Нягеглыя. Тры беларускія клубы з чатырох вылецелі з футбольных еўракубкаў

Беларускія футбалісты прадказальна правальваюць чарговы еўракубкавы сезон. Ён ледзьве распачаўся, а з трох айчынных клубаў у гульні застаецца толькі адзін. І тое толькі дзякуючы турнірнай сетцы.

20220727234043.jpg

28 ліпеня Лігу канферэнцый пакінулі барысаўскі БАТЭ і мінскае «Дынама».

Барысаў саступіў турэцкаму «Коньяспору» — 0:2 (першы матч — 0:3). Дынамаўцы зноў прайгралі ізраільскаму «Хапаэлю» з Беэр-Шэвы — 0:1 (1:2).

27 ліпеня сышоў з дыстанцыі «Гомель», які двойчы капітуляваў перад грэчаскім «Арысам» — 1:5 і 1:2.

Працягвае барацьбу толькі салігорскі «Шахцёр», але гэта аніяк не сведчыць пра паспяховасць каманды. На старце Лігі чэмпіёнаў салігорцы саступілі славенскаму «Марыбору» — 0:0 і 0:2. І паводле рэгламенту, спусціліся ніжэй па сетцы — у Лігу канферэнцый, дзе 4 і 11 жніўня сустрэнуцца з румынскім «Клужам».

Такім чынам, пераможнай у гэтай еўракубкавай кампаніі для беларусаў застаецца толькі дуэль сталічнага «Дынама» са сціплым чарнагорскім «Дзечычам». Мінчукі адолелі суперніка — 1:1 і 2:1.

Гэтыя 2:1 — адзіная пакуль перамога беларускіх клубаў, хаця матчаў згуляна дзесяць. Прайгралі нашы гаротныя футбалісты сем разоў.