчас бітвы на Варце з першага батальёну палка быў выдзелены ўзвод для аховы сцяга. Пазней штандар знаходзіўся ў абозе гаспадарчай роты, і за яго адказвалі капітан Францішак Фільзэк і паручнік Рышард Обер-Піхлер.
Палкавы знак 84-га палка палескіх стралкоў з Пінску
Вайна
Падчас Вераснёўскай кампаніі 84-ты полк прымаў удзел у баявых дзеяннях 30-й палескай дывізіі, якая ўваходзіла ў склад Арміі «Лодзь» і змагалася пад Трыбунальскім, Дзялошынам, Баброўнікамі. 10 верасня 1939 года палешукі вымушаныя былі адступіць — спачатку ў накірунку Варшавы, а пазней Модліна, дзе часткі Войска Польскага з Заходняй Беларусі, заняўшы ўчастак абароны «Крэпасць», змагаліся да 29 верасня. У сваю чаргу, чацвёрты батальён 84-га палка, у складзе Валынскай брыгады кавалерыі, 1 верасня 1939 года змагаўся ў кровапралітнай бітве пад Мокрай, падчас якой польскім жаўнерам удалося знішчыць 100 нямецкіх танкаў і браневікоў. Дзеянні польскіх войскаў на некалькі дзён затрымалі наступленне 4-й танкавай дывізіі вермахта.
Вяртанне дадому
10 верасня 1939 года падпаручнік Мажэйка разам з некалькімі салдатамі палка прывезлі сцяг у Пінск. У будынку штаба знаходзіўся дзяжурны афіцэр, паручнік Казімір
Сасноўскі, якому і была перададзена палкавая святыня з выявай «Пагоні». У гэты час у горадзе на Піне таксама ішло фарміраванне польскіх вайсковых падраздзяленняў са складу
надыходзячых з фронту разбітых частак, а таксама маракоў Пінскай рачной флатыліі ВМФ ІІ Рэчы Паспалітай.
Здымак крэпасці Модлін, зроблены з нямецкага самалёта, верасень 1939 года
Немцы штурмуюць крэпасць Модлін
17 верасня 1939 года пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Польскія часткі, якія знаходзіліся ў Пінску, пакінулі горад. Сцяг палескага палка, як і штабную дакументацыю, жаўнеры Войска Польскага забралі з сабой.
«Я павінен быў выконваць абавязкі камандзіра першай роты. Рэзервовы батальён 84-га палка палескіх стралкоў налічваў 350 жаўнераў. Усе былі ўзброеныя ў карабіны, ручныя кулямёты, меліся таксама і мінамёты. Камандзірам батальёна быў прызначаны паручнік Шымчак. Пазней генерал Францішак Клееберг здзейсніў агляд батальёну і камандзірам падраздзялення прызначыў невядомага капітана, які меў досвед удзелу ў Першай сусветнай вайне. Пад яго камандаваннем батальён пакінуў Пінск і цягніком паехаў у Янаў Палескі, а адтуль на Любешаў, дзе хутка спалучыўся з маршавай калонай маракоў пінскай флатыліі», — пісаў пасля вайны ва ўспамінах паручнік рэзерву Анджэй Сіўка.
Савецкі і нямецкі афіцэры, верасень 1939 года
29 верасня 1939 года польскім часткам (у тым ліку і жаўнерам з Пінску) прыйшлося весці баі супраць падраздзяленняў Чырвонай Арміі ў раёне Шацка. 1 кастрычніка 1939 года палешукі ў бітве пад Вытычна сышліся з часткамі 253-га стралковага палка 45-й дывізіі Чырвонай Арміі. Пры гэтым камандаваў батальёнам Казімір Сасноўскі. Паранены афіцэр быў схоплены жаўнерамі Чырвонай Арміі, быў накіраваны ў лагер у Старабельску, а пазней — расстраляны НКУС у Харкаве ў 1940 годзе. Сцяг 84-га пяхотнага палка палескіх стралкоў стаў бальшавіцкім трафеем.
Жаўнер вермахта з трафейным польскім вайсковым сцягам (54 палку)
У СССР і Расіі
Увесну 1940 года ў адной з савецкіх газет была апублікавана фатаграфія чырвонаармейца, які трымаў у руках той самы сцяг з Пінска. Пад здымкам быў подпіс: «Сцяг 84-га польскага стралковага палка, захоплены байцамі Чырвонай Арміі». Таксама паведамлялася, што трафейны сцяг быў перададзены ў Музей Чырвонай Арміі ў Маскве. А да гэтага штандар пабываў на выставе савецкіх трафеяў Вераснёўскай кампаніі 1939 года, арганізаванай у Кіеве. У Маскве сцяг 84-га палка палескіх стралкоў знаходзіўся да 1992 года. Падчас візіту першага прэзідэнта незалежнай Польшчы Леха Валенсы ў Маскву ў пачатку 1990-х гадоў, расійскі бок перадаў яму некалькі рарытэтаў, у тым ліку і шматпакутны сцяг з «Пагоняй». Сёння штандар палескіх стралкоў знаходзіцца ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве.
Выстава польскай трафейнай вайсковай тэхнікі ў Кіеве, 1940 год. Тут быў выстаўлены і сцяг 84-га палку палескіх стралкоў
…За гераізм падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года 84-ты полк палескіх стралкоў у 1966 годзе быў узнагароджаны Ордэнам «Віртуці Мілітары» пятай ступені.