«Верым, можам, пераможам!» Баскетбалістка Таццяна Ліхтаровіч звярнулася да заўзятараў пасля паўфінала ЧЕ
Мінулым летам дзяўчына падпісала адкрыты ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту.

Фота obl.sport.grodno.by
Сёння ўвечары жаночая зборная Беларусі па баскетболе правяла паўфінальны матч чэмпіянату Еўропы супраць каманды Францыі. Сустрэча завяршылася перамогай тытулаваных суперніц — 61:73.
На афіцыйнай прэс-канферэнцыі пасля гульні беларуская баскетбалістка Таццяна Ліхтаровіч заклікала заўзятараў падтрымаць каманду ў нядзельным матчы за 3-е месца супраць Бельгіі.
«Усім, хто за нас заўзее, — працягвайце. Як я і казала да гэтага: верым, можам, пераможам!», — заклікала Таццяна Ліхтаровіч.
Варта адзначыць, што цягам усяго Еўрабаскету-2021 зборную Беларусі актыўна падтрымліваюць на трыбунах прадстаўнікі беларускай дыяспары з БЧБ-сцягамі. Вельмі негатыўна да гэтага ставіцца кіраўніцтва беларускага баскетболу, што не дзіўна — нацыянальную федэрацыю ўзначальвае Максім Рыжанкоў, першы намеснік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Пры гэтым у складзе каманды ёсць тры баскетбалісткі, якія летась падпісалі адкрыты ліст спартыўнай грамадскасці за сумленныя выбары і супраць гвалту — гэта Таццяна Ліхтаровіч, Аляксандра Тарасава і Ганна Брыч.
Нагадаем, турнір праходзіць у Францыі і Іспаніі.