Ціманоўская выпусціла калекцыю вопраткі па матывах падзей на Алімпіядзе ў Токіа
Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская выпусціла лімітаваную калекцыю вопраткі, прысвечаную падзеям на Алімпіядзе ў Токіа. Пра гэта спартоўка напісала ў сваім акаўнце ў Instagram.
Прынты яна склала з паведамленняў, якія атрымлівала ў сваю падтрымку пасля спробы дэпартацыі з Токіа і пераезду ў Польшчу.
"Сітуацыя, якая адбылася са мной у Токіа, падштурхнула мяне да таго, каб стварыць першую лімітаваную калекцыю, у якой я хачу адлюстраваць усю тую падтрымку, якую я атрымлівала з усяго свету ў самы цяжкі для мяне перыяд", — напісала Ціманоўская.
На вопратцы можна пабачыць фразы be strong, be brave, don't give up, believe in freedom. Па словах спартоўкі, менавіта гэтыя фразы ёй пісалі сотні тысяч людзей, і яна адчувала, што не адна.
"Гэтая калекцыя нарадзілася там у Токіа, і ідэя яе палягае ў тым, каб заўсёды змагацца да канца, ніколі не здавацца і галоўнае быць моцным нягледзячы ні на што", — тлумачыць Ціманоўская.
Бягуха Крысціна Ціманоўская на Алімпіядзе ў Токіа ў сацсетках абурылася тым, што яе паставілі без яе ведама бегчы іншую дыстанцыю. Кіраўніцтва каманды, спрабуючы замяць скандал, хацела сілай адправіць спартоўку ў Беларусь. Аднак Ціманоўская звярнулася па дапамогу да японскай паліцыі і міжнароднай супольнасці. У выніку дзяўчына адправілася ў Польшчу.
Паводле Еўрарадыё