Міхаіл Касьянаў: Праз год Расію чакае жудасная інфляцыя і эканамічны калапс
Былы кіраўнік урада Расіі Міхаіл Касьянаў заявіў у інтэрв’ю нямецкаму часопісу Focus, што праз год у Расіі можа здарыцца эканамічны калапс: «Калі санкцыі будуць заставацца ў дзеянні, а цэны на нафту працягнуць падзенне, то фінансавыя рэзервы Расіі скончацца праз паўгады».
«Пуцін ужо ратуе «Раснафту» сродкамі дзяржбюджэту, затым яму прыйдзецца ратаваць і іншыя канцэрны. Таму трэба будзе друкаваць грошы. А гэта значыць — інфляцыя, курс рубля будзе падаць, узровень жыцця зніжацца. Я лічу, што калапс адбудзецца праз год, — упэўнены экс-прэм’ер-міністр. — Цалкам магчыма, гэта будзе азначаць канец сістэмы Пуціна». «Магчыма, сістэму можна змяніць, правесці датэрміновыя выбары ў Дзярждуму і рашучыя змены ўнутры ўладных колаў», — працягнуў Касьянаў.
Таксама Касьянаў дадаў, што ўжо цяпер у Расіі наспявае незадаволенасць Пуціным: «Хутка эканамічная сітуацыя будзе настолькі дрэнная, што людзі зменяць сваё стаўленне да Пуціна». Санкцыі Захаду ў дачыненні да РФ за ўкраінскі крызіс, у сваю чаргу, з’яўляюцца слушнымі і могуць прымусіць кіраўніцтва Расіі адмовіцца ад анэксаванага паўвострава Крым. «Захаду ні ў якім разе не варта аслабляць санкцыі, бо гэта можа быць успрынята Пуціным як прыкмета слабасці», — дадаў экс-прэм’ер.