Выйшла абноўленая «Картатэка Сталіна». 10 фактаў пра 60-тысячную базу рэпрэсаваных беларусаў

5 сакавіка 1953 году на сваім лецішчы пад Масквой памёр Ёсіф Сталін. Неўзабаве пасля ягонай смерці прыпыніліся масавыя рэпрэсіі, якія працягваліся некалькі дзесяцігоддзяў.  Да 65-й гадавіны Радыё Свабода падрыхтавала абноўленую «Картатэку Сталіна».

7d422256_2a95_46d8_a852_9eec24d5e6c5_cx24_cy0_cw56_w1023_r1_s.jpg

 
Пра даўні праект Радыё Свабода апавядае Сяргей Дубавец.

1. Дакументы з сакрэтных архіваў КГБ

Гэтыя дакументы — з сакрэтных архіваў КГБ, якія ў пачатку 1990-х на хвілінку прачыніліся і тут жа зачыніліся зноў. Тое, што ўдалося «вынесці», склала аснову «Картатэкі Сталіна».​

2. 60 тысяч біяграмаў рэпрэсаваных людзей

У «Картатэцы» больш за 60 тысяч біяграмаў людзей, рэпрэсаваных паводле палітычных артыкулаў. Колькі такіх было ўсяго, ведае толькі КГБ. У энцыклапэдычным даведніку «Беларусь», які таксама выйшаў напачатку 1990-х, называецца афіцыйная на той час лічба — 600 тысяч.​

3. 4 з 6 абласцей

Геаграфія — уся Беларусь з выняткам Гарадзенскай і Гомельскай абласцей (у матэрыялах, якія мне ўдалося атрымаць, іх не было).

4. 10 год працы

Апрацоўка гэтых матэрыялаў заняла ў мяне 10 гадоў. У 2013 годзе цягам двух месяцаў перад 5 сакавіка мы штодзень публікавалі 1000 біяграфіяў на сайце Радыё Свабода, якія ўласна і складаюць «Картатэку Сталіна».

5. Чэкістаў у якасці ахвяраў няма

«Картатэка» зняпраўджвае тэзу КГБ пра тое, што чэкісты самі найбольш пацярпелі ад рэпрэсіяў. У гэтых спісах чэкістаў у якасці ахвяраў няма.

6. Большасць пацярпелых — вяскоўцы

Абсалютная большасць рэпрэсаваных — вяскоўцы. Пераважаюць мужчыны, але шмат таксама жанчын і дзяцей, прычым жорсткасць пакарання не залежыць ад полу і ўзросту.

7. Крымінальныя справы заводзілі на дзяцей

Дзяцей асуджалі ня як нечых сямейнікаў, а паводле сваёй асобнай крымінальнай справы.

8. Найчасцейшыя абвінавачанні

Найчасцейшыя абвінавачанні, пазначаныя ў «Картатэцы»: антысавецкая агітацыя, контрарэвалюцыйная прапаганда, выказванне тэрарыстычных намераў, удзел у антысавецкай арганізацыі, шпіянаж на карысць Польшчы і Латвіі.​

9. Дзеля чаго я рабіў гэта?

Смерць соцень тысяч — статыстыка, смерць аднаго чалавека — трагедыя. У «Картатэцы» палітычныя рэпрэсіі пададзеныя як трагедыя — смерць і зламаны лёс канкрэтнай асобы. Можа, гэта ваш прадзед ці прабабка? Можа, вы ўбачылі, адкуль яны і адкуль карані вашага роду, вас саміх ці вашых знаёмых? Кожны факт гэтых біяграмаў працягвае жыць у нашым дні, уплываць на сённяшняе жыццё, хоць мы пра гэта найчасьцей і ня ведаем. «Картатэка» раскажа...

10. «Картатэка» застаецца адным з найбольш запатрабаваных праектаў Свабоды

У сакавіку 2013 году «Картатэка Сталіна» стала адным з пераможцаў конкурсу Радыё Свабода для журналістаў РС з розных краінаў свету. Публікацыі «Картатэкі» сталі лідарам праглядаў у топ-20 матэрыялаў сайту Радыё Свабода за 2013 год.
P. S. Праект «Картатэка Сталіна» працягваецца. Праз пяць гадоў пасля публікацыі яна атрымала новае жыццё. На новым сайце stalin-list. org можна скарыстацца адмысловым пошукам, самому ўдакладніць звесткі пра рэпрэсаваных сваякоў ці дадаць новую біяграму.