Аднолькавыя палавыя храмасомы дазваляюць жанчынам жыць даўжэй за мужчын
Аўстралійскія навукоўцы з Універсітэта Новага Паўднёвага Уэльса на падставе дадзеных аб 229 відах жывёл, ад насякомых да сысуноў, статыстычна пацвердзілі гіпотэзу пра ўплыў палавых храмасом на адрозненне ў сярэдняй працягласці жыцця паміж мужчынам і жанчынай. У прыватнасці, яны тлумачаць, чаму жанчыны (з храмасомным наборам XX) у сярэднім жывуць даўжэй мужчын (XY).
Здагадкі аб тым, што дзве аднолькавыя палавыя храмасомы ў жанчын спрыяюць большай працягласці жыцця, бо іх уладальніца атрымлівае рэзервовую копію захаваных на гэтай храмасоме генаў, выказваліся і раней. У жанчын выпадковым чынам актывуецца толькі адна з двух Х-храмасом у кожнай клетцы. У выніку шкодная мутацыя ў адной з Х-храмасом не закране ўсе клеткі і, такім чынам, яе ўплыў будзе зніжаны. У самцоў жа ёсць толькі адна Х-храмасома, і любыя шкодныя мутацыі, якія яна змяшчае, паўплываюць на арганізм.
Зараз гэта вырашылі праверыць на іншых відах жывёл. Сітуацыя, пры якой самкі маюць храмасомны набор XX, а самцы — XY, характэрная для пераважнай большасці сысуноў. Але ў рэптылій і птушак выкарыстоўваецца супрацьлеглая сістэма: дзве аднолькавыя палавыя храмасомы ўласцівыя самцам, а розныя — самкам. Храмасомныя наборы ў гэтым выпадку абазначаюцца ZZ (у самцоў) і ZW (у самак).
Даследнікі выявілі, што ў птушак і іншых жывёл, самцы якіх маюць дзве аднолькавыя палавыя храмасомы, самцы ў сярэднім жывуць на 7,1% даўжэй, чым самкі. А ў відаў, дзе аднолькавыя палавыя храмасомы маюцца ў самак, самкі жывуць у сярэднім на 20,9% даўжэй, чым самцы. У цэлым жа асобіны з аднолькавымі палавымі храмасомамі, няхай гэта будуць самкі з XX або самцы з ZZ, жывуць у сярэднім на 17,6% даўжэй, чым тыя, у каго дзве розныя палавыя храмасомы ці толькі адна палавая храмасома.
Навукоўцы кажуць, што ступень разрыву ў працягласці жыцця можа адлюстроўваць іншыя фактары — напрыклад, тое, што самцы, як правіла, падвяргаюцца большай рызыцы, калі гаворка заходзіць аб абароне тэрыторыі, канкурэнцыі за сэксуальнага партнёра, якія не часта сустракаюцца ў самак. «Наша даследаванне паказвае, што няпарная палавая храмасома з’яўляецца асноўным генетычным фактарам, які можа ўплываць на працягласць жыцця, але многія знешнія фактары могуць уплываць на працягласць жыцця рознымі спосабамі, такія як драпежніцтва, рызыкоўныя паводзіны, абарона ўчастка і доступ да якаснага харчавання», — кажа адзін з аўтараў працы Зоі Хірікостас (Zoe Xirocostas).
Каментуючы вынікі калегаў, прафесар Стывен Аўстад (Steven Austad), спецыяліст па праблемах старэння з Універсітэта Алабамы, лічыць, што тэорыя пра ўплыў аднолькавых палавых храмасом на працягласць жыцця сапраўды выглядае разумна. «Я думаю, што гэта адыгрывае пэўную ролю ў разуменні палавых адрозненняў у працягласці жыцця, але гэта, вядома, не адзіны фактар», — сказаў ён, дадаўшы, што як рызыкоўныя паводзіны, так і бацькоўскія ролі таксама служаць важнымі фактарамі. «Напрыклад, самцы начных малпаў жывуць даўжэй самак, і ў гэтага віду самцы адыгрываюць вялікую ролю ў доглядзе за дзіцянятамі», — дадаў ён, адзначыўшы, што ў такіх самцоў дзве розныя палавыя храмасомы.
Паводле Pro Science