549-ты дзень вайны. Расія зноў робіць стаўку на буратаў, Маскву атакавалі дроны

У пятніцу, 25 жніўня, украінскія войскі працягнулі контрнаступныя аперацыі каля Рабоціна на Захадзе Запарожскай вобласці і прасунуліся наперад. Расійскія ваенкары б'юць трывогу, бо акупанты ў гэтым раёне ваююць без падмацаванняў і ратацыі. Пра гэта гаворыцца ў штодзённым дакладзе Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Аналітыкі адзначаюць, што поспехі УСУ ў раёне Рабоціна пацвярджае ўкраінскі Генштаб. Вядома, што сілы абароны Украіны «дасягнулі нявызначаных поспехаў» на напрамках Наваданілаўка — Навапакроўка (5-13 км на поўдзень ад Арэхава) і Малая Такмачка — Ачаратаватае (9-25 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава).

Адзін з топ-ваенкараў РФ выказаў занепакоенасць адносна здольнасці знясіленых акупантаў абараніць сябе ад нападаў з боку Украіны ў раёне Рабоціна (10 км на поўдзень ад Арэхава). Многія расійскія сілы пад Рабоціна знаходзяцца на перадавой з пачатку ўкраінскага контрнаступлення і змагаюцца з недахопам падмацаванняў.

Аналітыкі адзначаюць, што гэта пацвярджае іх ацэнку аб тым, што акупанты на Захадзе Запарожскай вобласці абараняюцца без ратацыі або значнага падмацавання.


Фота ua.depositphotos.com

Фота ua.depositphotos.com

Разам з тым, як стала вядома, расійцы падцягнулі на Запарожскі кірунак 1,5 тысячы буратаў. Іх раскватаравалі ў адным з населеных пунктаў.

Як паведамляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны ў ранішняй зводцы, расійскія акупанты цынічна працягваюць парушаць нормы міжнароднага гуманітарнага права. Бураты былі размешчаны ў грамадзянскіх будынках, выкарыстоўваючы мірных жыхароў у якасці жывога шчыта.

«Так, у населеным пункце Асіпенкі Запарожскай вобласці 23 жніўня адзначана прыбыццё да 1500 вайскоўцаў расійскіх акупацыйных войскаў бурацкай нацыянальнасці, якія незаконна раскватараваныя ў грамадзянскіх дамах з мясцовымі жыхарамі і на тэрыторыі мясцовай лякарні», — адзначылі ў Генштабе.


Фота ua.depositphotos.com

Фота ua.depositphotos.com

Расійскія акупанты працягнулі наступальныя дзеянні на лініі Купянск — Сватава — Крэменная і прасунуліся наперад. На кадрах з геапрывязкай відаць, што яны прасунуліся на захад ад Кавалёўкі за 14 км на паўднёвы захад ад Сватава, гаворыцца ў справаздачы ISW. Пры гэтым аналітыкі адзначылі, што не выявілі сведчанняў прыбыцця новых расійскіх частак або злучэнняў на Купянскі і Ліманскі напрамкі.

Акрамя таго, эксперты адзначылі, што УСУ працягнулі контрнаступныя аперацыі ў раёне Бахмута. Пры гэтым яны падкрэслілі, што пакуль не назіралі перакідку новых расійскіх сіл у раён Бахмута. «Апошні раз ISW назіраў перакідку новых расійскіх падраздзяленняў у раён Бахмута ў пачатку — сярэдзіне ліпеня, уключаючы 98-ю паветрана-дэсантную дывізію, падраздзяленні спецназа «Ахмат» і неўстаноўленае падраздзяленне БАРС (расійскі баявы рэзерв)», — адзначылі аналітыкі.

Таксама акупанты працягнулі абмежаваныя наступальныя аперацыі на лініі Аўдзееўка — Данецк, але не прасунуліся наперад.


Фота wikimedia.org

Фота wikimedia.org

Расійскія акупанты панеслі значныя страты пры недастатковай падтрымцы на астравах у дэльце Дняпра ў Херсонскай вобласці.

Як адзначае ISW, камандзіры акупантаў ігнаруюць скаргі асабістага складу аб вялікіх стратах і цяжкіх умовах вядзення баявых дзеянняў на астравах Дняпра. Адзін з камандзіраў роты арміі РФ спрабаваў эвакуіраваць сваё падраздзяленне з выспы, але вышэйшае камандаванне загадала спыніць эвакуацыю. Затое на востраў адправілі таго ж камандзіра, а яшчэ дваіх, якія падтрымалі ідэю эвакуацыі, — звольнілі.

Іншыя афіцэры арміі РФ раскрытыкавалі камандаванне за няздольнасць узяць на сябе адказнасць падчас эвакуацыі. Ваенкары раней крытыкавалі ваеннае камандаванне за аналагічныя няўдачы ў баях ля Антонаўскага моста.


Фота Astra

Фота Astra

У ноч на 26 жніўня расійскую сталіцу атакавалі беспілотныя лятальныя апараты. Паведамлялася, што аэрапорты Унукава, Шарамецьева і Дамадзедава зачыненыя на прыём і вылет самалётаў. Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што расійская супрацьпаветраная абарона ў Істрынскім раёне знішчыла адзін беспілотнік. «Папярэдне пацярпелых і разбурэнняў няма. Экстранныя службы працуюць на месцы здарэння», — напісаў ён.

Расійскія медыя пры гэтым распавялі, што пра выбухі паведамляюць жыхары Масквы, а таксама Адзінцоўскага і Істрынскага раёнаў вобласці. Таксама СПА працавала ва Унукаве.

Бліжэй да раніцы з’явіліся паведамленні пра «слуп агню» на паўднёвым усходзе Масквы, але што гэта было, незразумела.

На гэты момант аэрапорты Масквы аднавілі працу.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі аб спыненні атакі БПЛА самалётнага тыпу па аб'ектах на тэрыторыі Масквы і вобласці. «Дзяжурнымі сродкамі СПА беспілотны лятальны апарат знішчаны над тэрыторыяй Істрынскага раёна Маскоўскай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.