Знік сайт, дзе спартсмены падпісваліся ў падтрымку Лукашэнкі
Сайта athletes.by, дзе спартсмены падпісваліся пад лістом у падтрымку ўладаў Беларусі (Аляксандра Лукашэнкі), больш не існуе. Замест яго цяпер — звычайны агрэгатар спартыўных навінаў, а перад гэтым некалькі месяцаў ён не працаваў, піша «Еўрарадыё».
Навіны на агрэгатары бяруцца не толькі з дзяржаўных СМІ, але і з недзяржаўных
(нават тых, што прызнаныя «эстрэмісцкімі»). На сайце цяпер ёсць
ролікі па інтэрнэт-маркетынгу, пра анлайн-казіно ў Беларусі і г. д. Падобна на
тое, што грошы на падтрымку сайта скончыліся, і дамен выкупіў нехта іншы, выказвае здагадку «ЕР».
Атрымаўся бясслаўны канец сумнеўнай ініцыятывы, піша выданне.
«У той час калі шмат спартсменаў паставілі подпісы пад лістом супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары, улады арганізавалі «свой» ліст. Ішлі рэпрэсіі, а пад ім падпісваліся спартсмены, трэнеры. Сярод падпісантаў былі чыноўнікі з райвыканкамаў, прыбіральшчыцы спартыўных устаноў і іншыя асобы, якія не мелі дачынення да спорту. А часам спартсменаў у ліст дадавалі і без іх згоды — спартыўныя функцыянеры гналіся за колькасцю», — падсумоваўваюць калегі.