Адносна трэнераў лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай пачалося міжнароднае расследаванне

Дзеянні трэнераў бягухі Крысціны Ціманоўскай Артура Шумака і Юрыя Маісевіча на Алімпійскіх гульнях у Токіа будуць расследаваць на міжнародным узроўні.

Сумесную заяву пра гэта выдалі ў Манака Міжнародны алімпійскі камітэт, Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя і Таварыства добрасумленнай атлетыкі, піша «Свабода».

Расследаваннем зоймецца Таварыства добрасумленнай атлетыкі, якое даследуе пытанні кшталту ўжывання допінгу, пры падтрымцы Міжнароднага алімпійскага камітэту. Вынікі апублікуюць.

Юрый Маісевіч — галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Артур Шумак — намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Міжнародны алімпійскі камітэт падчас спаборніцтваў у Токіа пазбавіў іх алімпійскіх акрэдытацый за ціск на Крысціну Ціманоўскую, якая публічна скрытыкавала кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму Беларусі за прафесійную некампетэнтнасць.

У часе Алімпіяды ў Токіа Крысціна Ціманоўская скрытыкавала трэнэрскі штаб нацыянальнай зборнай і галіновае ведамства, праз халатнасць якіх некаторыя спартоўцы не трапілі ў Токіа. У выніку атлеты мусілі выступаць у неўласцівых ім дысцыплінах.

Пасля гэтага прадстаўнікі беларускай місіі паспрабавалі дачасна вывезці Ціманоўскую дадому, аднак лёгкаатлетка папрасіла заступніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэту і ў выніку адмовілася вяртацца ў Беларусь, накіраваўшыся ў Польшчу. Там яна заявіла, што мае намер атрымаць спартовае грамадзянства гэтай краіны.

Чальцоў афіцыйнай дэлегацыі Юрыя Маісевіча і Артура Шумака, якія ціснулі на Крысціну Ціманоўскую, дачасна пазбавілі алімпійскай акрэдытацыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: