Амерыканскія кангрэсмены заклікалі МАК адкласці зімовыя Алімпійскія гульні ў Кітаі
На думку двухпартыйнай групы Кангрэсу ЗША, у адваротным выпадку гульні 2022 года будуць праходзіць на фоне жахлівых парушэнняў правоў мусульман-уйгураў у Кітаі, паведамляе «Свабода».
Са зваротам у Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК)
звярнулася група прадстаўнікоў Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША.
У лісце, накіраваным у пятніцу, утрымліваецца заклік
адкласці Алімпійскія гульні 2022 года ў Пекіне ў сувязі з працягам рэпрэсій супраць мусульман у Кітаі, у прыватнасці, супраць мусульман-уйгураў, якіх
улады краіны прымусова адпраўляюць у лагеры для «перавыхавання».
«Мы не бачылі сведчаньняў таго, што МАК распачаў
якія-небудзь крокі, каб зрабіць ціск на ўрад Кітаю, каб ён змяніў свае
паводзіны, — гаворыцца ў звароце. — У адваротным выпадку МАК створыць негатыўны
прэцэдэнт, які палягае ў тым, што дзеянні ўрадаў краін, якія прымаюць
Алімпійскія гульні, не будуць прымацца пад увагу міжнароднай супольнасцю».
У двухпартыйную групу падпісантаў ўваходзяць сенатар Джэф
Мэрклі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Джым Макговерн (Дэмакратычная партыя), а
таксама сенатар Марка Рубіё і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Крыс Сміт
(Рэспубліканская партыя).
Аўтары звароту падкрэслілі, што ў кампетэнцыю МАК
уваходзіць перанос Алімпійскіх гульняў. Так, напрыклад, летнія Алімпійскія
гульні 2020 году ў Японіі былі адкладзеныя з прычыны пандэміі COVID-19.
Паводле звестак праваабаронцаў, з 2016 году ўлады Кітаю
змясцілі ў лагеры каля мільёна уйгураў і прадстаўнікоў іншых пераважна
мусульманскіх меншасцяў.
У Кітаі заявілі, што цэнтры створаныя «для прафесійнага
навучання і для барацьбы з рэлігійным экстрэмізмам».
У адміністрацыі Джо Байдэна кажуць, што не плануюць
забараняць амерыканскім спартсменам удзельнічаць у Гульнях у Пекіне, аднак маюць
намер выпрацаваць агульны падыход да гэтага пытання з саюзнікамі.