622-гі дзень вайны. Як пад Кіевам загінуў памочнік генерала Залужнага?
Загінуламу памочніку галоўнакамандуючага УСУ Генадзю Часцякову гранаты, адна з якіх выбухнула, падарыў яго калега-вайсковец. У таго ў кабінеце ўжо правялі ператрус і канфіскавалі яшчэ дзве гранаты, паведаміў міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка.
Міністр Ігар Кліменка падкрэсліў, што трагедыя ў Чайках пад Кіевам пачынае абрастаць рознай інфармацыяй з «крыніц», таму ён афіцыйна паведаміў пра першыя абставіны трагедыі, якія ўдалося высветліць у выніку першачарговых следчых дзеянняў.
Паводле яго слоў, 6 лістапада ў загінулага маёра Часцякова быў дзень нараджэння. Дадому ён вярнуўся з працы з падарункамі ад калег, якія пачаў паказваць родным.
«Дастаў падарункавую скрыню з гранатамі ўнутры і пачаў дэманстраваць адзін з боепрыпасаў сыну. Гэта былі гранаты новага заходняга ўзору. Спачатку ў рукі боепрыпас узяў сын і пачаў круціць кольцы. Далей вайсковец забраў гранату ў дзіцяці і кальцо, справакаваўшы трагічны выбух», — распавёў Кліменка.
Ён удакладніў, што ў кватэры Часцякова паліцыя знайшла яшчэ пяць такіх гранат. Іх адправяць на экспертызу.
Акрамя таго, праваахоўнікі знайшлі калегу-вайскоўца, які падарыў фатальны падарунак. У яго кабінеце ўжо правялі ператрус і канфіскавалі яшчэ дзве аналагічныя гранаты. Зараз працягваюцца першачарговыя следчыя дзеянні.
«Заклікаю не распаўсюджваць неафіцыйную інфармацыю. Дасудовае расследаванне працягваецца, дачакайцеся афіцыйных высноў следства», — заклікаў кіраўнік МУС.
У той жа час крыніца агенцтва УНІАН у праваахоўных органах удакладніла, што гранаты ўваходзілі ў «падарункавы набор», які на дзень нараджэння Часцякову прэзентаваў калега — палкоўнік Цімчанка. Ён ужо даў праваахоўнікам паказанні пра тое, што сам вырашыў зрабіць такі падарунак, паклаўшы ў драўляную скрынку бутэльку віскі «Black Label» і шэсць гранат.
Гэта пацвердзілі і трое сведак, пры якіх палкоўнік уручаў падарунак. Адзначаецца, што падчас гэтага Цімчанка нават сказаў Часцякову: «Цябе здзівіць цяжка — таму дару баявыя гранаты і бутэльку добрага віскі».
Суразмоўца мяркуе, што Часцякоў успрыняў гэта як жарт, таму што пасля забраў дзяцей са школы і пачаў разбіраць з імі падарункі. Ён падумаў, што ў скрынцы не баявыя гранаты, а чаркі спецыфічнай формы.
Дарэчы, Цімчанка дзве гранаты пакінуў сабе. На прадастаўленым крыніцай фота відаць, як яны выглядаюць.
Трагедыя ў Чайках пад Кіевам адбылася ўвечары 6 лістапада. У адной з кватэр жылога комплексу прагрымеў выбух, у выніку якога загінуў вайсковец, а яго сын атрымаў цяжкія раненні. Пасля стала вядома, што загінулы — памочнік галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага Генадзь Часцякоў. Паліцыя пачала расследаванне па факце яго гібелі і незаконнага абыходжання з боепрыпасамі.
Смерць свайго памочніка пазней пракаментаваў і сам Залужны. Паводле яго слоў, Часцякоў святкаваў дзень нараджэння, а ў адным з падарункаў спрацавала невядомае выбуховае прыстасаванне.
Тым часам у СМІ распаўсюджваліся тэорыі пра тое, што выбухоўку падкінулі ў адзін з падарункаў Часцякова. Аднак крыніцы ў праваахоўных органах паведамілі, што з верагоднасцю 99,9% яго смерць — трагічны выпадак з-за выбуху гранаты.
Учора расійскія войскі засяродзіліся на штурмах па трох напрамках — больш за 60 з 78 баявых сутыкненняў на працягу сутак адбыліся на аўдзееўскім, мар'інскім і купянскім напрамках.
«За мінулыя суткі адбылося 78 баявых сутыкненняў. На аўдзееўскім кірунку вораг не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. Нашы воіны стойка трымаюць абарону і наносяць ворагу значныя страты. Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Стэпавае, Аўдзееўка, Тоненькае Данецкай вобласці, дзе сілы абароны адбілі больш за 20 нападаў», — паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы
Таксама Генштаб інфармуе, што на мар'інскім кірунку расійцы здзейснілі больш за 25 няўдалых нападаў у раёнах Краснагораўкі і Мар'інкі Данецкай вобласці.
«На купянскім кірунку вораг вёў беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Іванаўка Харкаўскай вобласці і Стэльмахоўка Луганскай вобласці, дзе нашы абаронцы адбілі каля 20 нападаў праціўніка», — гаворыцца ў зводцы.
Пры гэтым на бахмуцкім кірунку УСУ адбілі пяць нападаў акупантаў каля Багданаўкі і Хромава Данецкай вобласці.
На шахцёрскім і запарожскім напрамках войскі РФ вялі беспаспяховыя штурмавыя дзеянні паблізу Старамаёрскага Данецкай вобласці; Чырвонага, Рабоціна і каля Вербавай Запарожскай вобласці. УСУ тут адбілі больш за 10 нападаў. На ліманскім кірунку акупанты штурмавых дзеянняў не вялі.
У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на мелітопальскім кірунку, наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць расійцаў уздоўж усёй лініі фронту.
Як паведамляе Генштаб, на херсонскім кірунку ўкраінскія воіны вядуць контрбатарэйную барацьбу, наносяць агнявое паражэнне па тылах праціўніка.
УСУ працягваюць утрымліваць свае пазіцыі ў адной частцы Крынак (30 км на ўсход ад Херсона), нягледзячы на спробы акупантаў адціснуць іх з усходняга берага Дняпра.
Як паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW) са спасылкай на расійскіх ваенкараў, украінцы таксама адбілі атаку РФ побач з гэтай вёскай.
Паводле слоў аднаго з ваенкараў, украінскія сілы ўзмацнілі кантроль над сваімі пазіцыямі на поўнач ад Падстэпнага (17 км на ўсход ад Херсона).
Акрамя таго, згодна з геалакацыйнымі кадрамі ад 4 лістапада, украінскія войскі падбілі варожы ракетаносец «Аскольд» на суднабудаўнічым заводзе ў Керчы.
Паводле меркавання экспертаў,
расійцам ёсць
ад чаго нервавацца. Украінскія вайскоўцы трымаюць пад кантролем прынамсі тры
плацдармы на левабярэжжы Херсонскай вобласці. Акупанты вымушаны здымаць падраздзяленні з іншых участкаў фронту і ўзмацняць сваю групоўку на
левым беразе Дняпра.