Сезон у футболе. Мінскае «Дынама» не выканала запавет Лукашэнкі, перашкодзіў сціплы «Энергетык»

У беларускім футболе амаль скончаны чарговы сезон. У першынстве краіны застаецца згуляць усяго адзін тур, але пэўныя высновы можна зрабіць ужо зараз.

Выснова першая. Чэмпіёнам, хутчэй за ўсё, зноў стане салігорскі «Шахцёр» — трэці раз запар. З канкурэнцыяй у чэмпіянаце па-ранейшаму ўсё кепска: толькі-толькі скончылася суцэльнае дамінаванне барысаўскага БАТЭ, як распачынаецца гегемонія «Шахцёра». Зрэшты, яна можна не зацягнуцца, бо праз санкцыі і вайну галоўны спонсар клуба — камбінат «Белкалій» — пачуваецца не надта заможна, і ўжо ходзяць чуткі, што ў наступным годзе салігорскім футбалістам адчувальна скароцяць харчаванне. А футбол такая справа: вынік моцна залежыць ад бюджэту, на які можна набыць годных гульцоў.

Але тое будзе заўтра, а сёння гарнякі адной нагой ужо на верхняй прыступцы п’едэстала. Яны апярэджваюць бліжэйшага пераследніка на два ачкі, а ў апошнім туры сустрэнуцца са сціплай і нематываванай «Белшынай» з Бабруйску. Цяжка ўявіць, што можа перашкодзіць салігорцам перамагчы, тым больш на сваім стадыёне.

Выснова другая. Сапраўднай сенсацыяй сезона стаў сталічны «Энергетык»-БДУ, які якраз і трымаецца ў турнірнай табліцы за спінай «Шахцёра». Ніжэй за другое месца мінчукі ўжо не апусцяцца, то прынамсі з першым у гісторыі срэбрам іх можна віншаваць ужо зараз.

Спартовыя аглядальнікі ў адзін голас кажуць, што наяўнасць «энергетыкаў» сярод медалістаў — нямы дакор усяму беларускаму футболу. Бо аніякага рэсурсу ў гэтай сталічнай каманды няма — ні гучных імён у складзе, ні грошай у кішэні. «Энергетык» увогуле называюць жабрацкай камандай, і гэта недалёка ад ісціны. Там гуляюць пераважна маладыя хлопцы, груба кажучы, за 500 долараў у месяц. І вось яны надавалі кухталёў багаценькім канкурэнтам.

Адзіны рэсурс гэтага клуба — розум кіраўніцтва і трэнерскага штаба, дзе верхаводзіць вядомы спецыяліст Анатоль Юрэвіч. Ужо некалькі гадоў запар у «Энергетыку» ўмеюць знайсці перспектыўных і амбітных футбалістаў і даць ім чароўны пендаль. І гэтае уменне працаваць з кадрамі, і слушная тактыка і фізічная падрыхтоўка даюць велізарны плён, і на наступны год каманда ўпершыню згуляе ў еўракубках.

Дакор імя «Энергетыка» — гэта фактычна немэтавае выкарыстанне грошай іншымі клубамі. Яны плацяць вялікія заробкі і шчодрыя прэміяльныя, выдаткоўваюць бюджэты на трансферы — і ўсё гэта фактычна вылятае ў трубу. У той час як маладыя «энергетыкі» паказваюць куды болей энергетыкі без аніякіх укладанняў.

Выснова трэцяя. Мінскае «Дынама» не выканае запавет Лукашэнкі. Летась, адкрываючы пасля рамонту стадыён «Дынама-Юні», ён наўпрост сказаў сабраным на мерапрыемства дынамаўцам: «У 2022 годзе вы павінны быць чэмпіёнамі. Вы павінны страсянуць увесь футбол, вось на што я разлічваю».

Страсянуць у клуба не атрымалася ад слова «вапшчэ». Яшчэ не факт, што наогул будзе з медалямі — на бронзу прэтэндуе яшчэ і колішні флагман БАТЭ. У абедзвюх каманд аднолькавая колькасць ачкоў, апошні тур тут вырашыць усё.

Цікава, што справамі «Дынама» нібыта вельмі апякуецца дзейны міністр спорту Сяргей Кавальчук. Ледзьве, кажуць, не ўзгадняе трансферы і фінансаванне ды выклікае на справаздачы трэнераў. То што сказаць, вынік не здзіўляе. Ён якраз у духу спартыўнах дасягненняў міністра Кавальчука. Алімпіяду ў Токіа беларусы правалілі, здабыўшы гістарычны мінімум медалёў, то і дынамаўцы традыцыю бадзёра падтрымалі. Адметна, што ў апошнім туры ім гуляць з «Энергетыкам» — тым самым, якому яны нядаўна «ўляцелі» ў адкладзеным матчы з ганебным лікам 1:4. Што сказаць, якое кіраванне, такая і гульня. Засталося высветліць, што будзе клубу і яго куратарам за невыкананне волі галоўнага футбаліста краіны.

Выснова чацвёртая. Чэмпіянат — гэта, канечне, добра, але цалкам у беларускім футболе справа па-ранейшаму дрэнь. Еўракубкі клубы правалілі, агульнымі высілкамі здабыўшы адну-адзіную перамогу ў дванаццаці гульнях. Зборная ў Лізе нацый таксама села ў лужыну — наогул абышлася без перамог і заняла апошняе месца ў сваёй адборачнай групе. Санкцыі дзейнічаюсь: міжнародныя матчы айчынныя майстры вымушаныя праводзіць выключна за межамі Беларусі, дзе, як у верасні ў Казахстане, заўзятары могуць і патроліць банерам пра легендарныя «чатыры пазіцыі, адкуль рыхтаваўся напад».

Ну і галоўнае: няма аніякага прасвету, аніякага намёку на тое, што нешта тут можа змяніцца да лепшага. Бо няма самага каштоўнага актыву — добрых гульцоў. Такіх, на якіх ходзіць глядач. Якія запатрабаваныя ў прэстыжных лігах Еўропы. Якіх ведаюць за мяжой.

Раней каго-нікога ведалі — гулялі беларусы ў Італіі, Іспаніі, Германіі ды Англіі. А цяпер ужо і Польшча беларускаму футбалісту за шчасце, альбо Венгрыя з Румыніяй.

То хто б ні выйграў медалі па выніках сёлетняга сезону, сутнасці гэта не зменіць. Беларусі футбол усё больш падобны на стратны калгас на забытай перыферыі, і з гэтай дадзенасцю ўсе ўжо звыкліся.

За адзін тур за сканчэння першынства Беларусі верхнія радкі турнірнай табліцы выглядаюць так: «Шахцёр» — 62 ачкі, «Энергетык»-БДУ — 60, БАТЭ і мінскае «Дынама» — па 56. Апошні тур адбудзецца 12 лістапада.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: