Мікалай Казека ўжо два месяцы знаходзіцца ў бальніцы

Яшчэ ў студзені ў галоўнага трэнера зборнай Беларусі па фрыстайле быў дыягнаставаны каронавірус, паведамляе «Народная Воля».

kazeka.jpg.webp

Мікалай Казека ўзначальвае нацыянальную каманду з 1993 года. Прызнаваўся найлепшым трэнерам года ў Беларусі ў 2014-м і 2018 гадах. Кавалер ордэна Айчыны I, II і III ступеняў.

Пасля выбараў Мікалай Іванавіч адкрыта выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, а ў верасні быў пазбаўлены імянной стыпендыі. У лістападзе знакамітага трэнера не ўзялі на зборы нацыянальнай каманды па фрыстайле.

Вучні Мікалая Казекі заваявалі толькі на зімовых Алімпійскіх гульнях сем медалёў рознай вартасці, у тым ліку чатыры залатыя.

— Шчыра кажучы, не думаў, што з-за каронавіруса можна патрапіць у бальніцу аж на два месяцы, — кажа Мікалай Іванавіч. — Але факт застаецца фактам — менавіта столькі мне давялося праляжаць у бальнічнай палаце. Вельмі цяжка працякала гэтая кавідная пнеўманія.

— Цяпер праходзіце рэабілітацыю?

— Зараз я знаходжуся ўжо ў тэрапеўтычным аддзяленні, мне робяць розныя працэдуры. Наступствы ад каронавіруса маюцца — і даволі сур’ёзныя. Аднаўленне праходзіць складана, таму рэабілітацыя, мабыць, толькі пачынаецца. І, думаю, будзе працягвацца дастаткова доўга.

— У бальніцы ўдавалася сачыць за выступленнямі зборнай Беларусі па фрыстайле? Дарэчы, на нядаўнім чэмпіянаце свету нашы мужчыны-фрыстайлісты паказалі найгоршы за апошнія 30 гадоў вынік, а каманда наогул засталася без медалёў…

— Сачыў, безумоўна, і, на жаль, казаць пакуль няма пра што. Тут патрэбны аналіз і веданне таго, што адбывалася ўнутры каманды.

— Многія такое няўдалае выступленне звязваюць з вашай адсутнасцю ў зборнай…

— Магчыма, не без гэтага, хаця насамрэч цяжка меркаваць. Але было бачна, што напрацоўкі ў зборнай былі добрыя, але да галоўнага старту каманда падышла ў разваленым стане.