Амаль палова расіян хоча адправіць перасяленцаў з Данбаса дадому
Меркаванне расіянаў адносна палітыкі ў дачыненні да ўкраінскіх перасяленцаў з Данбаса змянілася. Пра гэта паведамляе прэс-служба Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі, спасылаючыся на вынікі апытання.
Так, прыкметна скарацілася доля расійцаў, якія выказваюцца за забеспячэнне прыезджых з Украіны ўсім неабходным і стварэнне спрыяльных умоў пражывання (з 50% у ліпені да 40% у верасні гэтага года).
А пра тое, што варта адправіць бежанцаў назад ва Украіну, як толькі для гэтага складуцца спрыяльныя абставіны, кажуць 45% апытаных (у ліпені гэтага года — 39%).
Адначасова 7% выказваюцца за спыненне прыёму бежанцаў на расійскай тэрыторыі і хуткую адпраўку тых, хто ўжо прыбыў, назад.
Усерасійскае апытанне праведзена 20-21 верасня. Апытана 1.600 чалавек у 130 населеных пунктах у 42 абласцях, краях і рэспубліках Расіі. Статыстычная хібнасць не перавышае 3,4%.
Нагадаем, па дадзеных ААН свае дамы ва Украіне пакінулі больш за мільён чалавек, з якіх больш за чвэрць мільёна перасяліліся ў іншыя вобласці Украіны.