У футбольнай зборнай Беларусі тры трэнеры захварэлі на COVID-19
Таксама не прыехалі ў нацыянальную каманду адразу 9 гульцоў — імаверна, яны таксама заразіліся каронавірусам.
Зборная Беларусі 8 і 11 кастрычніка сустрэнецца ў адборачных матчах да чэмпіянату свету з камандамі Эстоніі і Чэхіі. Але выходзіць на сустрэчы давядзецца без галоўнага трэнера і двух яго памочнікаў, а ў каманду тэрмінова выклікалі 9 новых футбалістаў, піша «Радыё Свабода».
Галоўны трэнер беларускай зборнай Георгій Кандрацьеў і двое яго памочнікаў, Аляксандр Суліма і Дзмітрый Раўнейка, здалі станоўчыя тэсты на наяўнасць COVID-19, а таму на матчах іх не будзе.
Адразу 9 футбалістаў вывелі са складу каманды напярэдадні матчаў: гэта Сяргей Паліцевіч, Раман Юзапчук, Арцём Рахманаў, Арцём Канцавы, Дзяніс Грачыха, Аляксандар Сачыўка, Мікіта Корзун, Мікалай Золатаў і Максім Швяцоў. Паводле інфармацыі, атрыманай «Трыбунай», толькі ў Швяцова пры гэтым падазрэнні на каронавірус, у іншых афіцыйная фармулёўка непрыезду ў зборную — траўмы.
На замену ім выкліканыя іншыя гульцы, у тым ліку тыя, хто за зборную раней не выступаў.
Кіраваць нацыянальнай зборнай у бліжэйшых матчах будзе Алег Радушка — адзіны з трэнерскага штабу, хто не хворы на каронавірус.
8 траўня беларусы пасля пяці прагуляных матчаў запар будуць спрабаваць набраць пункты ў Таліне з камандай Эстоніі. 11 траўня беларусы сустрэнуцца з камандай Чэхіі на стадыёне ў Казані, дзе вымушаныя гуляць праз санкцыі супраць Лукашэнкі і атачэння, што ўскладняе прыезд замежных зборных у Беларусь.
Акрамя таго, бліжэйшым часам рыхтуецца справаздача Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, у якой арганізацыя абяцае расказаць пра грубыя парушэнні статутаў Міжнароднай федэрацыі футболу (ФІФА) і Еўрапейскай федэрацыі футбольных асацыяцый (УЕФА) з боку кіраўніцтва Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу» (АБФФ).
Справы зборнай Беларусі ў кваліфікацыйнай групе да чэмпіянату свету выглядаюць не найлепшым чынам. У 5 праведзеных у групе сустрэчах зборная перамагла толькі ў адным матчы, у чатырох — саступіла. Дзеля захавання шанцаў на выхад на сусветнае першынство беларусы мусяць перамагаць і Эстонію, і Чэхію. Узначальвае турнірную табліцу зборная Бельгіі, якая і дома, і ў гасцях перамагла беларусаў, прычым у адным з матчаў зрабіла гэта з лікам 8:0.