Тры любові Булак-Балаховіча: коні, жанчыны і вайна
Гісторык і выкладчык Цэнтра беларускіх даследаванняў у Варшаве Андрэй Чарнякевіч працуе цяпер над першай у Беларусі біяграфіяй легендарнага генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Рабочая назва — «Айчына замест трафея».
Паводле аўтара, кніга рыхтавалася ўжо некалькі гадоў, але са жніўня «перастала пісацца»... Тым не менш тэкст будзе. Можа, не да юбілею Палескага паходу 1920-га, але будзе. Кніга мае атрымацца навуковай, але чытэльнай. Чарнякевіч не збіраецца ставіць кропкі ва ўсіх пытаннях па Балаховічу. Наадварот, хоча падштурхнуць цікавасць да ягонай асобы.
Спадзяемся, кнігу мы ўсё ж патрымаем у руках у наступным годзе, а зараз дамо некалькі вытрымак з размовы з аўтарам.
Войска як дзяржаватворчы фактар
Мяне заўжды цікавіла пытанне «А што было б, калі?..» Якой была б Беларусь, створаная Балаховічам, калі б Палескі паход скончыўся перамогай? У выпадку БНР мы ўвесь час лічым вайсковыя адзінкі рэспублікі, далічыліся да 12-14 тысяч. Але рэальнага войска не было. Ідэя без войска мае мала магчымасцяў, але і войска без ідэі...
Галоўнай ідэяй Балаховіча было выжыванне ягонага атраду. Калі для гэтага трэба было ісці на службу да некага — ішоў. Калі трэба было ствараць дзяржаву — ствараў, дамагаўся палітычнай легітымнасці. У ягоным выпадку войска магло стаць дзяржаватворчым фактарам. Усё круцілася вакол яго.
Балаховіч і «Самодержец пустыни»
Балаховіч са сваімі хлопцамі падчас Грамадзянскай вайны
У Еўропе цяжка знайсці кавалак зямлі для сваёй дзяржавы — усё вельмі шчыльна. Іншая рэч — дзе-небудзь у Азіі, за Уралам. Барон фон Унгерн, напрыклад, ствараў нешта сваё ў Манголіі. Той самы «Самодержец пустыни». А ў Беларусі як?.. Цікава, што Унгерн з Балаховічам пэўны час служылі разам у атрадзе асаблівага прызначэння яшчэ ў часы Імперыі.
Пасадзіў Юдзеніча ў вагон і адправіў бальшавікам
Пра Балаховіча нібыта шмат вядома, але ці шмат зразумела? Вы ведалі, што Балаховіч, які служыў пад кіраўніцтвам генерала Юдзеніча, у пэўны момант арыштаваў свайго камандзіра? Ведалі. А далей што зрабіў? Пасадзіў у вагон, які дачапіў да цягніка, што ішоў у бок бальшавіцкай граніцы на Юр’еў.
То-бок белага генерала, які кіраваў наступам на бальшавіцкі Петраград, пасадзіў у вагон і адправіў у бок ворага. На смерць. А сам Балаховіч застаўся на эстонскім баку і чакаў грошай. Такі тонкі шантаж. Чым бліжэй да Юр’ева, тым больш дамоваздольным меўся стаць Юдзеніч... І так пакуль эстонская паліцыя і англійская місія не спынілі ўсё гэта, не ўратавалі Юдзеніча.
Як Балаховіч жывую жонку «пахаваў»
Моцны момант Балаховіча — міфатворчасць. Пра яго стваралі міфы, ён сам іх пра сябе ствараў... Напрыклад, з першай жонкай. Захавалася некалькі анкетаў Балаховіча, запоўненых падчас службы ў царскім войску. У першай ён піша «не жанаты». У другой — «удавец». Гэта цікава, бо жонка дажыла як мінімум да сярэдзіны 1920-х. На момант пачатку Першай сусветнай іх шлюб распаўся, але афіцыйна яны не разыходзіліся. Здаецца, дробны момант, але «пахаваць» блізкага чалавека для спрашчэння дакументацыі...
Яшчэ цікавей, што ёсць успаміны пра тую жонку ўжо з 1920-х. Яна жыла недалёка ад бальшавіцкай мяжы, у Лужках. Карысталася вялікім попытам у польскіх афіцэраў КАПу (Корпус аховы памежжа). А праходзіла ў дакументах надалей як «жонка генерала Балаховіча».
Гогаль, Бульба і Сценька Разін
Балаховіч — рэтраспектыўная асоба. У ягоным жыцці чытаюцца адсылкі да гісторыі, літаратуры. Кажуць, улюбёным персанажам будучага генерала быў гогалеўскі Тарас Бульба. Ён нібыта рэканструяваў у сабе вобразы казацкіх атаманаў-бацькаў. Пазнейшыя польскія даследчыкі ўжо перайначылі, маўляў, не Бульба, а Кміціц. Не Гогаль, а Сянкевіч. Але гэта ўжо ідэалогія: у гімназіі малы Балаховіч дакладна чытаў Гогаля, а вось ці чытаў Сянкевіча — невядома.
Дык вось, у 1919-м у Эстоніі ў яго пачаўся бурны раман з нямецкай баранесай, які трываў 2-3 месяцы. Яна стала ягонай другой жонкай. Але найбліжэйшыя афіцэры з атачэння пачынаюць шаптацца за спінай. Маўляў, атаман прамяняў нас на жанчыну! Што робіць Балаховіч? Кідае баранесу. Вось яшчэ адна паралель з атаманамі мінулага — Сценькам Разіным. Калі найбліжэйшае кола робіць закід, важак мае яго абвергнуць.
Адзін конь — адна старонка жыцця
Сапраўдная пасія Балаховіча — коні. У 1920-я яму трэба было напісаць вайсковую аўтабіяграфію, каб пацвердзіць званні і атрымаць пенсію. Ён апісвае свае подзвігі на руска-нямецкім фронце. Часам неверагодныя гісторыі: уварваліся ў лагер немцаў, калі тыя шыхтаваліся на пляцы — узялі ўсіх у палон... Цікава іншае: уся аўтабіяграфія храналагічна будуецца на тым, якія былі ў Балаховіча коні. Ён іх апісвае, ласкава называе па імёнах... Адзін конь — адна старонка жыцця.
У 1920-х у Балаховіча была конегадоўчая фабрыка пад Варшавай. У газеце «Польскае каняводства» міжваеннага часу шмат згадак пра Балаховіча менавіта ў кантэксце коннага спорту, забегаў, выставаў. Коні — ягоная любоў на ўсё жыццё.
Быў гатовы душыць паўстанні ў Афрыцы
Балаховіч разліву 1930-х — гэта класічны партрэт польскага генерала на пенсіі. Але ў 1920-я ён усё яшчэ атаман, гатовы адправіцца са сваімі хлопцамі куды заўгодна. У яго яшчэ было шмат праектаў. Напрыклад, у 1925-м ён сур’ёзна разважаў пра тое, каб паехаць у Афрыку душыць нейкае паўстанне... Нешта сарвалася: не паехаў. Можна параўнаць з французскім Замежным легіёнам ці з ЧВК «Вагнер» — як хочаце. Ён — салдат удачы.
Чалавек безупыннай фантазіі
Пра Балаховіча ўспамінаюць рознае. Усе сыходзяцца на тым, што «бацька» любіў, калі яго хвалілі. Любіў сам сябе хваліць. Мог распавесці пра сябе неверагодныя гісторыі, у якія сам пачынаў верыць. Напэўна, гэта была частка ягонай псіхалагічнай сістэмы. Разам з тым, яго словы ператвараліся ў чын, а чын — у легенду. Уздоўж савецка-польскай мяжы пачатку 1920-х хадзілі легенды пра няўрымслівага Балаховіча, а пасля з’яўляліся ягоныя хлопцы. Легенда ўмомант рабілася рэальнасцю.
Балаховіч — Лукашэнка — Атацюрк
Калі мы прэзентавалі кнігу «Балахоўцы», то гуляліся з параўнаннем Лукашэнка — Балаховіч. Цяпер яно не выглядае прывабным і справядлівым. Любоў да жанчынаў і вусы не робяць людзей падобнымі. Балаховіча з такім жа поспехам можна параўнаць з Кемалем Атацюркам: вусы, папаха, «бацька нацыі»... Або з Чапаевым. Існуе ж версія, што вобраз Васіля Іванавіча спісаны з нашага атамана.
Іншая рэч, што калі б дзяржава Балаховіча ўсё ж рэалізавалася, то яе лёс мог быць даволі драматычны. Ягоны рэжым, дзе на першых пасадах найхутчэй былі б колішнія баявыя таварышы, быў бы ўпісаны ў жорсткія рэаліі міжваеннай Еўропы. А там, асабліва для маладых дзяржаваў, быў характэрны аўтарытарызм. Успомнім Пілсудскага, які пачынаў як тэрарыст, стаў «бацькам нацыі», а пасля — дыктатарам.
Як савецкі «чорны піяр» зрабіў з Балаховіча беларуса
Цікавая эвалюцыя вобразу Балаховіча. Для БССР, зразумела, ён быў бандытам, дыверсантам, пагромшчыкам, агентам. Але і ў БНР да яго ставіліся адмоўна. Увосень 1921-га на канферэнцыі ў Празе, дзе прысутнічалі галоўныя «тузы» БНР, было прызнана не лічыць Балаховіча беларускім дзеячам. Гэта чорная метка. Паўсюдна ён чужы ў беларускіх колах — па абодва бакі мяжы.
Але адбываецца метамарфоза: для савецкай прапаганды Балаховіч — стаўленік беларускіх нацдэмаў. І менавіта гэты вобраз усплывае напрыканцы 1980-х і пачатку 1990-х. З’яўляюцца артыкулы Латышонка, Бяляцкага, Чобата, дзе Балаховіч — нацыянальны дзеяч. Ставяцца помнікі, шыльды, пішуцца вершы і песні. Генерал вяртаецца. Адмоўны вобраз, створаны ў СССР, выстрэльвае праз дзесяцігоддзі ўжо ў станоўчым ракурсе!
Узнікае вельмі цікавае пытанне, актуальнае і цяпер: ці можна быць беларусам па-за межамі беларускага руху? Ці абавязкова атрымліваць пасведчанне «беларускага дзеяча» з рук Зянона Станіслававіча? Ці абавязкова было Балаховічу атрымаць нейкі доказ легітымнасці з рук Луцкевіча?.. Нават улічваючы тое, што этнічных беларусаў у войску «бацькі» была меншасць, яны неверагодна паўплывалі на нашу гісторыю, стварэнне і разуменне беларускасці.
Як пачаць вайну — вядома. А як скончыць?..
Балаховіча атачалі розныя людзі. Авантурысты, казнакрады, асобы неверагоднай смеласці, заплямленыя крывёй, нават садысты... Але што казаць, калі некалькі польскіх прэм’ераў міжваеннага часу пачыналі як тэрарысты. Пра бальшавікоў наогул лепш змаўчаць.
Уявіце сабе 1920-ы. Вайна заканчваецца. Людзі столькі гадоў у крывавым месіве ад Балтыкі да Чорнага мора. Трэба шукаць выйсце, недзе асесці... Але вакол Балаховіча гуртуюцца тыя, хто хоча далей ваяваць. Хто гэта? Людзі вайны. Вядома як пачаць вайну, а як яе скончыць?.. Палескі паход 1920-га ў нейкім сэнсе быў тэрапеўтычнай акцыяй. Польшча такім чынам таксама пазбаўлялася праблемных элементаў.
Тых, хто вярнуўся, пасадзілі ў лагеры для інтэрнаваных. Гэта не лагеры палонных, але таксама не курорт. Балаховіч іх выцягваў. Ён быў зацікаўлены ў тым, каб трымаць пры сабе арганізаваны ўзброены касцяк да сярэдзіны 1920-х. Ягоная антыбальшавіцкая партызанка скончылася толькі ў 1925-м.
Найлепшы еўрапейскі алкаголь — у палявых умовах
Балаховіч піў, але ў меру. Вакол яго былі алкаголікі і марфіністы, ён не забараняў. Але пра яго ў польскі Генштаб пісалі, што не запойны і не залежыць ад гэтага. Прынамсі, на фоне іншых. Ёсць цікавы ўспамін з канца жніўня 1920-га, калі Балаховіч спыніўся на пастой у нейкай вёсцы. Сведку кранула, што для гасцей у палявых умовах ён накрыў шыкоўны стол: срэбраныя прыборы, сурвэткі з вензелямі і... калекцыя найлепшага еўрапейскага алкаголю. Да свайго іміджу Балаховіч ставіўся ўважліва.
Інсцэніроўка смерці?
Паводле афіцыйнай версіі, Балаховіч загінуў увесну 1940-га ў Варшаве. Разам са сваімі хлопцамі бараніў горад ад немцаў, але загінуў не на барыкадах. Паводле распаўсюджанай версіі, падчас сутычкі з нямецкім патрулём: гэта смерць у рыцарскім каноне, цалкам у духу герояў Сянкевіча.
Балаховіч у масавай культуры сёння
А ёсць цікавы ўспамін жанчыны, якая ведала Балаховіча асабіста. Яна апісвае такую сцэну. Ускраек Варшавы. Вечар. Раптам сярод абаронцаў з’яўляецца Балаховіч троху нападпітку разам са сваім сябрам. На месцы працягваюць піць. Размова заходзіць пра тое, што ў такім стане ў такі час па Варшаве генералу хадзіць небяспечна. І тут прагаворваецца версія: добра было б зрабіць інсцэніроўку смерці Балаховіча і знікнуць. Працягу гісторыі няма. Але ідэя ў духу Балаховіча. Містыфікацыя была спосабам яго існавання.
Балаховіч у масавай культуры сёння
Катынскі след у Варшаве
А яшчэ звярніце ўвагу на дату смерці — травень 1940-га. Супадае з расстрэламі ў Катыні. Гэта нібы навідавоку і не бачна. Смерць Балаховіча цалкам упісваецца ў хранаграму знішчэння бальшавікамі польскай вайсковай эліты. Калі б бальшавікі хацелі забіць некага з польскіх афіцэраў, то Балаховіч быў бы першым у спісе. Дастаткова згадаць, як савецкія агенты яшчэ да вайны забілі ягонага брата...
Узнагароды арміі Балаховіча
У 1940-м саветы шчыльна супрацоўнічалі з немцамі. Можна ўявіць, што ў Варшаве таго часу актыўна дзейнічалі агенты савецкай выведкі. Гібель польскіх афіцэраў у Катыні і смерць Балаховіча істотна аслабілі б супраціў палякаў акупантам. Выбіваліся кадры, якія маглі патэнцыйна ўзначаліць падполле. Назваць ягоную смерць выпадковай не выпадае.
Смак жыцця
Нам цяжка ўявіць, што адчуваў Балаховіч у 1939–1940, калі зноў успыхнула вайна. Аналізуючы склад яго характару, можна канстатаваць: амаль 20 гадоў ён быў не пры справе, пакутаваў ад бяздзеяння. Коні, жанчыны, алкаголь... А тут зноў адчуў смак жыцця. Подых вайны. Няхай і зусім ненадоўга.
Алесь Кіркевіч, budzma.by