Спорт па нядзелях. Футбалісты скончылі чэмпіянат, хакеісты пабіліся на трэніроўцы (відэа)

Апошні тыдзень восені — і апошнія звесткі ад родных спартыўных ніў у тэматычнай рубрыцы «НЧ».

Фота ФК БАТЭ

Фота ФК БАТЭ

Футбол. БАТЭ апярэдзіў мінскае «Дынама»

У Беларусі фінішаваў футбольны чэмпіянат краіны, і аніякіх фанфараў з гэтай нагоды не чутна. Не дзіўна: і цікаўнасць да футболу цяпер не тая, і сам футбол сваёй папулярнасці зусім не спрыяе.

Як кажа адзін вядомы аналітык, сам сябе не пахваліш, ніхто не пахваліць. Ну то лішні раз нагадаем: вынікі сезону ў Вышэйшай лізе мы прадказалі яшчэ ўвесну, калі не прагучаў і стартавы свісток. Што «Шахцёр» зноў стане чэмпіёнам. Што другім скончыць эпапею БАТЭ — акурат сёння тое і здарылася, калі барысаўчане разбамбілі (4:0) у фінальным туры «Віцебск». Што бронза адыйдзе мінскаму «Дынама» — і тут у табліцы таксама карціна маслам. І як не намагаліся дзьмуць супраць ветру брэсцкі «Рух» і «Гомель», не тая ў іх, будзем казаць, «сатурацыя», каб адолець фаварытаў.

«Вылятантаў»-лузераў мы таксама прадбачылі беспамылкова. Імі сталі «Смаргонь», што патрапіла ў Вышэйшую лігу пра чорны ўваход, і рэчыцкі «Спадарожнік», які ўвогуле да фінішу не дажыў. Заўчасна сканаў ад безграшоўя, як цэлы шэраг папярэднікаў накшталт «Гарадзеі» ці магілёўскага «Савіта» са ждановіцкай «Дарыдай». Пры жаданні памяць футбольнай Рэчыцы можна ўшанаваць хвілінай маўчання. Не яна першая, не яна апошняя.

Аднак не ўсе яшчэ інтрыгі вычарпаныя ў футбольным сезоне-2021. Наперадзе нас чакае нешта тыпу суцяшальнага дэсерту — пераходныя матчы за дадатковую пуцёўку ў элітны дывізіён. Яе, згодна з рэгламентам, аспрэчаць мазырская «Славія» і мінскія «Крумкачы». Першая — як трэці з канца клуб Вышэйшай лігі, другія — як трэція ад пачатку ў першай.

І тут, канечне, адразу ўзнікае падтэкст: год таму «Крумкачы» ўжо ўдзельнічалі ў стыкавых гульнях і скандальна саступілі «Слуцку». Чаму скандальна? Бо матчы запомніліся неадназначнымі вердыктамі суддзяў, праз што ў футбольных колах зашамацела вядомае падазрэнне. Маўляў, федэрацыя наўпрост не захацела бачыць у «эліце» самы пратэсны клуб Беларусі, таму Феміда і спрацавала на карысць лаяльных случан. Зараз гісторыя паўтараецца — зноў «Крумкачы», зноў пераходныя гульні, зноў… Зрэшты, нельга не адзначыць, што фаварытамі да гэтых лёсавызначальных матчаў падходзяць мазыране. І нельга выключаць, што з супернікамі яны разбяруцца, так бы мовіць, у рабочым парадку. Карацей, паглядзім — і ўсё ўбачым. А пакуль дадамо, што без аніякіх «стыкаў» у Вышэйшую лігу сёлета патрапілі дзяржынскі «Арсенал» — упершыню ў сваёй кароткай гісторыі, і бабруйская «Белшына» — тытулаваная каманда-«ліфт», якая некалі штогод выйгравала медалі, а зараз бадзяецца паміж першым і другім дывізіёнамі.

Біатлон. Новы сезон — арыентацыя на Пекін

Футбольны сезон скончыўся — біатлонны толькі распачаўся. Усё лепшае, што сёння мае сусветны спорт страляючых лыжнікаў, прыйшло ў рух і развязала доўгую і зацятую спрэчку за Кубак Свету.

Ганна Сола. Фота noc.by.

Ганна Сола. Фота noc.by.

Зразумела, што не абыходзіцца ў гэтай эпапеі і без беларусаў. Так, зоркі ўжо не ззяюць на нашай вуліцы, як раней. Завершылі выступы па ўзросце алімпійскія чэмпіёнкі Дар’я Домрачава і Надзея Скардзіна, але зусім без надзеі беларуская зборная не застаецца. Бо ёсць Дзінара Алімбекава, ёсць Ірына Лешчанка (у дзявоцтве — Крыўко), і ёсць, вядома, улюбёнка айчынных заўзятараў Ганна Сола. Ёсць яшчэ, канечне, і мужчынская частка зборнай, аднак тут перамога даўно ўжо не ночыць. Так сталася, што беларускія хлопцы ў гэтым відзе спорту ўсё болей у ролі статыстаў, і дзяўчатам яны даўно і несуцешна зайдросцяць.

На стартавым этапе КС у шведскім Эстэрсундзе Алімбекава і Сола ў прынцыпе ўзровень трымаюць. На п’едэстал не ўзнімаюцца, але недзе побач фінішуюць. Варта адзначыць, што беларускія заўзятары могуць назіраць за гэтым у наўпроставым эфіры дзяржаўнага тэлебачання. Раней — праз выключэнне БТ з Еўрапейскага вяшчальнага саюза — трансляцыі біятлона на Беларусь апынуліся пад пагрозай. Але, як бывае, з міжнароднымі санкцыямі нешта не склалася, і Кубак Свету ў сетцы застаўся.

Што важна ў сувязі з цяперашнім выступам суайчыннікаў на КС — ён адбываецца непасрэдна перад Алімпіядай. Ужо ў лютым Пекін прыме зімовыя Гульні, і біятлон (найперш жаночы) — ці не адзіны від спорта, дзе Беларусь мае рэальныя, а не фантазійныя медальныя амбіцыі. І ўжо таму назіраць за кандыцыямі Ганны Солы і Company цікава.

Хакей. Бойка паміж сваімі в Салігорску

За гульнямі Кантынентальнай хакейнай лігі, дзе мінскае «Дынама» кідае то ў полымя, то ў холад, зусім мала ўвагі надаецца нацыянальнму чэмпіянату. Так званай экстралізе, сапраўднай «экстры» ў якой менее амаль кожны сезон.

Ну, вядома: якасных гульцоў у турніры бракуе, грошы ўжо не тыя, гледачам такі хакей не асабліва патрэбны. Яшчэ як плэй-оф, то заўзятары могуць завітаць у лядовыя палацы і зрабіць хоць якую касу, а «рэгулярка»… Рэч у сабе, як казалі старажытныя філосафы.

І вось на гэтым бляклым фоне раптам стрэліла інфармацыйная гармата, якой каб не было — то варта было б прыдумаць. На шараговай трэніроўцы салігорскага «Шахцёра» ўсчалася бойка паміж варатаром Ігарам Брыкуном і абаронцам Дзмітрыем Заламаем.

Першы выконваў буліт у вароты другога, але нешта пайшло не так. Прапусціўшы шайбу, галкіпер раз’юшыўся і ў адказ шпульнуў у аднаклубніка сваю цяжкую варатарскую клюшку. Ну і, што называецца, паняслося…

Як няслося, чым скончылася — глядзіце на відэа, мяркуйце самі. А выснова наша тут будзе кароткай. Калі натуральным чынам чэмпіянат не можа падабацца гледачу, то чым не піяр — вось такія рукапрыкладніцкія жарсці? Так бы мовіць, бі сваіх, каб чужыя баяліся — і каб заўзятары глядзелі і пакотваліся з рогату. А там, магчыма, і станам спраў у турнірнай табліцы зацікавяцца.