У Польшчы апраўдалі «Бурага», які ў 1946 годзе спаліў пяць беларускіх вёсак і забіў 79 чалавек
Польскі Інстытут нацыянальнай памяці апраўдаў Рамуальда Райса «Бурага», сцвярджаючы, што ранейшыя высновы Інстытуту аб яго ўдзеле ў генацыдзе этнічна беларускага насельніцтва на Падляшшы былі «хібнымі», піша «Радыё Свабода».
У 2005 годзе следчыя Інстытуту
нацыянальнай памяці, які займаецца камуністычнымі і нацысцкімі злачынствамі
супраць польскай нацыі, зрабілі выснову, што дзеянні камандзіра польскага
антыкамуністычнага падполля Рамуальда Райса (мянушка «Буры») у студзені-лютым
1946 года «мелі
прыкметы генацыду» ў адносінах да праваслаўных беларусаў.
Цяпер Інстытут нацыянальнай памяці, у якім, пасля прыходу да ўлады партыі “Права і справядлівасць” Яраслава Качыньскага, змянілася кіраўніцтва, скасаваў высновы следчых з 2005 года, называючы іх «хібнымі».
Адначасова Інстытут заявіў, што адзіным правамоцным рашэннем у справе «Бурага» з’яўляецца судовая пастанова з 1995 года, якая скасавала смяротны прысуд «Бураму» з 1949 года і рэабілітавала яго, вырашыўшы, што ён у 1946 годзе знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасці, якая прымушала яго рабіць дзеянні не заўсёды адназначныя этычна». А гэта, у святле закону, азначае, што за «Бурым» няма ніякай віны.
У выніку крывавага рэйду аддзелу «Бурага» ў студзені-лютым 1946 года згарэлі, часткова або цалкам, вёскі Залешаны, Волька, Шпакі, Зані, Канцавізна. Загінулі тады ад куль або ў полымі 79 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці ды 30 беларускіх фурманаў, якіх «Буры» перахапіў на шляху свайго крывавага рэйду.