Ад палявання на вядзьмарак да палявання на Трампа

Канфлікт паміж праціўнікамі і прыхільнікамі Трампа набыў фармат рэлігійнай вайны.

_92376651_mediaitem92376648_1.jpg

Мінулы тыдзень апынуўся вельмі напружаным для прадстаўнікоў нячыстай сілы. Вядзьмаркі і чараўнікі ў ЗША і іншых краінах правялі рытуалы з мэтай адхі­ліць ад пасады Дональда Трампа. Адначасовы сеанс магіі выглядаў наступным чынам: з надыходам ночы прапаноўвалася спаліць фота Трампа на аранжавай свечцы, спяваючы пры гэтым: «Хай будзе так!»

Напэўна, першая спроба зваліць Трампа за кошт чараў аказалася няўдалай. Інакш бы чараўнікі ні заявілі, што маюць намер праводзіць свае рытуалы зноў і зноў, аж да таго часу, пакуль Трамп не пакіне прэзідэнцкую пасаду.

На першы погляд, усё гэта выглядае медыя-жартам або рэкламным шоў з мэтай прыцягнуць увагу да сваёй бізнэс-карпарацыі. Але на самай справе тут ёсць сур’ёзны падтэкст. Нездарма акцыю з аранжавай свечкай асвятлялі вельмі аўтарытэтныя заходнія СМІ.

Справа ў тым, што эрозія хрысціянскай ідэнтычнасці сярод амерыканцаў кампенсуецца за кошт іншых культаў, у тым ліку паганскіх. Лепшай ілюстрацыяй, безумоўна, служыць папулярнасць Хэлоўіна, які, паводле сацыёлагаў, нават на постсавецкай прасторы імкліва становіцца «народным» святам.

Акрамя таго, касцяк аматараў нехрысціянскіх культаў складае актыўная частка грамадства. Напрыклад, вобраз вядзьмаркі папулярны сярод феміністак. Апошняе шмат у чым тлумачыцца некаторымі аспектамі амерыканскай гісторыі — доўгі час кожную грамадска актыўную жанчыну вінавацілі ў занятках чорнай магіяй.

Таму палітызацыі нячыстай сілы трэба было чакаць, што і давялі апошнія прэзідэнцкія выбары. Падчас выбарчай кампаніі лагер паганцаў радыкальна падзяліўся. Супраць Трампа выступілі жанчыны-феміністкі з Сусветнай арганізацыі вядзьмарак (World Ad-Hoc Association of Witches). Аднак і Трамп не застаўся без падтрымкі магаў. Супраць Хілары Клінтан мабілізаваліся мужчыны з групы «Амерыканскія паганцы за Трампа» (American Pagans for Trump), якіх пазней падтрымалі і шматлікія кабеты.

Вядзьмаркі і паганцы не шкадавалі магічных сродкаў, каб дапамагчы сваім улюбёнцам-кандыдатам. Вядзьмаркі масава збіраліся на свае шабашы, каб спяваць чароўныя тэксты, якія павінны былі агарадзіць Клінтан ад нападкаў Трампа і яго прыхільнікаў. На тых шабашах была выцягнутая нават нейкая цуда-зброя пад назвай «астральнае люстэрка», якое павінна было разбурыць розум Трампа. На гэта паганцы адказалі сваімі мантрамі, за кошт якіх Трамп мусіў зрабіць Амерыку вялікай. Асабліва радыкальныя паганцы прамаўлялі асабістыя праклёны на адрас «вядзьмаркі Хілары».

Сюрпрызам кампаніі стала тое, што тэзісы ведзьмакоў зацікавілі піяр-тэхнолагаў. Дэмакраты выцягнулі рашэнне суда 1692 года па справе «жорсткага, сварлівага мужчыны», характар якога, па іх словах, нібыта спісаны з Трампа. Той, аказваецца, валодаў мастацтвам маніпуляцыі і меў кантакты з д’яблам. Нездарма яго павесілі.

Арэнай барацьбы дзвюх фракцый стаў інтэрнэт, дзе пачаліся нежартоўныя баталіі на форумах. У прынцыпе, яны і засведчылі, што амерыканскае паганства — гэта поўная каша ў мазгах. Аматары Клінтан згадваюць, што ў народзе кандыдата ад дэмакратаў празвалі «вядзьмаркай». Небяспеку, якую нясе Трамп, яны аргументуюць наборам банальных фраз пра тое, што трэба ратаваць жывы свет.

У сваю чаргу, аматары Трампа кажуць пра паранармальныя здольнасці свайго куміра са спасылкай, у тым ліку, на апошнія падзеі ў Швецыі. Падчас мітынгу ў Фларыдзе 18 лютага Трамп ляпнуў: «Толькі паглядзіце, што адбываецца ў Германіі! Паглядзіце на тое, што здарылася мінулай ноччу ў Швецыі! Швецыя, хто б мог падумаць?» Паколькі нічога незвычайнага ў тую ноч у Швецыі не здарылася, гаспадар Белага дому імгненна стаў ахвярай прыколаў і здзекаў. Аднак іранізаваць палітыкам і журналістам давялося нядоўга: не прайшло і 48 гадзін, як у Стакгольме сапраўды пачаліся беспарадкі, за якімі стаялі выхадцы з Блізкага Усходу. Наступствамі беспарадкаў сталі не толькі разрабаваныя крамы, пацярпелыя мінакі, спаленыя машыны і запраграмаваны палітычны крызіс, аднак і плёткі пра паранармальны талент прэзідэнта ЗША.

Няма ніякіх сумневаў, што кампанія вядзьмарак — праціўніц Трампа выклікае парытэтную рэакцыю яго сімпатыкаў. Між тым, у незвычайную спірытуальную вайну ўцягнуліся і хрысціяне. Так, амерыканская арганізацыя «Хрысціянскі нацыянальны альянс» абвясціла дзень малітвы, калі ўсе павінны стаць «жаўнерамі Хрыста» і прачытаць адпаведную малітву, якая разбурыць чары праціўнікаў Трампа. Цяжка сказаць, чые малітвы і праклёны ў выніку будуць эфектыўнейшымі. Відавочна адно: за акіянам ідзе дынамічная палітызацыя грамадства, якая захоплівае практычна ўсе формы паўсядзённай актыўнасці.